СВЯТЛАНА АКРУЖНАЯ Ў ГАСЦЯХ У ШКОЛЬНІКАЎ

Артысты-коласаўцы з задавальненнем прыходзяць на сустрэчы са сваім гледачом. Яны адбываюцца на розных пляцоўках: у бібліятэках, вышэйшых навучальных установах, каледжах, агульнаадукацыйных школах. Асабліва часта такія імпрэзы праходзяць з удзелам народнай артысткі Беларусі Святланы Арцёмаўны Акружной. Вось і нядаўна яна завітала да вучняў, навучэнцаў 9-11 класаў сярэдняй школы № 11 г.Віцебска. У рамках праекту «Ганаруся сваімі славутымі землякамі» адбылася творчая сустрэча з актрысай. Святлана Арцёмаўна шчодра падзялілася сваімі ўспамінамі пра мінулае славутага сцэнічнага калектыву – Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, распавяла пра свой складаны і такі плённы шлях у мастацтве, пра сваіх вядомых калег-коласаўцаў, пра вопыт працы з такімі выдатнымі майстрамі, як Сямён Казіміроўскі, Барыс Эрын, Рыд Таліпаў, Мікалай Пінігін.
Святлана Арцёмаўна вядомая ў рэспубліцы не толькі як актрыса, але і як вядомы грамадскі дзеяч. Старшакласнікам цікава было даведацца пра асаблівасці яе работы ў якасці сенатара – члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Зусім невыпадкова была запрошана Святлана Арцёмаўна менавіта ў гэтую школу. Як аказалася, старшакласнікі напісалі навуковую працу, прысвечаную яе жыццёваму шляху і творчай дзейнасці.
Дарэчы, на будучы месяц запланавана яшчэ адна творчая сустрэча Святланы Акружной. На гэты раз – са студэнтамі і выкладчыкамі Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.
Добавить комментарий