У АНАСТАСІІ РЭЎЧАНКА - КРЫШТАЛЬНАЯ КВЕТКА

Анастасія Рэўчанка, артыстка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, узнагароджана прызам Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная кветка». Узнагароджанне адбылося 27 сакавіка, у Міжнародны дзень тэатра, у Мінску ў Доме Дружбы.
Яшчэ падчас вучобы ў Віцебскім каледжы культуры і мастацтваў на курсе педагога Уладзіміра Мядзведзева маладую артыстку заўважыў тагачасны дырэктар — мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Анісенка.
Мінулым летам Анастасія збіралася паступаць у акадэмію мастацтваў, але заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Юрый Пахомаў прапанаваў ёй сыграць галоўную ролю ў спектаклі па п’есе «Гэтыя вольныя матылькі» амерыканскага драматурга Леанарда Герша. У выніку за гэтую дэбютную ролю Джыл у спектаклі, які атрымаў назву «Дарослыя дзеці», Анастасія Рэўчанка і атрымала «Крыштальную кветку». Актрыса стварыла яскравы і запамінальны вобраз легкадумнай дзяўчыны, паказаўшы яе наіўнасць, непасрэднасць, лёгкасць у словах, да якой з часам прыходзіць разуменне: за свае ўчынкі трэба адказваць. Спектакль актыўна паказваецца ў тэатры, у тым ліку і на маладзёжную аўдыторыю.
Убачыць Анастасію Рэўчанка на сцэне Коласаўскага тэатра вы можаце ў наступных ролях: Кураня («Залатое сэрцайка» С.Навуменка), Наташа («Афінскія вечары» П.Гладзіліна), Аркадзія (Каша) («Белы анёл з чорнымі крыламі» Дз.Балыка), Валерыя («Пазычанае шчасце» Ф.Палачаніна), Яна («Калісь глядзеў на сонца я…» - аповяд пра Максіма Багдановіча), Джульета («Рамэа і Джульета» У.Шэкспіра), Марыца («Доктар філасофіі» Б.Нушыча), Фэры Мэй («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка), Вера («Апошнія» М.Горкага).
Добавить комментарий