ТВОРЧАЯ СУСТРЭЧА З НАРОДНАЙ АРТЫСТКАЙ СВЯТЛАНАЙ АКРУЖНОЙ
13 чэрвеня чытальная зала Віцебскай гарадской цэнтральнай бібліятэкі імя М.Горкага была перапоўнена наведвальнікамі. У госці да чытачоў завітала народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі «За духоўнае адраджэнне», вядучы майстар сцэны Коласаўскага тэатра Святлана Арцёмаўна Акружная. Сустрэча была арганізавана Віцебскім грамадскім аб’яднаннем пажылых людзей «Залаты ўзрост», з якім вядомую актрысу звязваюць даўнія і трывалыя сяброўскія стасункі.
На працягу гадзіны Святлана Арцёмаўна распавядала пра свой цікавы творчы шлях, пачынаючы з дзяцінства, з першых сцэнічных крокаў. Вядома, гераіня сустрэчы не абмінула ўвагай сваіх бацькоў, прыгадала свайго педагога па тэатральна-мастацкім інстытуце Дзмітрыя Арлова, які дапамог ёй стаць сапраўднай актрысай. Потым былі першыя і больш познія ролі на коласаўскай сцэне, пра якія Святлана Арцёмаўна ўспамінала з вялікай прыемнасцю. Узгадала таксама работы і ў кіно.
Асобная і даволі сумная старонка ў яе біяграфіі – асабістая трагедыя, звязаная з сынам. Пра гэта і многае іншае – прэм’еры, фестывалі, гастролі, прызнанне ў гледача – Святлана Арцёмаўна напісала ў сваёй кнізе «Всё прожить – и чтобы сердце не разбилось». Як аказалася, удзельнікі сустрэчы – члены аб’яднання «Залаты ўзрост» – чыталі яе. Тым не менш, хоць у кнізе, здаецца, дастаткова поўна паказаны жыццёвы і творчы шлях актрысы, у гледачоў засталіся пытанні, на якія Святлана Арцёмаўна з задавальннем адказала.
А потым была лірычная частка, у якой і сама актрыса, і прыхільнікі яе таленту чыталі вершы, прысвечаныя ёй.
Усе ўдзельнікі і, вядома ж, сама народная артыстка засталіся вельмі задаволены сустрэчай, якая надоўга застанецца ў іх душах і сэрцах.


















Добавить комментарий