СЫШОЎ З ЖЫЦЦЯ АКЦЁР-КОЛАСАВЕЦ ВАЛЯНЦІН ЦВЯТКОЎ
26 верасня на 69-м годзе пайшоў з жыцця артыст Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, вядучы майстар сцэны Цвяткоў Валянцін Аляксандравіч.
Валянцін Аляксандравіч Цвяткоў працаваў у коласаўскім тэатры з 1974 года пасля заканчэння акцёрскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (кіраўнік курса народная артыстка РСФСР Вера Рэдліх). Гледачу добра запомніліся вобразы, створаныя Валянцінам Аляксандравічам у спектаклях «Званы Віцебска» Уладзіміра Караткевіча (Антоні-Лар Вольха), «Шахматы» Станіслава Граховяка (Чалавек, Дыплом за лепшае выкананне мужчынскай ролі на Усесаюзным фестывалі польскай драматургіі), «Несцерка» Віталя Вольскага (пан Бараноўскі), «Пяць рамансаў у старым доме» Уладзіміра Аро (Леанід), «Танга» Славаміра Мрожака (Эдэк), «Рэвізор» Мікалая Гогаля (Дзяржыморда), «Сёмы подзвіг Геракла» Міхаіла Рошчына (Геракл), «Чайка» і «Вішнёвы сад» Чэхава (Шамраеў і Сімяонаў-Пішчык), «Вежа» Аляксея Дударава і Уладзіміра Някляева (Фрэнк Морган).
Сярод роляў, сыграных акцёрам у апошнія гады, можна вылучыць: Фрэйд («Прывітанне, Альберт!» Ю.Сохара), Сусед («Вельмі простая гісторыя» М.Ладо), Скамейкін («Я чакаю сапраўднага мужчыну» Э.Радзінскага), Стары («Макбет» У.Шэкспіра), Дзед («Пахавайце мяне за плінтусам» П.Санаева).
Быў узнагароджаны (у 2008 годзе) нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».
Памяць пра Цвяткова Валянціна Аляксандравіча, выдатнага чалавека, адданага тэатру артыста-коласаўца назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.
Развітанне з артыстам-коласаўцам адбудзецца 28 верасня, з 11.00 да 13.00, на вялікай сцэне тэатра імя Якуба Коласа.
Добавить комментарий