У ДОБРЫ ШЛЯХ, 98-ы!

 

3 кастрычніка, у дзень адкрыцця 98-га тэатральнага сезона, адбылася прэс-канферэнцыя для журналістаў, прысвечаная гэтай падзеі. На пытанні прадстаўнікоў СМІ адказвалі дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Юлія Харкевіч, рэжысёр-пастаноўшчык Андрэй Жыгур і вядучы рэдактар Алесь Замкоўскі. Ён і адкрыў прэс-канферэнцыю і агучыў тое, што зроблена.

 

Вынікі і падзеі мінулага сезона

А.Замкоўскі:
– У мінулым сезоне тэатр імя Якуба Коласа выпусціў 7 прэм’ер. У верасні юны глядач убачыў дзіцячую казку Васіля Ткачова паводле апавядання Дзмітрыя Маміна-Сібірака «Шэрая Шыйка». У кастрычніку дарослы глядач пазнаёміўся з гогалеўскімі персанажамі са спектакля «Вытанчаны падман» па п’есе «Гульцы» (рэжысёр Андрэй Жыгур). Да дня нараджэння тэатра і юбілея народнага паэта Беларусі Якуба Коласа выйшла пастаноўка «Дзеці. Вёрсты» Арцёма Казюханава паводле творчасці Песняра (рэжысёр Інэс Амамі). У красавіку гледачы ўбачылі доўгачаканую прэм’еру спектакля «Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага (рэжысёр Ніна Обухава). А ў чэрвені ў рэпертуары тэатра з’явілася камедыя становішчаў – «Фанцікі» па п’есе Рэя Куні «Смешныя грошы» (рэжысёр Андрэй Жыгур). У рамках «Славянскага базара ў Віцебску» на тэрыторыі музея-сядзібы «Здраўнёва» адбылася прэм’ера драматычнага твора «Ілля Рэпін. Здраўнёўскія замалёўкі» (рэжысёр і мастак Андрэй Жыгур).

 

 

Падзеяй стаў удзел (у кастрычніку мінулага года) коласаўцаў са спектаклем «Ваўкалак» у Міжнародным тэатральным фестывалі «Смаленскі каўчэг». Па выніках фестывалю ў намінацыі «Лепшая сцэнаграфія» пераможцай аб’яўлена мастак-пастаноўшчык спектакля «Ваўкалак» Юлія Карымава. Спецыяльным прызам прадзюсара фестывалю «За яркае рэжысёрскае ўвасабленне этна-нацыянальных традыцый» узнагароджаная рэжысёр-пастаноўшчык спектакля «Ваўкалак» Ірына Цішкевіч. Яна доўгі час служыла ў Коласаўскім тэатры артысткай і рэжысёрам-пастаноўшчыкам. Зараз працуе выкладчыкам у Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў. Удзельнічаў тэатр са спектаклем «Вытанчаны падман» па п’есе Гогаля «Гульцы» ў параўнальна новым тэатральным фестывалі «Умоўна», які праводзіцца ў Полацку, а таксама ў VII Республіканскім фестывалі беларускай драматургіі з пастаноўкай «Метро» па п’есе Аляксандра Савухі. Атрымалі добрыя водгукі крытыкаў. Бралі ўдзел коласаўцы і ў фестывалі па-за межамі Беларусі. Ён называўся «Пагаворым пра каханне» і праводзіўся ў Новашахцінску Растоўскай вобласці. Спектакль «Гульня ў джын» па п’есе Дональда Лі Коўбэрна, паказаны там, быў удастоены дыплома «За лепшы акцёрскі дуэт». Апрача спектакля пра Рэпіна, тэатр паказаў у межах «Славянскага базару ў Віцебску» і спектакль «Дзеці. Вёрсты». А яшчэ ў гэты час на базе тэатра працавала тэатральная лабараторыя з удзелам студэнтаў і навучэнцаў спецыяльных навучальных устаноў Масквы, Мінска, Віцебска, а таксама артыстаў-коласаўцаў.

 

Пра творчыя планы коласаўцаў

З адказам на гэтае пытанне журналістаў у асноўным адказала дырэктар тэатра Юлія Харкевіч, а дапоўніў яе рэжысёр-пастаноўшчык тэатра Андрэй Жыгур.

Ю.Харкевіч:
– Зараз рыхтуецца да выпуску спектакль «Саня, Ваня, з імі Рымас» па п’есе Уладзіміра Гуркіна. 15 лістапада павінна адбыцца прэм’ера. Рэжысёр-пастаноўшчык - заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў. У снежні плануем паказаць спектакль «Нібыта хворы» па камедыі Мальера. Рэжысёрам выступае даволі вядомы ў Віцебску Сяргей Талкач. Раней ён актыўна працаваў у нашых спектаклях у якасці харэографа. У снежні, як заўсёды, пакажам навагоднюю казку для дзяцей і іх бацькоў. Назва яшчэ не зацверджана, таму агучваць яе пакуль не будзем.

  

Будзе шмат новых, цікавых прэм’ер і ў наступным годзе. Сярод іх - «Гамлет» Шэкспіра. Над гэтым творам летам гэтага года ў рамках тэатральнай лабараторыі ўжо працаваў з акцёрамі прафесар ГІТІСа Аляксандр Бармак. Ён выявіў жаданне паставіць гэты твор у нашым тэатры ў наступным годзе. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі мяркуем ажыццявіць пастаноўку па аповесці Васіля Быкава «Сотнікаў» (рэжысёр Андрэй Жыгур).

 

Калі казаць пра гастрольныя паездкі, мы ў гэтым месяцы едзем у Брэст, дзе пакажам тры нашыя пастаноўкі. Дарэчы, мы нядаўна выступілі там, на Міжнародным тэатральным фестывалі «Белая вежа» са спектаклем «Дзеці. Вёрсты». А ў лістападзе Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі адпаведна прыедзе з гастролямі ў Віцебск. Будзем актыўна працаваць па вобласці. Цяжэй з аддаленымі раёнамі, асноўная геаграфія паездак – гэта Полацк, Наваполацк, Лепель, Орша, Гарадок. Фактычна мы там штомесяц паказваем нашы спектаклі.

А.Жыгур:
– Мы добра ведаем Вячаслава Грушова па яго ранейшых пастаноўках. Напрыклад, «Пазычанае шчасце» многа год ідзе на нашай сцэне і ўвесь час карыстаецца глядацкім поспехам. Таму і ўключылі п’есу «Саня, Ваня, з імі Рымас» у план з тым, каб паказваць яе не толькі ў тэатры, але і вывозіць на раёны. Хацеў бы яшчэ адзначыць, што тэатральная лабараторыя, якую мы заявілі летась, у гэтым годзе яшчэ больш пашырэла і па працягласці, і па колькасці ўдзельнікаў. Амаль усе, хто пабываў у нас раней, сёлета прыехалі зноў.

 

Чаму не «Несцерка»?

Прагучала пытанне, чаму гэты сезон адкрываецца не спектаклем «Несцерка», а прэм’ерай.

Ю.Харкевіч:
– Спектакль «Несцерка» нікуды не знік. Ён будзе абавязкова паказаны. І адбудзецца гэта 21 лістапада, на дзень нараджэння тэатра. Ёсць нашы ўнутраныя абставіны, чаму на адкрыццё сезону паказваецца іншы спектакль.

 

Трупа будзе папаўняцца

Журналістаў таксама цікавіла, якія змены адбываюцца ў трупе, ці будзе яна папаўняцца новымі кадрамі.

А.Жыгур:
– Некаторыя артысты сышлі, але гэта ў асноўным было іх асабістае рашэнне. Новых пакуль не ўзялі, калі не лічыць тых навучэнцаў Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў, якія ўжо працавалі ў нас на чвэрць альбо палову стаўкі. Яны ўсе застаюцца ў штаце і далей. Адзінае, што іх забіраюць на вайсковую службу. Але спадзяюся, што пасля яе праходжання гэтая моладзь да нас вернецца. Разам з тым шукаем новых артыстаў. Гэта запатрабаваныя спецыялісты, якіх цяжка знайсці.

А.Замкоўскі:
– Дарэчы, добра спрыяе папаўненню тэатра новымі, маладымі кадрамі і штогадовы гарадскі конкурс «Школьны тэатр». У свой час у тэатр прыйшлі цікавыя і даволі паспяховыя артысты. Напрыклад, той жа Яўген Бераснеў, які ў многіх нашых спектаклях выконвае з поспехам цэнтральныя ролі.

 

Ю.Харкевіч:
– А пастаноўку школьнага тэатра сярэдняй школы №45 «Выбар» мы таксама заўважылі і адзначылі на гарадскім конкурсе. Што дало нам падставу запрасіць кіраўніка калектыву Канстанціна Ганчарова паставіць гэтую п’есу ўжо на коласаўскай сцэне. І сёння вы ўбачыце яе прэм’еру.

Мы віншуем усіх супрацоўнікаў Коласаўскага тэатра і яго адданых прыхільнікаў
з адкрыццём новага, 98-га, тэатральнага сезона
і зычым творцам новых яскравых пастановак, нечаканых адкрыццяў, грунтоўных дасягненняў,
а гледачам – новых прыемных сустрэч з сапраўдным мастацтвам.

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X