ТЭАТР «НА ПАЎДНЁВЫМ ЗАХАДЗЕ»: «МЫ ПРАПАНУЕМ ГЛЕДАЧУ АБСАЛЮТНА АДКРЫТУЮ ІГРУ»

Вось і завяршыўся XXVIII Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Шмат прыемных сустрэч ён падараваў віцебскаму гледачу, найперш з вядомымі артыстамі. На сцэне Коласаўскага тэатра выступілі некалькі выдатных творчых калектываў Расіі, сярод іх Маскоўскі тэатр «Эрмітаж», Дзяржаўны драматычны тэатр на Васільеўскім з Санкт-Пецярбурга. А найбольшую ўвагу гледача прыцягнуў наш даўні сябар – Маскоўскі тэатр «На Паўднёвым Захадзе».

Гэты тэатр прыязджае штогод, і віцябляне ўжо азнаёміліся са значнай часткай яго рэпертуару і паспелі яго палюбіць. А яго заснавальнік, народны артыст Расіі Валерый Беляковіч, які, на жаль, два гады таму пайшоў з жыцця, паспеў паставіць на коласаўскай сцэне спектакль «Рамэа і Джульета», які карыстаўся вялікай папулярнасцю. Тут яго добра памятаюць. Таму, мабыць, невыпадкова ў дні фестывалю адбылася сустрэча артыстаў гэтага калектыву з коласаўцамі.

Адкрываючы яе, вядучая, мадэратар фестывалю Марына Жук заўважыла,  што нашыя стасункі – гэта творчае ўвасабленне сяброўства народаў Беларусі і Расіі. На сустрэчы выступілі заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі Карына Дымант і артыст, рэжысёр, сцэнарыст Алег Анішчанка. Віцебскі глядач бачыў яго ў ролях Іраіды Сямёнаўны з «Бабы Шанель» М.Каляды, Доктара Зубрыцкага з «Дурняў», Суцяшальнага з «Гульцоў» М.Гогаля, Герцага Міланскага з «Даеш Шэкспіра!» В.Беляковіча паводле «Двух веронцаў», ён жа ажыццявіў пастаноўку «Гульцоў», якіх летась бачылі віцебскія тэатралы. Карына Дымант вядомая жыхарам Віцебска па вобразах Арманды Бежар з «Кабалы святош» М.Булгакава, Раісы Захараўны з «Кахання і галубоў» В.Гуркіна, Соф’і з «Дурняў» Н.Саймана.

Удзельнікі сустрэчы даведаліся шмат цікавых і незвычайных фактаў пра іх сталічных калег.

Факт першы. Артысты трупы (ва ўсякім разе мужчыны) настройваюць сябе перад выхадам на сцэну… смехам. Гэта адбываецца міжвольна, але так яны трапляюць у патрэбны стан.

Факт другі. Спектаклі ў тэатры рыхтуюцца вельмі хутка, цягам аднаго,  рэдка двух месяцаў. Рэпетыцыі артыстам не аплачваюцца. Паколькі адпаведнага пакоя ў тэатры няма, яны могуць быць нават начамі.

Факт трэці. Артысты з’яўляюцца самі для сябе рэквізітарамі, бывае што і касцюмерамі. Яны павінны дасканала рухацца, спяваць і таньчыць, інакш трапіць у трупу няма аніякіх шанцаў.

Факт чацвёрты. Спектаклі ў тэатры  спісваюцца вельмі рэдка. У рэпертуары захоўваецца на сённяшні дзень 46 назваў, некаторыя з іх ідуць толькі раз у сезон.

Факт пяты. Мужчыны ў тэатры іграюць жаночыя ролі, а вось жанчыны мужчынскія – не. Адзін з артыстаў нават паставіў рэкорд, ён сыграў за сваю творчую біяграфію ў тэатры… 11 жаночых роляў.

Факт шосты. Білеты на спектаклі тэатра ў Маскве раскупляюцца за тры месяцы наперад.

Ходам сустрэчы дэманстраваліся фотаздымкі са спектакляў, якія суправаджаліся цікавымі каментарамі удзельнікаў сустрэчы. Асаблівае здзіўленне выклікаў той факт, што некаторыя з касцюмаў пашылі для сябе самі акцёры.

Прагучала многа пытанняў ад вядучай сустрэчы і ад коласаўцаў.

– Як вы мацуеце сябе энергетыкай, якую несяце са сцэны?

– Тэатр – гэта вельмі «куражная», радасная справа. Энергетыка тут паўсюль. Ты ж працуеш з прыемнымі табе людзьмі. А глядзельнай зале толькі дасі крыху энергіі, і яна зараджаная. Мы заўсёды ўцягваем гледача ў адкрытую гульню, рэагуем на смех, іншую яго рэакцыю і адпаведна самі мацуемся, ужо ад яго. Ён – не сведка, а ўдзельнік той гісторыі, якую мы яму распавядаем.

– Вы ў цудоўнай фізічнай форме, выдатна спяваеце, таньчыце, рухаецеся. Ці ёсць у вас заняткі, адмысловы трэнаж па пластыцы, па вакалу?

– Не, кожны рыхтуецца да выхаду на сцэну індывідуальна.

– Ваш тэатр мае адметнае аблічча, якое стварыў яго заснавальнік – Валерый Беляковіч. Ці ставяць у вас рэжысёры з боку, акрамя Алега Ляушына, цяперашняга кіраўніка тэатра?

– Так, у нас ставяць Міхаіл Беляковіч, Алег Анішчанка, Максім Лакомкін. Але ўсе яны артысты нашага тэатра, выхаваныя на прынцыпах Беляковіча. Рэжысёр, які «размаўляе» на іншай «мове», не змог бы ў нас працаваць. Такія спробы былі. Як нядаўні прыклад, драматург і рэжысёр Пётр Гладзілін пачаў працаваць над сваёй п’есай «ZOOFELLINI», але праз два тыдні адмовіўся, спектакль завяршаў Алег Ляушын.

– Чаму ў вашых спектаклях так актыўна выкарыстоўваюцца святло і дымавая завеса?

– Гэта прыдумаў яшчэ Валерый Беляковіч. Ён адзначаў на нашай сцэне пэўныя светлавыя, «энергетычныя» кропкі, на якія станавіўся акцёр пад час спектакля. На самой справе так ствараецца ігра светлаценяў, якая дазваляе прыбраць побыт. Мы ад яго адмаўляемся наўмысна.

У заключэнне коласаўцы падзякавалі гасцям за цёплую сустрэчу, а госці абяцалі прыехаць  у наш горад будучым летам ізноў і прывезці яшчэ больш спектакляў.

 

 

 

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка