СВЯТЛАНА АКРУЖНАЯ. ПАЎСТАГОДДЗЯ З КОЛАСАЎСКІМ ТЭАТРАМ

 

26 студзеня 2022 года народная артыстка Беларусі, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Святлана Акружная святкуе юбілей.

   

ПАЧАТАК. СТУДЭНЦКІЯ ГАДЫ

Больш за паўстагоддзя таму, летам 1969 года, парог Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа пераступіла маладая, абаяльная, перспектыўная актрыса. Сюды яна была запрошана яшчэ студэнткай 3-га курса Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута на адну з галоўных роляў у спектаклі «Улада цемры» па п’есе Льва Талстога, які ставіў знакаміты рэжысёр Барыс Эрын. У тэатр прыйшла актрыса з цудоўнай падрыхтоўкай, якую ёй даў кіраўнік курса народны артыст Беларусі, прафесар Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў. Ад яго вельмі рэдка можна было пачуць нейкую пахвалу, захопленыя ацэнкі работы студэнтаў, аднак пра Святлану Акружную ён гаварыў: «Гэта эталон, у імя якога можна аддаць жыццё». Тэмперамент ужо тады моцна выявіўся разам са сцэнічнай гнуткасцю, абаяльнасцю і настойлівай дзявоцкай ваблівасцю.

Крыху пазней стала ясна, што яна перасягала і сур'ёзна прэтэндавала на значна большае, чым амплуа «травесці» і «маладых гераінь», на якія выракалі яе псіхафізічныя дадзеныя. Невысокая, тонкая, вытанчана-гарэзная, у тыя часы яна ідэальна падыходзіла на ролі тюгаўскіх персанажаў, хлопчыкаў-гаўрошаў, птушачак-зайчыкаў, дзюймовачак. Але ўжо ў студэнцкія часы (а яна скарыстала гэтыя некалькі гадоў на вельмі грунтоўную адукацыю, і прафесійную, і шырокую гуманітарную) стала зразумелым, што яна перасіліць амплуа, рассоўваючы іх межы і паглыбляючы псіхалагізм у недзіцячыя сферы. Пачыналася са спробы-эцюда ролі Ларэнцача па аднайменнай п'есе А. Мюсэ ў студэнцтве, а потым, ужо ў тэатральныя першыя гады, на прафесійнай сцэне гэта былі гераіні Льва Талстога і Фёдара Дастаеўскага. Вось яны і вызначылі праграму ў творчасці, у перспектыве, у жыцці, у лёсе. Адзін з рэжысёраў потым прамовіць гэта самае слова  – «дастаеўшчына». Ён меў на ўвазе надрыў, надлом, псіхалагічнае вынаходства ў вонкавым абліччы ролі. Яна – уменне паглыбляцца ў самыя невядомыя, неймаверныя, часта неабавязковыя, але важныя для грунтоўнай распрацоўкі ролі куткі і закуткі свядомасці і падсвядомасці, гэта ўсе тое, чаму можа навучыць акцёра толькі Дастаеўскі.

У дыпломных спектаклях сыграла Кацю ў «Варварах» М.Горкага, Маргарыту ў «Мальеры» М.Булгакава, Соф’ю ў «Ценях» М.Салтыкова-Шчадрына, Старую ў «Іпахондрыку» А.Пісемскага,  Сіму ў «Старых сябрах» Л.Малюгіна. Ролі вызначаліся завершанасцю, выразным тэмпераментам, глыбокім драматызмам. Ужо на 3-м курсе таленавітую студэнтку запрашалі ў Маскву да Генадзя Юдзеніча, але Дзмітрый Аляксеевіч лічыў, што яна патрэбна ў Беларусі.

ПЕРШЫЯ КРОКІ НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ. ПЕРШАЕ ГАНАРОВАЕ ЗВАННЕ

Лёс Святланы Акружной быў вызначаны. Яна паехала ў Віцебск, у знакаміты па тых часах тэатр з выдатнымі артыстамі, з якімі ёй наканавана было тварыць разам – Шмакаў, Трус, Звездачотаў, Канапелька, Матусевіч, Маркіна, Куляшоў, Цішачкін… Яны прынялі яе ў сваю сям’ю і да апошніх дзён заставаліся цудоўнымі партнёрамі і сябрамі.

Ужо за Анютку ў дэбютным спектаклі Акружная атрымала першую ў сваім жыцці ўзнагароду – прэмію Беларускага тэатральнага аб’яднання (цяпер – БСТД). І гэту высокую планку Акружная не апускала ўжо ніколі. І калі ў 1976 годзе тэатр гастраляваў у Маскве, пры безумоўнай згодзе крытыкаў яна была прызнана лепшай выканаўцай гэтай ролі за ўсю гісторыю, гэтак жа, як і Дачкі ў «Зацюканым апостале» А.Макаёнка. Пасля гастроляў ёй было прысвоена ганаровае званне. Яна стала самай маладой у рэспубліцы заслужанай артысткай БССР.

 

«Бляск расы на пялёстках…» – так назваў свой нарыс і вельмі дакладна вызначыў творчы шлях Святланы Акружной вядомы тэатральны крытык і пісьменнік Барыс Бур’ян, які яшчэ з першых роляў разгледзеў крынічную чысціню яе таленту і на працягу ўсяго жыцця сачыў за яе станаўленнем і развіццём.

За першыя дзесяць год работы ў Коласаўскім тэатры актрыса стварыла каля трыццаці вобразаў – запамінальных, самабытных, яркіх. Сярод іх – Інга і Зізі з «Салаўінай ночы» В.Яжова, Паліна з «Прахаднога балу» У.Канстанцінава і Б.Рацара, Маша Круглова з «Маскоўскіх канікул» А.Кузняцова, Лёнушка з аднайменнай п’есы Л.Лявонава, Катрын з «Матухны Кураж» Б.Брэхта, Таня з «Развітання ў чэрвені» А.Вампілава, Данута з «Клеменса» К.Саі і многія іншыя.

Адна з першых яе работ – нямецкая дзяўчына Інга з «Салаўінай ночы». Напалоханая вайной, здзічэлая ад стрэлаў і бамбёжак, Інга знаёміцца з савецкім салдатам. У вясновую ноч 1945 года сустракаюцца двое – ён і яна. Нягледзячы на голад і разбурэнні, на розную мову, яны зразумалі адно аднаго: ім дапамаглі вясна, юнацтва, каханне. У невялікай ролі Акружная здолела паказаць адметны характар дзяўчыны, якая імкнецца спасцігнуць складаныя праблемы чалавечага быцця. Яе гераіня – гордая, дзёрзкая і разам з тым пяшчотная і душэўная.

 

Акружная імкнецца паставіць сябе ў такія выключныя сітуацыі і абставіны, у якіх жылі, дзейнічалі, змагаліся яе гераіні. Успомнім яе Галю Чацвяртак («А зоры тут ціхія…» Б.Васільева). Ціхая і разам з тым некалькі нервовая дзяўчына, выхаванка дзіцячага дома марыць аб сваім чалавечым шчасці. Вобраз вельмі складаны, у ім багата псіхалагічных нюансаў, адценняў, паваротаў. Усё гэта з вялікім майстэрствам перадала са сцэны Святлана Акружная.

 

У кожнай з ранніх работ актрысы на першы план выходзілі праўдзівасць паводзін, абаяльнасць, псіхалагізм. Да гэтага яшчэ трэба дадаць уменне напоўніць кожную ролю глыбокім унутраным зместам, знайсці дакладны пластычны малюнак. Усе гэтыя якасці дапамаглі актрысе стварыць вобраз Дачкі ў трагікамедыі «Зацюканы апостал». Героі п’есы – людзі глыбока практычныя і жыццядзейныя, яны ахвяры таго жорсткага свету, у якім існуюць. Такая дылектычная ўзаемасувязь дазваляе падзяліць персанажаў на адносна агрэсіўных і адносна пасіўных. Дачка спачатку з’яўляецца пасіўнай назіральніцай падзей. Але потым уздымаецца да бурнага пратэсту. Рэжысёр А.Смелякоў разам з актрысай пашырылі драматургічнае поле ролі Дачкі. У пачатку – вясёлае, наіўнае дзяўчо, якое не жадае разумець бунтарства брата. Калі ж з развіццём дзеяння яна бачыць подласць маці, хлусню бацькі, цынізм і бяздушша дзеда, Дачка–Акружная прыходзіць да рашэння ўступіць у барацьбу. Эвалюцыю гэтага вобраза актрыса выбудоўвала стылістычна абгрунтаванымі, эмацыянальна насычанымі фарбамі. Ужо тады гэтая роля здавалася прадвесцем другой, будучай грунтоўнай работы – Жанны д’Арк са спектакля «Жанна» па п’есе Ж.Ануя.

 

Увогуле, у жыцці і творчасці Святланы Акружной было шмат шчаслівых імгненняў і адкрыццяў і вельмі шмат горкіх дзён, пераадолець якія пад сілу толькі моцнаму духам. Актрыса ішла праз духоўныя пакуты горда, смела, не ахвяруючы сваімі жыццёвымі прынцыпамі, не губляючы ўласнай годнасці.

ЯЕ ТЭАТРАЛЬНЫ БАЦЬКА

Самыя шчаслівыя гады Акружной у Коласаўскім – падчас працы ў ім галоўнага рэжысёра Саламона Савельевіча Казіміроўскага. Гэта было адраджэнне тэатра і яе станаўленне як актрысы. Праз некаторы час ён напіша пра Акружную: «У мяне вялікі рэжысёрскі вопыт, і мяне цяжка чым-небудзь здзівіць. Яна – актрыса на ўсе часы, па маіх адчуваннях. Мару пра тое, каб рэжысёры зразумелі, што такія кветкі прырода нараджае не часта, і яны патрабуюць догляду, увагі». У трох яго пастаноўках - «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага, «Салаўіная ноч» В.Яжова і «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта яна сыграла знакавыя ролі. Увогуле гэта быў вельмі актыўны перыяд яе творчасці, і галоўны рэжысёр гэтаму вельмі спрыяў, падтрымліваў яе.

Казіміроўскі ўразіў актрысу спектаклем «Матухна Кураж і яе дзеці» па Брэхту, дзе яна сыграла Катрын. Ёй імпанавала вялікая ўнутраная моц гераініі, самаахвярнасць, гатоўнасць пайсці на подзвіг дзеля выратавання людзей. Гэтая тэма прасочвалася праз усё яе жыццё ў тэатры.

 

1976-ы год пачынаўся так добра. На 23 студзеня была прызначана прэм’ера «Матухны Кураж». Усё здавалася такім бязвоблачным. Напярэдадні група акцёраў вярталася з выязнога спектакля ў Оршы. Моцна спяшаліся. І аўтобус перавярнуўся. Адзін чалавек загінуў, дзесяткі людзей атрымалі траўмы. Акружная аказалася ў бальніцы. Прэм’еру давялося перанесці. І гэта было не адзінае выпрабаванне ў яе жыцці. Падчас генеральнай рэпетыцыі «Скорых цягнікоў» у Мінску сцэнічны партнёр выраніў актрысу ў аркестравую яму. Ізноў бальнічны ложак. Але самае галоўнае выпрабаванне лёсу яе чакала яшчэ наперадзе.

Пазней, пасля зыходу Саламона Савельевіча з тэатра, яны падтрымлівалі добрыя сяброўскія стасункі, пісалі адно аднаму лісты, размаўлялі па тэлефоне. Калі ў тэатры рэпеціраваўся спектакль «Бацька», Казіміроўскі накіроўваў яе, бо добра ведаў творы Стрындберга. Дарэчы, ён і параіў ёй паспрабаваць свае сілы ў гэтай п’есе. Лаура – гэта адна з самых складаных роляў у рэпертуары Святланы Арцёмаўны. Здымаючы слой за слоем, яна прабівалася да чалавечай сутнасці гераіні. І фінал апраўдаў гэтыя пошукі.

 

У 2004 годзе на Міжнародным тэатральным фестывалі «Белая вежа» у Брэсце за работу ў гэтым спектаклі Святлана Акружная атрымала дыплом за лепшую жаночую ролю. У турэцкім Трабзоне яе таксама высока ацанілі тэатральныя крытыкі.

ТЭАТР ЖЫВЕ ПА СВАІХ ЗАКОНАХ

Змена галоўнага рэжысёра, на жаль, не ўзбагаціла яе творчую біяграфію. На першы план выходзілі іншыя акцёры. А яна балюча адчувала сваю незапатрабаванасць. Вядома, ролі былі. Але не таго маштабу, як хацелася б. Не адпаведныя ўнутраным магчымасцям актрысы. Ізноў інфантыльныя закаханыя дзяўчынкі. Дзе Горкі, дзе Дастаеўскі? Найбольш цікавай работай у спектаклях Валерыя Мазынскага на той час можна лічыць Алісу Фларынскую ў драме Марыі Яблонскай «Плюшавая малпачка ў дзіцячым ложку». Галоўная гераіня п’есы – актрыса. Няўдалая, няўдачлівая. Не таму, што бяздарная, хутчэй наадварот. Аднак тэатральнае асяроддзе, у якім яна шукае прызнання і славы, жыве па сваіх законах, далёкіх ад усякіх маральных і эстэтычных самаўсведамленняў. Ад першага да апошняга такту спектакля пранесена тэма велізарнай адданасці мастацтву. Усё ў жыцці гэтай жанчыны прынесена на алтар тэатра, з якога яна была бязлітасна выкінута.

 

НОВЫЯ СУСТРЭЧЫ З ЭРЫНЫМ. «ХАМ»

Святлана Арцёмаўна ўдзячна лёсу, што ён звёў яе і з такім цудоўным рэжысёрам, як Барыс Эрын, які шмат зрабіў не толькі для актрысы, але і для ўсяго тэатральнага мастацтва Беларусі. У яго пастаноўцы «Хам» паводле Э.Ажэшка Акружная сыграла ролю Франкі, якая была прызнана лепшай жаночай роляй на Міжнародным фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы» ў Бранску (1991). Каля 15 хвілін зала скандзіравала выканаўцам гэтага спектакля. Людзі падыходзілі да артыстаў, гаварылі словы ўдзячнасці, захаплення. Зараз, успамінаючы той час, Святлана Арцёмаўна вельмі шкадуе, што ў тэатра так нечакана абарвалася супрацоўніцтва з гэтым цудоўным чалавекам і рэжысёрам.

 

Вельмі насычанымі для актрысы сталі 1989–1991 гады. Яна стварыла галоўныя ролі ў трох спектаклях: «Хам» Э.Ажэшка, «Генры VI» У.Шэкспіра, «Маскоўскі хор» Л.Петрушэўскай.

 

Знялася ў ролі Ганны Карпілавай у фільме «Плач перапёлкі» (рэжысёр – Ігар Дабралюбаў). Пасля такога творчага ўзлёту яна атрымала высокую ўзнагароду – званне народнай артысткі Беларусі.

 

НОВЫ ЎДАР ЛЁСУ. ВЯРТАННЕ

І тут – новы жахлівы ўдар лёсу, які надоўга перакрэcліў усе планы і пачынанні. У арміі быў цяжка паранены сын Дзмітрый. Раненне было такім цяжкім, амаль несумяшчальным з жыццём, што ўрачы, якія многае бачылі, апусцілі рукі. І толькі Святлана Арцёмаўна, якая засталася адзін на адзін са сваім болем і любоўю, працягвала змагацца за жыццё свайго сына. Яна не баялася стаяць на каленях перад усім светам. І нехта пачуў, нехта працягнуў руку дапамогі, і дзверы пачалі адчыняцца. Цуд здзейсніўся – мацярынская любоў перамагла.

Пасля ўсяго перажытага Святлана Арцёмаўна не хацела вяртацца ў тэатр, але Дзмітрый пераканаў яе.

І вяртанне на сцэну стала адным з самых цяжкіх момантаў. Тэатр падаўся ёй не такім глыбокім у параўнанні з жыццём. Асабістыя пачуцці аказаліся мацнейшымі. Пераадолець страх, няўпэўненасць дапамог сябра, цудоўны рэжысёр Мікалай Пінігін, з якім раней яны стварылі спектакль «Любоўнікі з Каліфорніі».

 

Вобраз, які прапанаваў увасобіць Пінігін на гэты раз, аказаўся вельмі нечаканым – Эмілія Марці з п’есы «Рэцэпт Макропуласа» Карэла Чапека. І вось прэм’ера. Перапоўненая зала. Яе памяталі, яе чакалі. Яна была ўся ў кветках. Слёзы ўдзячнасці набягалі на вочы. Дзякуй, Віцебск!

 

Галоўная гераіня камедыі – нейкая Эліна Макропулас, яна ж Яўгенія Монтас, Эмілія Марці і г.д., у пэўным сэнсе жанчына-унікум, гэткі хадзячы фантом – захавала на працягу трох стагоддзяў сваю неўміручую маладосць і чароўнасць. А разам з імі і магутны, прываблівы голас. Святлане Акружной на дзіва віртуозна ўдалося спалучыць у гэтай ролі, здавалася б, несумяшчальныя рысы – абаяльнасць, жаноцкасць і разбэшчанасць, грубасць, цынізм. І разам з тым актрыса спачувае сваёй гераіні, не толькі іранізуе, вінаваціць, але і па-жаночаму шкадуе, разумее. І сапраўды, якой кабеце не хочацца быць маладой, прыгожай, абаяльнай, лавіць прагныя погляды мужчын, слухаць іх палкія словы і ўладарыць над імі. Актрыса добра перадала змены ўнутранага стану гераіні ў другой дзеі спектакля. Рашучасць, пыхлівасць, пагарда саступілі месца слабасці, няўпэўненасці, стомленасці. Быццам згубіўся нейкі ўнутраны стрыжань, і рэцэпт вечнай маладосці зрабіўся непатрэбным.

Пасля аднаго з паказаў «Рэцэпта Макропуласа» эксперт Савета Еўропы, рэжысёр славутага парыжскага тэатра «Адэон» Элі Малка падышоў да Святланы Акружной са словамі: «Я лічу Вас адной з лепшых выканаўцаў гэтай ролі ў Еўропе і вельмі хацеў бы паставіць з Вамі «Даму з камеліямі». На жаль, гэты праект, як і некаторыя іншыя, не быў рэалізаваны.

Пасля ранення сына рэпертуар актрысы стаў зусім іншым. Яна ўсё жыццё марыла пра ролю Жанны Д’арк. Гэты вобраз, здаецца, быў закладзены яшчэ з юнацтва. І вось немагчымае стала магчымым.

 

«Гэта наша беларуская Камісаржэўская», – зазначыла пасля паказу спектакля ў Мінску народная артыстка СССР Аляксандра Клімава. Яна ведала Акружную яшчэ па інстытуце, бо пасля сыходу Дзмітрыя Арлова прымала дыпломныя работы. Здаецца, паміж імі – арлеанскай дзевай і актрысай – ёсць нешта агульнае, тоеснае. Гэта прыгажосць, сіла чалавечага духу. Лёс актрысы таксама ж быў усцелены не ружамі, а церніямі. Праз лёс арлеанскай дзевы яна выдатна паказала, як цяжка захаваць чысціню, духоўнасць там, дзе пануюць подласць і здрада, фальш, прыстасаванства, дзе белае аб’яўлена чорным. Яе Жанна – крыху прастадушная, нібы дзіця, шчырая, чулая, моцная духам, нязломная. Актрыса добра спалучыла рамантычную патэтыку, уласцівую гэтаму вобразу, з глыбінёй, непадробнасцю душэўных перажыванняў і нават з эпічнай веліччу.

Зусім нечакана для сябе Святлана Арцёмаўна сыграла ролю Марлен Дзітрых у спектаклі «Марлен… Марлен…» у пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Дзмітрый Мінчонак, дарэчы, наш зямляк, напісаў гэту п’есу спецыяльна для яе.  Актрыса паўторна спрабуе сябе ў жанры фантастычнага гратэску, узгрувашачанага псіхалагічнымі наслаеннямі. Яна зусім не акцэнтуе ўвагу на містычным трансфармаванні асабістага «я» гераіні, а хутчэй зважае на яе адзіноту, чалавечую і жаночую неўладкаванасць, яе сумятэчу пачуццяў. Марлен, з яе разарванай, развоенай сутнасцю шукае свой цэласны пачатак і не знаходзіць. Яна як вечны спадарожнік у гэтым жорсткім свеце хаосу ды пошасці, населеным прывіднымі фантомамі, яе геніяльнымі каханымі, сканаўшымі да яе смерці і заклікаючымі актрысу ў іншабыццё. Жан Габэн, Хемінгуэй, Рэмарк! Якіх людзей, бы ў спіртычным сеансе, выклікае яна да сябе! Марлен – вечная шукальніца шчасця, да якога марна імкнецца, бо выбітным, творчым натурам з каханнем часта не шанцуе. А можа, гэты дысгарманічны свет для іх не зусім прыдатны? Альбо боская шчодрасць усё ж такі ведае межы?

 

На фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску загадчыца аддзела тэатраў Міністэрства культуры Расіі Валянціна Фёдарава прызнала, што адкрыццём для яе стала работа Святланы Акружной у ролі Марлен. Тое самае яна зазначыла і ў Маскве пры абмеркаванні спектакля па той жа п’есе, пастаўленай у Маскоўскім тэатры эстрады.

РОЛІ ЯК ПАДЗЕІ

Плённым выдалася супрацоўніцтва Святланы Акружной з яшчэ адным выдатным рэжысёрам Рыдам Таліпавым. Актрыса сыграла ў трох яго пастаноўках: Кацярыну Іванаўну з п’есы Леаніда Андрэева, горкаўскую Васу і Сесілі Робсан у спектаклі «Квартэт» па п’есе Рональда Харвуда.

Ужо першая з іх стала значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі. У 2003 годзе ў Гомелі на Міжнародным фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы» Святлана Акружная атрымала галоўны прыз за лепшую жаночую ролю. Падчас Міжнароднага тэатральнага фестывалю ў Трабзоне (Турцыя) і спектакль «Кацярына Іванаўна», і цэнтральная роля прызнаны крытыкамі лепшымі работамі.

 

Падчас гастроляў у Мінску «Васу» высока ацанілі беларускія крытыкі, спектакль быў вызначаны як лепшы ў паказаным рэпертуары. Яна – маці з вялікай літары. І да таго ж, – здольная кахаць жанчына. Магчыма, тая даўняя жарсць і знікла, але памяць пра былое пачуццё не знішчана да канца. Таму найвышэйшай эмацыйнай кропкай спектакля была сцэна з апошняй цыгарэтай, якую дзяліла Васа з мужам, адпраўляючы яго на смерць. Псіхалагічна дакладна вяла актрыса і першую дзею, але ў другой узнімалася да сапраўднай трагічнай вышыні, амаль фізічна адчуваючы боль сваёй гераіні, цяжар яе маральных пакут і перажыванняў.

 

Спектакль «Квартэт» пра былых зорак опернай сцэны, што на схіле жыцця апынуліся ў элітным доме для састарэлых, згодна з рэйтынгам газеты «СБ- Беларусь сегодня» быў названы лепшым спектаклем сезону. Святлана Акружная выканала ў ім ролю Сесілі Робсан. Яна здаецца ў спектаклі самай кранальнай, самай безабароннай і самай пяшчотнай. У знешнім выглядзе, грыме, пластыцы, рухах мы бачым пажылога чалавека, але разам з тым… дзяўчыну з яе непасрэднасцю, даверлівасцю, адкрытасцю, з якімі яна ставіцца да іншых персанажаў. Галоўнае, што здолела данесці выканаўца – адзіноту і тугу па няспраўджаным каханні. Асабліва кранальна гучаў эпізод, дзе Сесілі на мяжы вар’яцтва развітваецца з сябрамі: нябачны карабель павінен адвезці яе ў тую прывідную краіну, дзе засталіся бацькі, родныя і, магчыма, так і не сустрэтае каханне. Але наперадзе – юбілейны вечар і квартэт, які яны павінны будуць выканаць у апошні раз.

 

Значнай работай Святланы Акружной апошняга перыяду стала цэнтральная роля ў спектаклі «Візіт дамы» па п’есе Фрыдрыха Дзюрэнмата. Зрэшты, гэты сцэнічны твор мог бы не з’явіцца на коласаўскай сцэне, каб не палкае жаданне, творчая няўрымслівасць народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной. Пра ролю Клары Цаханасьян актрыса марыла ўжо даўно, і дадзены праект абмяркоўваўся ёю яшчэ з колішнім мастацкім кіраўніком віцебскай трупы Рыдам Таліпавым. Пасля яго смерці Святлана Арцёмаўна звярнулася з просьбай пра пастаноўку да мінскага рэжысёра Уладзіміра Савіцкага, якога добра ведала па ранейшай сумеснай працы над спектаклем «Апошнія сведкі» па кнізе Святланы Алексіевіч. Вынікам таго тандэму актрыса была поўнасцю задаволена. У спектаклі шмат іншых яркіх работ, ды ўсё ж такі на вобраз галоўнай гераіні, дзякуючы бліскучаму таленту Святланы Арцёмаўны, скіравана, у асноўным, увага гледачоў.

 

У нечым гэты вобраз нагадаў Эмілію Марці з даўняй работы актрысы — у спектаклі «Рэцэпт Макропуласа». Але ў гэтай пастаноўцы выканаўца дасягнула яшчэ большага мастацкага выніку. І, што яшчэ важна, актрыса, даследуючы прыроду, вытокі зла, абараняе сваю гераіню, імкнецца зразумець яе як жанчыну, якую некалі жорстка, несправядліва апусцілі на дно. Вядома ж, трагічныя гісторыі гераінь Акружной (Франкі, Эміліі, Кацярыны Іванаўны, Лауры, Васы) у нечым падобныя. Падобныя тым, што яны, з аднаго боку, станавіліся ахвярамі несправядлівага асяроддзя, але, з іншага, — рабілі іншых сваімі ахвярамі. Быццам бы нейкі монстрык пасяляўся ў іхніх душах ды прымушаў пакутаваць іншых. Прытым, што ўсе гэтыя персанажы абсалютна непадобныя, што з’яўляецца адзнакай, адметнасцю Майстра.

Актрыса ў новай ролі зноў спалучыла, здавался б, абсалютна несумяшчальнае: раскрыла асабістую трагедыю скалечанай душы гераіні, тугу па сапраўдным каханні, па незваротным мінулым і адначасова ўразіла жорсткасцю, нейкай вычварнасцю. Перад гледачом нібыта ўзніклі два абсалютна розныя абліччы: чалавека і вылюдка. Здавалася б, толькі што Клара жыва аддаецца нахлынуўшым успамінам пра сваё юнацтва і прагне кахання, ды праз імгненне яе твар робіцца нібы скамянелым, быццам пачварная маска з’яўляецца на ім.

АДНА З САМЫХ ТЫТУЛАВАНЫХ АКТРЫС

Святлана Арцёмаўна Акружная – адна з самых тытулаваных актрыс. Яна – лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» (2006), кавалер ордэна (2007) і медаля Францыска Скарыны (1997), уладальніца прэміі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная Паўлінка» (2002). Двойчы намініравалася на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Беларусі за ролі Ганны Карпілавай у фільме «Плач перапёлкі» і Кацярыны Іванаўны ў аднайменным спектаклі. У 1997–1998 гадах прызнана Жанчынай года Міжнародным біяграфічным цэнтрам (Кембрыдж, Вялікабрытанія), а ў 2004 годзе ёй быў прысвоены такі ж тытул Амерыканскім біяграфічным інстытутам. Яе біяграфія ўключана ў Міжнародны зборнік «Хто ёсць хто?» (2004). У 2005 годзе актрысе прысуджана Міжнародная прэмія міру Аб’яднанай культурнай канвенцыі ЗША пры аддзяленні Амерыканскага біяграфічнага інстытута (штат Паўночная Караліна).

 

Але ёсць у яе такія ўзнагароды, што ніякая актрыса ў Беларусі не атрымлівала. Гэта медаль Святога Уладзіміра Віцебскай епархіі (2018), прэмія імя Героя Савецкага Саюза З.Тусналобавай-Марчанка «За мацярынскую мужнасць» (1996), галоўная ўзнагарода Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа «Гуманнае сэрца» (2017).

Паміж выпрабаваннямі былі перадышкі, і актрыса лічыць іх хвілінамі шчасця. Любімая прафесія, работа з таленавітымі рэжысёрамі, партнёрамі, сустрэчы з выдатнымі асобамі, напрыклад, з П’ерам Кардэнам, мітрапалітам Чарнагорска-Прыморскім Амфілохіем, ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам. У яе ёсць сям’я, унукі, сябры, якія дапамагалі і дапамагаюць у агульным з сынам жыцці.

 

 

Святлана Акружная – шматгранны чалавек. Акрамя таленту актрысы, яна валодае яшчэ і здольнасцю бачыць, разумець, спачуваць і тонка адчуваць навакольны свет. І палітыка ёй таксама аказалася падуладнай. Яна была членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, адчувала ўвагу кіраўніцтва краіны і горада. І сама актыўна дапамагала людзям. Цесна супрацоўнічала з Камітэтам салдацкіх маці, дапамагла выйграць тры судовыя працэсы. Стаяла ля вытокаў стварэння ў Віцебску арганізацыі інвалідаў-калясачнікаў, супрацоўнічала з калоніяй для непаўналетніх. Больш за дваццаць год жыцця Святлана Акружная працуе над стварэннем музея тэатра імя Якуба Коласа. Знаходзіла ўзаемаразуменне з кіраўніцтвам горада ў вырашэнні кватэрных пытанняў. За парламенцкую дзейнасць узнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а з нагоды ўтварэння беларускага парламенту – Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 

Пра асаблівы талент Святланы Акружной і актыўную грамадскую пазіцыю выйшла каля 500 публікацый у кнігах, часопісах, газетах і біяграфічных даведніках. Зняты дакументальны фільм «Святлана» (рэжысёр А. Трафіменка). У 2003 годзе выйшла кніга яе ўспамінаў «Жизнь прожить - и чтобы сердце не разбилось».

…Здаецца, час непадуладны над ёй. Яна і зараз такая ж няўрымслівая, прыгожая, як і 52 гады таму, калі прыехала ў Віцебск. З’явілася і стала яркай зоркай. А калі з’яўляюцца зоркі – значыць, гэта камусьці патрэбна. Значыць, Бог так вырашыў, каб зорка Святланы Акружной жыла і ззяла. Тады, калі жывём мы.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа віншуе
глыбокапаважаную Святлану Арцёмаўну з юбілеем
і жадае ёй моцнага здароўя, аптымізму, вытрымкі, надзейных сяброў,
любові і падтрымкі гледачоў, бадзёрага настрою!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

  

ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

           

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

           
          

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка