ТАМАРА СКВАРЦОВА. ПАЎСТАГОДДЗЯ НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ

 

Амаль паўстагоддзя заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова прысвяціла служэнню Коласаўскаму тэатру, а калі браць шырэй, то і ў цэлым беларускаму сцэнічнаму мастацтву. Бо маштаб многіх мастацкіх вобразаў, створаных Тамарай Уладзіміраўнай, грунтоўны, нездарма ж яны адзначаны на міжнародным і рэспубліканскім узроўні. За ролю Бабулі з трагікамедыі «Пахавайце мяне за плінтусам» П.Санаева, актрыса атрымала дыплом «За псіхалагічную праўду вобраза ў сцэнічным увасабленні сучаснай прозы» на IV Міжнародным тэатральным фестывалі «Родниковое слово» у Архангельску, прыз «Лепшая жаночая роля» на VI Міжнародным фестывалі камерных і монаспектакляў «LUDI» у Арле, «Залаты дыплом» на Міжнародным тэатральным форуме «Залаты Віцязь» у Маскве.

ПАЧАТАК

Нарадзілася Тамара Скварцова на Случчыне, у вёсцы Бялевічы. Менавіта там прайшлі першыя дзевяць год яе жыцця. Натуральна, што ніякіх тэатраў там не было. Тым не менш бацька Тамары быў вельмі артыстычны чалавек, добра спяваў. Артысткай дзяўчынка адчувала сябе яшчэ з трох-чатырох гадкоў. Хадзіла па суседзях і наладжвала перад імі канцэрты. За гэта яе частавалі цукеркамі і пернікамі. Потым трапіла ў школу-інтэрнат у Нясвіжы, дзе Тамару ўразіла архітэктура, гістарычная атмасфера. А падчас экскурсій у Маскву, Ленінград пабачыла першыя балетныя і драматычныя пастаноўкі. Жаданне стаць артысткай, якое ўзнікла раней, цяпер толькі ўмацавалася.

Па заканчэнні школы паехала паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут. Яе залічылі кандыдаткай. Гэта значыць, што навучацца павінна была без стыпендыі, без інтэрнату. Але гэта было немагчыма, цяжка было б бацькам, якія выхоўвалі яшчэ чатырох дзетак. Таму дзяўчына паступіла ў БДУ на філалагічны факультэт. Там трапіла ў студэнцкі тэатр, якім кіраваў заслужаны артыст Латвіі Аляксандр Озераў. Першая роля, якую яна сыграла, была тэмпераментная пуэртарыканка Аніта ў «Вестсайдскай гісторыі». Спектакль меў шалёны поспех у гледача. Пра яго пісалі ўсе мінскія газеты. Потым была Варвара ў «Навальніцы» Астроўскага, Любка Шаўцова ў «Маладой гвардыі» Фадзеева.

Відаць, гэтыя першыя і даволі ўдалыя спробы і падштурхнулі Тамару да паступлення ў студыю пры тэатры імя Янкі Купалы. Там вучылі выдатныя майстры – народны артыст СССР Леанід Рахленка, Барыс Эрын (на той час галоўны рэжысёр), Зінаіда Браварская, Валерый Раеўскі, Барыс Луцэнка. Падчас вучобы студыйцаў займалі ў масавых сцэнах, а першыя ролі яна сыграла ў спектаклях «Трыбунал» Макаёнка і «Начное дзяжурства» Дзялендзіка. З новым галоўным рэжысёрам, які прыехаў з Масквы (і, дарэчы, сам нядоўга ў Мінску затрымаўся) адносіны не склаліся, а тут на гастролі ў сталіцу прыехаў Коласаўскі тэатр. Маладая актрыса паказалася – і была прынятая ў трупу.

ПЕРШЫЯ РОЛІ НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ

У «Багне» Астроўскага ёй даручылі эпізадычную ролю кухаркі Аксінні, бойкай, вясёлай дзяўчыны. Вядомы тэатральны крытык Юрый Рыбакоў з Масквы на абмеркаванні так адзначыў Тамару Скварцову: «Гэта ваш майстар эпізоду».

Першыя дзесяцігоддзі многа такіх роляў давялося сыграць. Але актрыса з вялікай адказнасцю адносілася да любой працы. У казцы «Жыла-была Сыраежка» сыграла Першую паганку. Спектакль быў вясёлы, дасціпны. Дарэчы, з ім была звязана адна цікавая гісторыя. Актрыса разам са сваім партнёрам па сцэне Аляксандрам Фраловым хаваліся ад маслякоў у вялікі кошык. Усё было добра, пакуль не нарадзіла. А пасля родаў актрыса стала больш важкай. І ў пэўны момант, калі па спектаклю трэба хутка выскачыць з кошыка, адчула, што зрабіць гэта не можа. Партнёр доўга і беспаспяхова спрабаваў выцягнуць яе. Пасля гэтага вырашыла: у кошык больш не залазіць.

Першая вялікая роля была ў камедыйным спектаклі «Жарты» («Конскі партрэт» Л.Родзевіча), дзе актрыса сыграла  Магрэту. Яе гераіня ўвабрала ў сябе тое, што спрадвеку ўласціва простай беларускай жанчыне.

Закранула гледачоў і невялікай роляй Марыі Рыгораўны ў «Блытаных сцежках» Кандрата Крапівы. Тамара Скварцова іграла маці маладога героя, у смерці якога вінавацілі ўрача. Актрыса псіхалагічна дакладна змагла паказаць простую вясковую кабету, якая са смерцю сына, здаецца, страціла і сэнс свайго жыцця, раззлавалася на ўвесь свет, на ўсіх людзей. Праўдзівае непадробнае існаванне Скварцовай не проста мяняла, а ўзрывала і настрой гэтай сцэны, і характар даволі рацыянальнага спектакля.

«ВЫ БУДЗЕЦЕ ІГРАЦЬ ПАСЛЯ САРАКА…»

Больш шырока работы актрысы сталі з’яўляцца ў рэпертуары ў 90-я гады мінулага стагоддзя. У сувязі з гэтым яна любіць прыгадваць прадказальныя словы свайго педагога па студыі Леаніда Рахленкі: «Вы будзеце іграць пасля сарака».

Абсалютнай нечаканасцю, у тым ліку для самой Тамары Уладзіміраўны, стала яе прызначэнне на цэнтральную ролю Агаф’і Ціханаўны ў спектаклі «Жаніцьба» па Гогалю, які ставіў Валерый Маслюк. Традыцыйна яе ігралі больш маладыя актрысы вострахарактарнага камедыйнага плана. Нявеста ў спектаклі коласаўцаў была аднаго ўзросту з Падкалесіным (якога іграў Уладзімір Куляшоў) і ў гэтым, здавалася, быў код да вырашэння спектакля. Рэжысёр хацеў бачыць немаладую пару, якім асабліва патрэбна шчасце, яшчэ больш, чым маладым. Пры важкай камплекцыі гэта жанчына (як яе сыграла Скварцова) як не з гэтага свету, менш за ўсё была падобная да грубай, нявыхаванай купчыхі. І ў гэтым яна была падобная да Падкалесіна-Куляшова з яго безабароннасцю, няўдачлівасцю, непрыстасаванасцю.

 

Асабліва ўражвала сцэна, калі героі заставаліся сам-насам. У іх позірках, бязглуздых рэпліках праглядвала адзінота, непрыкаянасць, жаданне зразумець і палюбіць адно аднаго. І тым самым набываў большую жорсткасць фінал спектакля, калі Агаф’я Ціханаўна з’яўлялася ў шыкоўным белым уборы, увасабляючы тую самую прыгажосць, той ідэал, да якога мы ўсе імкнёмся, а, сустрэўшы, чамусьці палохаемся.

Другая, значная работа актрысы – жорсткая, дэспатычная купчыха Маўра Тарасаўна Барабошава з камедыі Астроўскага «Праўда – добра, а шчасце лепш». Пэўна ж, і яна не пазбаўлена прыстойных чалавечых якасцей (у ёй адчуваюцца былая прыгажосць, розум, абаяльнасць, пачуццё гумару), ды толькі дзікунскае асяроддзе моцна прыціснула іх, ператварыўшы ў супрацьлегласці: розум – у дурасць, прыгажосць – у пачварнасць, гумар – у зласлівасць. Таму іншым часам здавалася, што гэта жывы і даволі прывабны персанаж, а іншы раз – што гэта хадзячая мумія, у якой яшчэ не вынішчаны былы дзявочы страх. За ролю Барабошавай Тамара Уладзіміраўна была ўзнагароджана прэміяй Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.

 

Значнае месца ў творчай біяграфіі Тамары Скварцовай займаюць ролі ў пастаноўках Віталя Баркоўскага. Актрыса зразумела яго і ўвайшла ў кагорту шчырых яго прыхільнікаў. А ён, у сваю чаргу, па-новаму раскрыў індывідуальнасць актрысы на глыбокім філасофскім матэрыяле. Сведчаннем чаму сур’ёзныя набыткі ў яго спектаклях: пані Кранц у «Пісьменных» М.Чокэ, Сцяпанаўна ў «Шагале…Шагале…» і Сваячка ў «Ружы ў чыстым полі» У.Драздова, Іванова са спектакля «…таму што люблю» па п’есе А.Паповай «Дзень карабля», Маргарэт з «Бацькі» А.Стрындберга, Марфа («І смех, і слёзы, і Любоў» паводле У.Набокава). На першы погляд, гэта былі ролі другарадныя, іншым разам нават эпізадычныя, але зусім не гэтым яны вымяраюцца ў творчым лёсе актрысы. Яны выразна пашырылі жанравае поле выканаўцы, яе дыяпазон.

 

 

НА РАЗРЫЎ СЭРЦА І ДУШЫ. РОЛІ АПОШНІХ СЕЗОНАЎ

Сярод вобразаў, створаных у апошнія сезоны, відавочна, галоўнай удачай актрысы з’яўляецца Бабуля з інсцэніроўкі аповесці «Пахавайце мяне за плінтусам», пастаўленай колішнім мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра, заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валерыем Анісенкам. Гэтая роля атрымала шырокае прызнанне як сярод гледачоў, так і сур’ёзнай, аўтарытэтнай крытыкі, у тым ліку і маскоўскай. Галоўны рэдактар усерасійскага часопіса «Театральная жизнь» Алег Півавараў, паглядзеўшы спектакль тут, у Віцебску, прызнаўся, што зараз, нават у Маскве, так ужо не іграюць, на разрыў сэрца і душы.

 

У Бабулі ў выкананні Скварцовай, у адрозненне ад фільма па тым жа творы, пераважвае не тыранія, а бязмерная любоў да ўнука, якая настолькі паглынае ўсё навокал, што ў выніку забівае саму гераіню. Вось што пісала пра гэтую работу актрысы вядомы тэатральны крытык Надзея Бунцэвіч: «Здавалася б, у ролі Бабулі, гэткага сямейнага монстра, можна абысціся і напрацаванымі клішэ — тым больш што ўвасабляць «моцных жанчын са скандальным характарам» Тамара Скварцова даўно прызвычаілася. Але актрыса знаходзіць у сваёй гераіні простыя чалавечыя рысы. Найперш дабрыню, але даведзеную да такога абсалюту, што тая ператвараецца ў сваю супрацьлегласць. Дастаткова паслухаць, як пранікнёна Бабуля спявае калыханку. Спевы для коласаўцаў не ў навіну. Але тое, як мякка гучыць голас Скварцовай, гаворыць пра яе гераіню куды больш, чым «суквецце» нелітаратурнай лексікі, шчодра раскіданай па ўсёй ролі. Актрыса зусім не акцэнтуе тыя выразы, вымаўляе гэтыя словы «мімаходам», быццам паказваючы, што яны – звыклая завядзёнка, а не сутнасць жанчыны, якой насамрэч страшна расслабіцца».

Пазней была графіня Растапчына ў «Афінскіх вечарах» П.Гладзіліна, якая прайшла праз сталінскі ГУЛАГ, але захавала высакароднасць душы, вялікую ўнутраную прыгажосць. Тамара Скварцова яшчэ раз пацвердзіла сваё высокае майстэрства, бо цікава працуе не толькі «ў тэксце», але і па-за ім. Яна выразна падкрэслівае высакароднасць, мудрасць, а перадусім – чалавечнасць, жыццялюбства, спалучаючы гэта са стрыманасцю, тактоўнасцю гераіні. Здаецца, Ганна Паўлаўна не надта спяшаецца ўмяшацца ў сямейны канфлікт, хоць і атрымлівае задавальненне ад магчымасці падцяць свайго зяця. Пэўная адлучанасць ад гэтай рэальнасці прысутнічае ў ёй. Занадта моцна цісне мінулае. І тут рэжысёр уводзіць сцэну-ўспамін, калі брэх сабак, святло ліхтара «пераносіць» яе ў зону, дзе прыгадвае яна (мусіць, невыпадкова?) лагернага канваіра са схільнасцямі садыста, таксама як і зяць, прыхільніка высокага мастацтва.

 

У меладраме «Матылёк… Матылёк…» па п’есе Альда Нікалаі актрыса ў ролі Эдды працуе на кантрастах. У першай палове спектакля перад намі досыць амбіцыйная, ганарлівая, нецярпімая да іншых істота, якая жыве ў прыдуманым ёй жа свеце свайго мінулага. Сваёй хатняй тыраніяй у спалучэнні з пагардай яна здатная давесці да прыхаванай нянавісці сваю ці то служанку, ці то кампаньёнку Фоку. Але ў другой частцы спектакля некалі кінуты ёй у прытулку сын зрывае з яе покрывы, маску – і перад намі ўжо не вытанчаная свецкая ільвіца, што ператварыла сваё жыццё ў суцэльную тэатральную ігру, а вартая жалю старая, што пакутуе ад адзіноты і, быццам тапелец за саломінку, марыць ухапіцца за чыюсьці міласэрнасць. Але жыццё досыць жорсткая рэч, і ў абліччы сына яна набывае не анёла-збаўцу, а суддзю-абвінаваўцу.

 

У 2019 годзе ва ўкраінскім Нікалаеве на XI адкрытым тэатральным фестывалі «Homo Ludens» («Чалавек, што іграе») спектакль быў узнагароджаны дыпломам лаўрэата (спецыяльны дыплом «За культурную дыпламатыю ў рамках XI адкрытага тэатральнага фестывалю «Homo Ludens» («Чалавек, што іграе»)».

Тамара Скварцова ў ролі цешчы і бабулі Мамі ў спектаклі «Восем закаханых жанчын» Р.Тама – узор здаровага сэнсу і жыццялюбства. Нават маленькія заганы гераіні ў яе выкананні выглядаюць прывабна.

 

У ролі Старой са спектакля «Бальніца на краі свету» Х.Бойчава, нягледзячы на невялікі адрэзак сцэнічнага часу, цягам якога актрыса знаходзіцца на сцэне, яна паказвае цэлы жаночы лёс. Відаць, што яна і кахае свайго шалапутнага мужа, хоць пастаянна ўшчувае яго. Асаблівае ўражанне аказвае на гледача фінальная сцэна, дзе героі злучаюцца паміж сабой у нейкай іншай, ужо незямной рэальнасці.

 

У ролі Разаліі Саламены ў спектаклі «Шлюб па-італьянску» паводле п’есы Эдуарда дэ Філіпа яна выкарыстоўвае найперш камедыйныя фарбы для стварэння свайго вобраза. У гэтай ролі, як і ў іншых, актрыса нічым не паўтарае свае ранейшыя работы, уражвае жыццёвай пераканальнасцю і акцёрскай дакладнасцю, паказваючы і непасрэднасць, і хітраватасць, і душэўнасць сваёй гераіні.

 

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
віншуе заслужаную артыстку Рэспублікі Беларусь
Тамару Уладзіміраўну Скварцову
з юбілеем і жадае ёй моцнага здароўя, творчай нястомнасці, новых яскравых роляў.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка