ТАЦЦЯНУ ЛІХАЧОВУ ПРЫВІТАЛІ АПЛАДЫСМЕНТАМІ і ЦЁПЛЫМІ ПАЖАДАННЯМІ

Заўжды прыемна ўзгадваць добрыя моманты! Тэатральная восень у Коласаўскім тэатры распачалася 24 верасня юбілеем вядучага майстра сцэны, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Таццяны Ліхачовай.

Пасля бенефіснага спектакля «Восем закаханых жанчын», які са шчырымі апладысментамі прымалі гледачы, шаноўныя госці шчыра віншавалі Таццяну Уладзіміраўну. За 50 год на коласаўскай сцэне ў яе з’явілася шмат прыхільнікаў і сяброў, шмат паплечнікаў у грамадскай дзейнасці...

Ад імя гарадскіх уладаў Таццяну Ліхачову віншавала начальнік аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Наталля Шыянок. Самыя цёплыя пажаданні выказалі дырэктар Коласаўскага тэатра Юлія Харкевіч і рэжысёр-пастаноўшчык Андрэй Жыгур, актывісты прафсаюзнага камітэта тэатра, вядучыя майстры сцэны Анжаліка Баркоўская, Яўген Бераснеў, прадстаўнікі Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў і вядучы майстар сцэны Валянціна Багданава, беларускі культурны і мастацкі дзеяч, заснавальнік Цэнтра сучаснага мастацтва Віцебска Валянціна Кірылава.

Творчыя падарункі для Таццяны Ліхачовай падрыхтавала Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі на чале з кіраўніком Дзіянай Юрчанка, Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Беларускі тэатр «Лялька», былы калега, артыст Аляксандр Фралоў, асістэнт рэжысёра Святлана Дашкевіч, «хор тэатра» на чале з заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Галінай Букацінай і вядучым майстрам сцэны Наталляй Аладкай.

Напрыканцы віншавальнай часткі Таццяна Уладзіміраўна адкрыта падзякавала гледачам за іх прызнанне.



















Добавить комментарий