ТАМАРА ШАШКІНА: ПАЎСТАГОДДЗЯ Ў КОЛАСАЎСКІМ ТЭАТРЫ

Амаль паўстагоддзя аддала служэнню коласаўскай сцэне заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Рыгораўна Шашкіна. З яе імем звязаны  незабыўныя старонкі гісторыі тэатра, які зусім хутка адзначыць сваё 90-годдзе. 31 кастрычніка 2016 года яна адзначае сваё 85-годдзе.

Па словах самой актрысы, сапраўднага тэатра ў дзяцінстве яна не бачыла. Але адчуванне сцэны было яшчэ тады, калі спрабавала сябе ў школьнай самадзейнасці. І толькі пазней, у Мінску, дзе вучылася спярша ў палітэхнічным, а потым у бібліятэчным тэхнікумах, пачала наведваць тэатры.  Прыязджаў і Коласаўскі. Менавіта тады дзяўчына ўпершыню пабачыла славуты спектакль «Несцерка» з Аляксандрам Ільінскім, Янінай Глебаўскай, Цімохам Сяргейчыкам.

Тамара Шашкіна адпрацавала два гады ў Мядзелі загадчыцай бібліятэкі і паступіла ў тэатральна-мастацкі інстытут, на курс народнага артыста БССР Дзмітрыя Арлова. Там жа пазнаёмілася і са сваім будучым мужам, Георгіем Дубавым. Ажаніліся ў студэнцкія гады. Дыпломны спектакль «На дне», дзе Тамара Георгіеўна выконвала ролю Насты, а Георгій Савельевіч – Барона, паказвалі ў Маскве.

Першай роляй, сыгранай на коласаўскай сцэне, была Нюрка ў «Дні вяселля» В.Розава. Спектакль карыстаўся ў гледача вялікім поспехам. Потым быў цэлы шэраг лірычных і вострахарактарных роляў: Агнічка («Мінулася кату масленіца» А.Астроўскага), Фінея («Дурнічка» Лопэ дэ Вэга), Беатрычэ («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні), Марына («Улада цемры» Л.Талстога), Соф’я («Зыкавы» М.Горкага).

Складаныя жаночыя характары, якія выяўляюцца ў драматычных і трагічных калізіях, увасобіла актрыса ў спектаклях «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага (Цвяткова), «Трывога» А.Петрашкевіча (Манаева), «Зацюканы апостал» А.Макаёнка (Маці).

У аўтарскім спектаклі Маслюка «Пад сонцам» яна іграла звар’яцелую настаўніцу. Яе гераіня страчвае розум пасля сынавага самагубства і не можа паверыць у незваротнае. Працягвае хадзіць на вясковы прыпынак (а раптам сыночак усё ж прыедзе?), гатаваць яго любімыя стравы. Жыве так, быццам ён ёсць.

І зусім іншая маці. З п’есы Камю «Непаразуменне» (рэжысёр Ю.Лізянгевіч), наймагутны творчы ўзлёт актрысы. Яна выдатна перадала душэўны стан гераіні, здолела яе ўзняць да антычных персанажаў, накшталт Медэі альбо Клітэмнестры.

Цяжка забыць гледачу яе Зою Сяргееўну з «Жыдоў горада Піцера» – вострага, пранізлівага спектакля Барыса Эрына, пастаўленага напярэдадні жнівеньскага путчу ГКЧП. Яе гераіня – жанчына з тонкай душой, прыродным пачуццём годнасці, больш маўчыць на працягу спектакля, але за гэтым хаваецца яе высакароднае супраціўленне хунце ў любым абліччы.

Шэраг цікавых вобразаў стварыла актрыса і ў спектаклях Віталя Баркоўскага. Сярод іх – Клеапатра Пятроўна ў «Плошчы Перамогі» А.Паповай – самаахвярная жанчына, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла мужу-афіцэру, захаваўшы памяць пра яго былыя подзвігі, місіс Уайр з п’есы Уільямса «Дакрануцца вуснамі да нябёсаў», якая пакутліва змагаецца з адзінотай і марна спрабуе стаць для Пісьменніка маці.

Тамара Рыгораўна вельмі сур’ёзна і адказна ставілася да свайго ўдзелу ў спектаклі, нават калі гэта быў невялічкі эпізод. У «Памінальнай малітве» Р.Горына яна іграла састарэлую і крыху не ў сваім розуме маці Менахэма-Мендла, якая з’яўлялася ў фінале спектакля. Яна прамаўляла літаральна адну фразу: «Мяне ў поездзе так трасе!» Але рабіла гэта так, што глядзельная зала ўзрывалася гучнымі апладысментамі. Ці ж гэта не ёсць адзнака выдатнага майстэрства?

Апошняй вялікай роляй для Тамары Рыгораўны стала Лідзія Васільеўна ў «Старамоднай камедыі» А.Арбузава. Былая цыркавая артыстка, а цяпер пацыентка санаторыя, дзе яна сустрэла ў асобе ўрача сваё апошняе каханне. Гэта быў бенефісны спектакль, пастаўлены адмыслова да яе 75-годдзя артыстам і рэжысёрам Вячаславам Грушовым. У гэтым вобразе спалучаліся і лірызм, і  жаночая, чалавечая кранальнасць, і тонкі разумны гумар. А яшчэ была ў спектаклі тая настальгія, туга па артыстах ды тэатру мінулых часоў, якія  ўжо сталі гісторыяй.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка