ТЭАТР РЫДА ТАЛІПАВА

3 лістапада споўнілася б 70 год выдатнаму беларускаму рэжысёру і тэатральнаму педагогу, мастацкаму кіраўніку Коласаўскага тэатра Рыду Сяргеевічу Таліпаву. Прайшло ўжо нямала часу, як яго няма з намі, але боль гэтай страты і па сёння жыве, прынамсі ў сэрцах усіх яго вучняў, калег-творцаў, у якім бы горадзе і якой краіне яны не жылі б. Рыд Таліпаў ствараў свае пастаноўкі, апроч Беларусі, у Расіі (Бранскі абласны драматычны тэатр імя А.К.Талстога, дзе за спектакль «Анёл мой» У.Малягіна пра Фёдара Цютчава быў удастоены Усерасійскай прэміі імя гэтага вялікага паэта), Польшчы (Люблінскі тэатр імя Астэрвы), Славеніі (у гарадах Крань, Ліственіца, Любляны), Германіі (Карлсруэ), Аўстрыі (Інсбрук). Бадай, і па сёння не знойдзецца ў Беларусі рэжысёра, які быў бы так запатрабаваны не толькі ў сябе на радзіме, але і ў Еўропе.

Пачатак

Нарадзіўся Рыд Таліпаў у Башкірыі, але большую частку жыцця правёў за межамі малой радзімы. Бацька яго да вайны вучыўся ў тэатральным інстытуце, але пасля да прафесіі не вярнуўся, стаў інжынерам. Маці была настаўніцай пачатковых класаў. Лёс закінуў Рыда Таліпава ў Свярдлоўск, дзе ён працаваў слесарам і мастаком-гравёрам на машынабудаўнічым заводзе, потым мастаком-мультыплікатарам на кінастудыі. Вучыўся ў Ніжнекамскім музычным вучылішчы, па класу вакала. Прырода надарыла яго рознабаковым талентам, але ён абраў кар’еру тэатральнага рэжысёра, прафесію, якая спалучае многія галіны мастацкай творчасці і патрабуе рознабаковай адоранасці.

Новы віраж жыццёвага шляху - і Рыд Таліпаў апынуўся ў Мінску (пачуў, што ў беларускай сталіцы адкрываецца музычны тэатр), пачынае працаваць настаўнікам чарчэння і малявання ў школе і прыкладна тады ж, у 1975 годзе набірае сваю першую тэатральную студыю. Заняткі праходзілі ў падвале аднаго з ЖЭСаў, потым студыйцам выдзелілі  клас, а пасля і цэлую спартыўную залу ў суседняй школе. Спектакль «А зоры тут ціхія…» атрымаў адразу некалькі прызавых месцаў на розных конкурсах і нават быў паказаны на сцэне Тэатра юнага гледача. На заняткі прыходзілі і дзеці, і дарослыя. Многія гадаванцы пазней сталі вядомымі артыстамі. А ён на самым піку поспеху раптам з’язджае ў Маскву, дзе паступае на рэжысёрскі факультэт у Шчукінскае, а пазней пераводзіцца ў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва (ГИТИС). Яго выкладчыкамі былі выдатны вахтангавец Яўген Сіманаў, пазней славутыя Анатоль Эфрас, Міхаіл Туманішвілі, Сяргей Арцыбашаў. Дыпломным спектаклем у Рыда Таліпава быў «Кароль Лір». Выпускнікі часцей  абараняюцца дзіцячымі казкамі...

Свой тэатр

Вяртанне ў Мінск не было паспяховым. З групай аднадумцаў яму ўдалося дабіцца згоды аб разгерметызацыі бомбасховішча, дзе пачаліся новыя рэпетыцыі. На аб’яўлены кастынг у аматарскі калектыў прыйшло каля трох тысяч чалавек! У 1989 годзе тэатр становіцца фактычна прафесійным. Гэта быў самы пік студыйнага руху на Беларусі. І тэатр-студыя на плошчы Перамогі была ў самым авангардзе. У свой час ён гастраляваў у Віцебску і меў ашаламляльны поспех. Тады паказвалі сапраўдную класіку тэатра абсурду: «Стрып-тыз» Мрожака, «Картатэку» Ружэвіча, а поруч з імі як быццам традыцыйную «Яму» Купрына. Рыд Таліпаў сцвердзіў і развіў унікальны мастацкі кірунак у сучасным беларускім тэатры,  дзе разам сплаўляліся інтэлектуальны, эмацыйны і духоўны ўзроўні спектакля, узбагачаючы сучаснага гледача новымі ўяўленнямі пра сэнс быцця. Усё гэта дазволіла вызначыць вытанчанае мастацтва рэжысёра як «Тэатр Рыда Таліпава».

Першыя сустрэчы з коласаўцамі

У той жа час у Рыда Таліпава завязаліся добрыя стасункі з коласаўцамі і найперш - з народнай артысткай Беларусі Святланай Акружной. Пазней яны сустрэліся на сцэнічнай пляцоўцы, на рэпетыцыі «Кацярыны Іванаўны». У спектаклі рэжысёр стварыў выдатны акцёрскі ансамбль, але першая скрыпка ў ім належала, вядома, Святлане Акружной. Яна здолела агаліць самыя таемныя бакі жаночай псіхалогіі, прычым рабіла гэта на ўзроўні падсвядомасці, кіруючыся асабліва вытанчанай інтуіцыяй. Рыд Таліпаў падарыў тады віцебскім тэатралам твор, у якім панавала «татальная» прыгажосць. Яго сцэнаграфія – мінімалізм дэкарацый, супрэматычная графічнасць, гульня трох колераў - белага, чорнага, чырвонага - і арыстакратычная жывапіснасць.

Другая сустрэча коласаўцаў з Таліпавым адбылася ў спектаклі «Васа».  Ён даводзіў, што сапраўднага Горкага глядач яшчэ не бачыў, бо за савецкім часам спектаклі па яго творах або забаранялі, альбо рэжысёры наўмысна змякчалі даволі рэзкія акцэнты ў п’есах. У сцэнічнай трактоўцы «Васы» Рыду Таліпаву ўдалося зблізіць Максіма Горкага з яго ідэйным антаганістам Фёдарам Дастаеўскім, у выніку чаго рэжысёр і выканаўца галоўнай ролі Святлана Акружная не выкрывалі гераіню, а ў нечым апраўдвалі , па-чалавечы разумеючы яе. Так, яна рабіла чорны ўчынак, але рабіла гэта, ахвяруючы сваім сумленнем, дзеля дачок, унука. І памірала Васа не з-за хворага сэрца,  а таму што здзейсніла забойства і гэтым самым забіла ў сабе чалавека і жанчыну.

Перамогі, узнагароды

Увогуле на тым этапе Рыд Таліпаў вельмі актыўна звяртаўся да класікі: «Іванаў» Чэхава (тэатр-студыя «Дзе-я?»), «Тарцюф» Мальера (Гродзенскі абласны драмтэатр), «Чайка» Чэхава і «Вечны Фама» паводле Дастаеўскага (Гомельскі абласны драмтэатры). Кожны спектакль быў падзеяй у тэатральным жыцці рэспублікі. У 1996 годзе ён атрымлівае гран-пры на Міжнародным фестывалі «Белая вежа» за спектакль «Стомлены д’ябал» С.Кавалёва, у 2003 годзе прыз «За лепшую рэжысуру» на Міжнародным фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы». У 2001 годзе Рыд Таліпаў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За дасягненні ў галіне тэатральнага мастацтва».

Выдатны педагог

Будучы моцным рэжысёрам, выдатным педагогам, Рыд Таліпаў з 2000 года перадаваў свой вопыт маладому пакаленню ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Ён выпусціў толькі адзін рэжысёрскі курс, але ў Рыда Сяргеевіча хацелі вучыцца ўсе, і гэта зразумела. Апрача ўнікальных ведаў, багатага інтэлекту, інтэлігентнасці, чалавечай абаяльнасці, непадробнага густу і бясспрэчнай творчай інтуіцыі, ён цудоўна валодаў метадам карпатлівай работы з акцёрам і мог перадаць іншым гэтыя асновы.Сярод яго выпускнікоў – рэжысёр-пастаноўшчык Беларускага маладзёжнага тэатра Таццяна Аксёнкіна, драматург, рэжысёр, літаратурны крытык Васіль Дранько-Майсюк, рэжысёр Максім Сохар, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Яўген Іўковіч...

На чале Коласаўскага тэатра

У рашэнні Таліпава ўзначаліць Коласаўскі тэатр было не менш дзёрзкасці, чым паставіць у савецкія гады драму абсурду. Ён ведаў, што ў Віцебску яго не асабліва чакаюць. Як прызнаваўся ён сам, «я еду ў Віцебск не шукаць любові трупы, мяне перш за ўсё цікавіць мастацтва». Рыд Таліпаў, як мог, спрабаваў узняць мастацкую планку, імідж Коласаўскага тэатра. Хацеў набраць новых маладых акцёраў, максімальна загрузіць актыўную частку трупы, у ягоных планах было арганізаваць у Віцебску Міжнародны фестываль нацыянальных тэатраў Еўропы (пры яго аўтарытэце і сувязях гэта было б магчыма). Уражвалі і творчыя планы пастановак: «Маскарад» Лермантава, «Каломба» Ануя, «Візіт старой дамы» Дзюрэнмата, «Жаніцьба» Гогаля, «Бесы» і «Браты Карамазавы» Дастаеўскага, «З каханымі не расставайцеся»  Валодзіна… Рыд Таліпаў паспеў выпусціць толькі «Мудрацоў» Астроўскага і «Квартэт» Харвуда – вельмі дастойныя па мастацкаму ўзроўню работы. Пачаў працаваць над п’есай з вельмі сімвалічнай назвай – «Брама неўміручасці» Кандрата Крапівы. А потым – заўчасная смерць...

Што застаецца пасля нас? Пасля мастакоў – карціны, пасля кампазітараў – музычныя творы. Значна складаней дзеячам тэатра. Спектакль - такая з’ява, што жыве сёння і зараз. Іншым разам, у сумятэчы будзённасці, мы забываем пра тых, хто ствараў беларускі тэатр, хто стаў часцінкай яго гісторыі. Ужо даўно не працуе сайт Рыда Таліпава, які абяцалі захоўваць яго сябры, але… На жаль, так і не выйшла кніга таксама заўчасна памерлага тэатральнага крытыка Вячаславы Грыбайлы, прысвечаная творчасці Майстра. Ёсць толькі рукапіс, але хто яго выдасць? А яшчэ, у дадатак, фотаздымкі, нешматлікія відэазапісы , пажоўклыя газетныя выразкі. А яшчэ – памяць.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка