ТАКОЕ РОЗНАЕ КАХАННЕ... Гастролі Мінскага абласнога драматычнага тэатра.

У Коласаўскім тэатры лістапад пачынаецца з гастроляў. На сцэне нацыянальнага тэатра – артысты Мінскага абласнога драматычнага тэатра з Маладзечна. Тры пастаноўкі – пра любоў, пра каханне. Смешнае, сумнае, доўгачаканае, недасяжнае… Але,безумоўна, вельмі патрэбнае ў жыцці для кожнага – каханне.
Першая ў гастрольных выступленнях – 4 лістапада а 19-й гадзіне – меладрама «СТАРАЯ ЗАЙЧЫХА» Мікалая Каляды. Рэжысёр-пастаноўшчык – Алег Чэчэнеў.
Авантурыстка па натуры, састарэлая актрыса Таня згаджаецца выступіць у вобразе вядомай афрыканскай спявачкі перад «браткамі» правінцыйнага гарадка. Вядома, за прыстойны ганарар. У гасцінічны нумар да яе залятае мясцовы жыхар, быццам прадусар мерапрыемства… Далейшае няхай будзе загадкай для гледачоў. «Што было сапраўднага ў маім жыцці?» - пытаецца адзін з герояў спектакля. Адказаць зможа той, хто паглядзіць меладраму «Старая Зайчыха».
У сучасным тэатры на сцэне можна паставіць што заўгодна. Мінскі абласны драматычны таксама вырашыў паэксперыментаваць, і прапануе гледачам дапаможнік раганосцам «МСЬЕ З РАГАМІ, МАДАМ З ВУСАМІ», які можна будзе «пагартаць» 5 лістапада, у аўторак, а 19-й гадзіне. Рэжысёр – Юрый Вуто спалучыў п’есы знакамітых драматургаў Марсэля Берк'е-Марынье і Анатоля Курбскага ў адну пастаноўку, аздобіўшы яе танцамі. «Чытайце», атрымлівайце задавальненне!
6 лістапада а 19-й гадзіне – «ЛЮБОЎ ПА-ІТАЛЬЯНСКУ». Гэтую трагікамедыю па матывах п’есы Эдуарда дэ Філіпа «Цыліндр» паставіў Заслужаны дзеяк мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталь Баркоўскі. Ён напрацягу доўгага часу быў мастацкім кіраўніком коласаўскага тэатра і вельмі добра знаёмы віцебскаму гледачу.
Каб расплаціцца з крэдыторамі за кватэру Рыта вымушана гандляваць сабой. Яе муж Рудольфа прыкідваецца нябожчыкам – і чарговы кліент у самы адказны момант бачыць яго на ложку і збягае, пакідаючы грошы. Сямейная задумка добра спрацоўвае, пакуль не з’яўляецца ўдавец Атыліа, які гатовы за сваю асалоду заплаціць любыя грошы.
Чакаем вас у коласаўскім тэатры! Сачыце за афішай!
Добавить комментарий