СВЯТЛАНА МАКАРАНКА: «ЛЮБЛЮ ТЭАТР ЗА ТОЕ, ШТО ГЭТА - ЖЫВЫ АРГАНІЗМ!»

«Люблю тэатр за тое, што гэта – жывы арганізм! А я наогул люблю ўсё жывое: не тэхніку, а кветкі, людзей, жывёл і птушак, а таксама і наш тэатр, які жыве сваім жыццём, развіваецца паводле сваіх творчых законаў. У прынцыпе, у ім ніколі не бывае сумна». Гэтыя словы прызнання ў любові да сцэнічнага мастацтва належаць галоўнаму мастаку  Святлане Макаранка, якая амаль чвэрць служыць Коласаўскаму тэатру. Сёння, 22 сакавіка, яна адзначае адметны дзень нараджэння, упрыгожаны дзвюма пяцёркамі.

Зрэшты, ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве яна не марыла пра тэатр. Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытута ў 1993 годзе збіралася працаваць у абласным краязнаўчым музеі ў аддзеле народнага ткацтва, бо на той час займалася габеленамі. Сустрэча з Валерыем Маслюком, на той час дырэктарам-мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра, які прапанаваў Святлане працу мастака-дэкаратара, вызначыла яе далейшы жыццёвы і творчы лёс. Спярша вырашыла паспрабаваць, потым спадабалася, потым зацягнула  – тэатр жа валодае такой  уласцівасцю: прыцягваць, бы магнітам, да сябе таленавітых, апантаных творчасцю людзей.

Першы спектакль, над якім Святлана Пятроўна працавала ў якасці мастака-сцэнографа, – інсцэніроўка аповесці Васіля Быкава «Пакахай мяне, салдацік!». Рэжысёр Валерый Маслюк паставіў перад ёй складаную задачу: павінна быць пустая сцэна і вайна. Тут яна ўпершыню зразумела, што для тэатральнага мастака галоўным, свайго роду творчым штуршком з’яўляецца ўменне прыдумаць візуальны вобраз будучай пастаноўкі. Замест прыгожай карцінкі Альпаў, дзе адбываецца дзеянне аповесці, у сцэнічным паветры круціліся кольцы, валікі, махавікі. Чаму яны рухаліся, што перамолвалі? Магчыма, людскія лёсы, перакручаныя-знявечаныя вайной?..

Многім работам Святланы Макаранка уласцівы вобразна-асацыятыўны, умоўна-метафарычны, «надпобытавы» характар. Так, у спектакль «Леаніды не вернуцца на Зямлю» паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча мастак увяла вобраз парома, што адарваўся ад берагоў і хістаецца, быццам трэсачка ў віры, шукаючы для сябе якое-небудзь апірышча. Такая сцэнаграфія дапамагае і акцёру–выканаўцу цэнтральнай ролі існаваць у такім жа хісткім тэмпа-рытме. Разам з тым гэты вобраз звязвае розныя часова-прасторавыя пласты, узбуйняе маштаб твора, пашыраючы яго да касмічнага.

Мастацкае афармленне спектакля «Квартэт» па п’есе Рональда Харвуда таксама выяўляе яго канцэпцыю. Сцэнограф Святлана Макаранка стварае ўтульны інтэр’ер сучаснай багадзельні. Па задуме рэжысёра і мастака камфартабельны музычны салон і ёсць тая «залатая клетка» старасці, у якой наканавана дажываць свой век знакамітым артыстам, атуленым клопатамі, але пазбаўленым сувязяў са знешнім асяроддзем.

Адзіны матэрыял, з якім  працуе акцёр у спектаклі «Дзікае паляванне караля Стаха» і які выконвае вобразную, знакавую ролю, – гэта  дошкі. Яны могуць быць і сценамі замка, за якімі хаваецца Надзея Яноўская, і дамавінай, на якую кладуць чарговую ахвяру палявання, і крыжамі, і зброяй, увасабляць разам з конікамі сам вобраз палявання альбо  лясны гушчар.

А вось сцэнічную прастору спектакля «Апошнія» па п’есе Максіма Горкага арганізоўвае вялікі камін, прыцягальны літаральна для ўсіх насельнікаў дому Каламійцавых. За ім - вялікі белы стол, і да яго, як да прыстані, героі збіраюцца на пачатку кожнай дзеі, а таксама ў фінале спектакля, калі ўсіх, быццам патрапілых у нябыт, будзе ціха засыпаць, сімвалізуючы бегкасць няўмольнага часу, абыякавы белы снег.

Святлана Пятроўна выяўляе здольнасць вельмі дасканала працаваць над драматургічным творам, яна грунтоўна вывучае стыль той ці іншай эпохі, каб прафесійна ўвасобіць яе ў сцэнаграфіі і касцюмах будучага спектакля. Асабліва гэта важна пры рабоце над класічнымі творамі, якія апошнім часам усё часцей з’яўляюцца на коласаўскай сцэне. Учора гэта Расія пачатку XX стагоддзя, сёння гэта Іспанія эпохі позняга Рэнесансу. Апошняе будзе рэалізавана ў спектаклі «Дурнічка», прэм'ера якога адбудзецца 20 і 24 красавіка.

Мы віншуем шаноўную Святлану Пятроўну з юбілейным днём нараджэння, жадаем ёй моцнага здароўя, творчага плёну, натхнення і новых яскравых пастановак!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка