СЫШОЎ З ЖЫЦЦЯ АКЦЁР-КОЛАСАВЕЦ, ЗАСЛУЖАНЫ АРТЫСТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ ВІКТАР ДАШКЕВІЧ

У ноч на 31 сакавіка перастала біцца сэрца заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, уладальніка медаля Францыска Скарыны, вядучага майстра коласаўскай сцэны Віктара Мікалаевіча Дашкевіча. Пайшоў з жыцця добры, сумленны, прынцыповы, вельмі адказны чалавек, па-сапраўднаму адданы сцэнічнаму мастацтву, клапатлівы муж і любячы бацька. Ён валодаў выключным талентам – думаць найперш не пра сябе, а пра тэатр, думаць пра сям’ю, пра родных і блізкіх людзей.

Віктар Мікалаевіч Дашкевіч нарадзіўся 3 студзеня 1945 года ў вёсцы Вяціцераўка Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці. Пазней сям’я пераехала ў пасёлак Арэхаўск Аршанскага раёна, дзе і прайшлі дзіцячыя гады будучага артыста. Тэатрам ён захапіўся рана, займаўся ў тэатральнай студыі, якую вяла вядомая актрыса Таццяна Бальшакова. У 1969-м паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, на курс выдатнага рэжысёра і педагога Веры Рэдліх. На выпускным курсе яго клікалі да сябе розныя тэатры, але ён выбраў Коласаўскі, якому прысвяціў усё сваё жыццё.

Першай буйной роляй стаў Палікар Абрагімовіч у знакамітым спектаклі Валерыя Мазынскага «Званы Віцебска» па п’есе Уладзіміра Караткевіча, за якую Віктар Дашкевіч атрымаў дыплом на Рэспубліканскім фестывалі творчай моладзі. У той жа час стварыў шэраг цікавых вобразаў: Мікіта са спектакля «Жарты» паводле беларускіх вадэвіляў, Ерамееў («Летась у Чулімску» А.Вампілава), Мікалай Іванавіч («Стары дом» А.Казанцава), Мікола («Парог» А.Дударава), Арсен («Чужы» Л.Ніканенкі).

На пачатку 1990-га Віктар Мікалаевіч адгукнуўся на прапанову стаць дырэктарам Беларускага тэатра «Лялька». На гэтай пасадзе ён працаваў да верасня 1991 года, вырашаў шматлікія гаспадарчыя пытанні. Але цягнула назад, на коласаўскую сцэну... Найбольш яскравыя ролі, сыграныя ў гэты і больш позні перыяд – Добчынскі і Анучкін («Рэвізор» і «Жаніцьба» М.Гогаля), Альбані («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Цялегін і Сорын («Дзядзька Ваня» і «Чайка» А.Чэхава), Савецкі следчы («От цо да!» С.Яновіча), Пісьменнік («І смех, і слёзы, і Любоў» па У.Набокаву), Чорны («Сон на кургане» Я.Купалы). Акцёр мог злучыць жыццёвую дакладнасць, пераканальнасць вобраза з яркай вонкавай формай на мяжы з гратэскам, калі таго патрабавала рэжысёрская задума спектакля. У 1999 годзе за ролю Мнішака акцёр уганараваны прызам глядацкіх сімпатый на Міжнародным фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы».

Адначасова з акцёрскай працай Віктар Мікалаевіч доўгі час служыў загадчыкам трупы Коласаўскага тэатра, трымаў моцную сувязь паміж адміністрацыяй і артыстамі. Са спектаклямі «Кацярына Іванаўна» і «Шагал... Шагал...» шмат разоў бываў на замежных гастролях і фестывалях. Ён усяго дабіваўся сваёй працай, часам непрыкметнай, але пастаяннай і настойлівай. Заўжды трымаў сябе ў тонусе, шмат чытаў. «У тэатры нельга жыць мінулым, нельга адставаць, – быў упэўнены Віктар Мікалаевіч. – Час дыктуе свае ўмовы гульні».

Сярод вобразаў, створаных у апошнія дзесяцігоддзі, глядач і крытыка асабліва адзначала яго Мамаева ў «Мудрацах» А.Астроўскага, Рэджы ў «Квартэце» Р.Харвуда, Радзівона Мікалаевіча ў «Старамоднай камедыі» А.Арбузава, Дубатоўка ў «Дзікім паляванні караля Стаха» Ул.Караткевіча, Місэна ў «Дурнічцы» Лопэ дэ Вегі, прафесара Райсэра ў «Доктары філасофіі» Б.Нушыча, дзеда Севярына ў «Яшчэ раз пра каханне» В.Шукшына. А са спектаклем «Пазычанае шчасце» ён неаднаразова аб’ехаў многія абласныя сцэны. Коласавец гарманічна адчуваў сябе і ў многіх дзіцячых спектаклях.

Віктара Мікалаевіча заўсёды шчыра прымалі гледачы, не шкадавалі апладысментаў і кветак... Ягоныя акцёрскія здабыткі неаднаразова былі адзначаны высокімі ўзнагародамі: медаль Францыска Скарыны, нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», Ганаровая грамата Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь, дыплом Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.

3 студзеня 2020 года Віктар Мікалаевіч Дашкевіч адзначыў 75-годдзе. І вось за акном набірае сілы віцебская вясна, а шчыры коласавец ужо не з намі... Ён сышоў у вечнасць, каб адтуль, з нябёсаў, назіраць, як развіваецца яго родны тэатр, ахоўваць яго, верыць у лепшае.

Бывайце, шаноўны, дарагі Віктар Мікалаевіч!
Памяць пра Вас назаўсёды застанецца ў сэрцах коласаўцаў і ўсяго Віцебска.

Комментарии

Выказваем спачуванне жонцы і сям'і па прычыне адыходу з зямнога жыцця Віктара Мікалаевіча Дашкевіча. Дзякуем Богу за Яго чалавечыя якасці і мастацкі талент. Смуткуем з вамі і молімся! Святары касцёла св. Барбары

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА
АЦАНІЦЕ ТВОРЧУЮ РАБОТУ ТЭАТРА НА ПАРТАЛЕ РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                        

 

X