ТЭАТРАЛЬНЫ ЛІПЕНЬ ПАЧЫНАЕЦЦА ПРЭМ'ЕРАЙ! ДРАМА-ПЕРААСЭНСАВАННЕ «КАРА-ЦІЦІ-КАРА» («УДОВІН ПАРАХОД»)

30.05.2025

2 і 4 ліпеня (19:00) на камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбудзецца прэм'ера спектакля «КАРА-ЦІЦІ-КАРА», пастаўленага па п'есе І.Грэкавай, П.Лунгіна «УДОВІН ПАРАХОД». Рэжысёр Канстанцін Ганчароў, мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра, вызначыў жанр пастаноўкі як «драма-пераасэнсаванне».

Гледачы трапяць у атмасферу маскоўскай камунальнай кватэры, дзе жывуць пяць абсалютна розных жанчын. Анфіса, Вольга, Ада, Панька, Капа. У іх - розныя прафесіі, беды, лёсы, праз якія прайшла навала Вялікай Айчыннай вайны, забрала блізкіх людзей... Суседкі называюць агульнае жытло «Удовін параход».

Галоўная гераіня Анфіса Громава прысвяціла, ахвяравала сваё жыццё сыну Вадзіму, які нарадзіўся і выхоўваўся ў страшныя гады вайны. Але хлопчыку, а потым і падлетку не падабалася гэтая любоў, ён клікаў маці «яна», ставіўся да яе нібыта да трэцяй асобы. «Яна душыць мяне сваёй любоўю» – яго самае частае выказванне. Калі Анфіса памірае, Вадзім вяртаецца ў камуналку, у халодны пакой, дзе адчувае невыносную адзіноту... І ўсё роўна працягвае вінаваціць маці ў сваіх няшчасцях. Лагодныя суседкі накрываюць стол і на памінках стараюцца расказаць Вадзіму тое, чаго ён не ведаў раней. У юнака з’явіўся шанц паглядзець фільм свайго жыцця, убачыць яго быццам збоку, пераасэнсаваць кожны дзень, кожны свой учынак. Галоўнае пытанне ў тым, ці скарыстаецца ён гэтым шанцам...

Першыя паказы спектакля тэатр прысвячае 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. 

І.Грэкава - гэта літаратурны псеўданім Алены Сяргееўны Вентцэль, вядомага савецкага матэматыка, аўтара падручнікаў па тэорыі верагоднасці, доктара матэматычных навук. Яе «матэматычны» псеўданім паходзіць ад назвы дваццаць пятай літары лацінскага алфавіта «Y» (ігрэк). І ніякім чынам не звязаны з карэнным насельніцтвам Балканскага паўвострава. У некаторых выданнях сустракаецца напісанне «Ірына Грэкава», але гэта таксама няслушна.

Адзін з найбольш вядомых яе твораў «Удовін параход» спачатку меў поспех сярод чытачоў, а потым і сярод гледачоў. Створаная сумесна з Паўлам Лунгіным, п'еса-інсцэніроўка спачатку была пастаўлена ў Дзяржаўным рускім драмтэатры Літоўскай ССР (1983), потым - у Тэатры імя Массавета (1984). у 1989 годзе пастаноўка была паказаная як тэлеспектакль. Прэм'ера паўнавартаснага мастацкага фільма адбылася ў 2010 годзе (рэжысёра Станіслаў Міцін). Па выніках апытання тэлегледачоў кінастужка была названая «падзеяй тыдня».

Канешне, І.Грэкава прайшла праз навалу вайны (у блакадным Ленінградзе памёр яе муж), праз выпрабаванні савецкага часу. Таму яе аповесць, у тым ліку і на сцэне, выглядае неверагодна шчымлівай, праўдзівай, шчырай і балючай, як жыццё многіх у акупацыі, у першыя пасляваенныя гады. «Жывучы так доўга разам і побач, нельга заставацца чужымі, і мы не чужыя. Паміж суседзямі ўзнікае адмысловая роднасць, зусім не любоўная, хутчэй сварлівая, але ўсё ж роднасць. Яны сварацца, абражаюць адно аднаго, зрываюць адзін на іншым сваю нервовую злосць — і ўсё ж яны сям'я. Захварэеш — суседзі купяць што трэба, прынясуць, чайнік нагрэюць. Памрэш — суседзі пахаваюць, успомняць, вып'юць», - так пісала І.Грэкава.

Сцэнаграфію і касцюмы спектакля Коласаўскага тэатра стварыла Святлана Макаранка. Музычнае афармленне Міхаіла Рудака. Пераклад п’есы і вершаў на беларускую мову ажыццявіў Алесь Замкоўскі.

У спектаклі занятыя: Святлана Сухадолава / Вікторыя Шамардзіна (Анфіса Громава), Аляксей Анісеня / Ілля Блыкін (Вадзім Громаў), Ніна Обухава (Вольга Флёрава), Святлана Жукоўская (Капа Гушчына), Вольга Куляшова (Ада Ульская), Валянціна Багданава / заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна (Панька Зыкава), Міхаіл Асанаў (Фёдар Громаў, муж Анфісы), Валянціна Багданава / Зінаіда Гурбо (Яўлампія Захараўна, загадчыца Дома дзіцяці), уладальнік медаля Францыска Скарыны Генадзь Гайдук / заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў (Васіль Сяргеевіч, зампаліт), Вадзім Асвяцінскі (Мікалай, сужыцель Панькі).

Узроставае абмежаванне - 16+.

Квіткі – у касе тэатра. Тэлефон 62-63-81.
Рэжым працы касы:
панядзелак-нядзеля – з 10.00 да 19.00,
перапынкі на абед – 12.00-12:30, 15.30-16:00.
Каса працуе без выходных.

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X