СВЯТЛАНА АКРУЖНАЯ. АКТРЫСА. ЖАНЧЫНА. МАЦІ.

17 ліпеня ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі (Ратуша) у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» адкрылася выстава «Усё жыццё ў святле рампы», прысвечаная народнай артыстцы Рэспублікі Беларусь Святлане Арцёмаўне Акружной.

 

Экспазіцыйная зала цалкам запоўненая прыхільнікамі таленту вядомай актрысы... Сярод іх - вядомыя прадстаўнікі віцебскай творчай інтэлігенцыі, сябры і калегі Святланы Арцёмаўны. На выставе прадстаўлены самыя розныя экспанаты: фотаздымкі са спектакляў з удзелам актрысы і яе фотапартрэты, афішы і праграмкі пастановак, дзе актрыса выконвала цэнтральныя ролі з аўтографамі рэжысёраў, сцэнічныя касцюмы гераінь Святланы Акружной, узнагароды – дзяржаўныя, фестывальныя і ад грамадскіх арганізацый. Напрыклад, такія прэстыжныя, як «Крыштальная Паўлінка» Беларускага саюза тэатральных дзеячаў альбо імянны гадзіннік ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь... Экспанаты даюць магчымасць уявіць пра значнасць асобы народнай артысткі для беларускага тэатральнага мастацтва.

 

 

На пачатку адкрыцця выставы сцэнічнае віншаванне прадэманстравалі артысты-коласаўцы. Народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс узгадаў сцэну са спектакля «Рэцэпт Макропуласа» К.Чапека, дзе ён іграў Гаўка-Шэндарфа, а яго сцэнічнай партнёркай – Эміліяй Марці – была Святлана Арцёмаўна. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў і артыст Пятро Ламан таксама выступалі разам з народнай артысткай: першы – у «Жанне» Ж.Ануя, «Васе» М.Горкага, другі – у «Клеменсе» К.Саі, «Не трывожся, мама!» Н.Думбадзе, «Любоўным карагодзе» А.Шніцлера. Ад акцёрскай моладзі Святлану Арцёмаўну віталі Аляксандр Казлоў і Арцём Блахін, які парадаваў выкананнем раманса «Гори, гори, моя звезда».

 

На адкрыцці начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга адзначыла вялікі ўнёсак, які зрабіла Святлана Арцёмаўна ў сцэнічнае мастацтва Беларусі, яе вялікую грамадскую дзейнасць.

 

Ад імя кіраўніцтва Коласаўскага тэатра выступілі дырэктар Аляксандр Старых і мастацкі кіраўнік Міхась Краснабаеў. Міхась Дзмітрыевіч задаў прысутным пытанне: «Чаму людзі прыходзяць у тэатр?» На гэта ёсць шмат розных прычын, але, бадай, адна з галоўных: людзі хочуць сустрэцца з асобай. Менавіта такой асобай – Актрысай, Жанчынай, Маці, безумоўна, з’яўляецца Святлана Арцёмаўна. І глядач вельмі ўдзячны ёй за тыя імгненні, калі, як казаў Генадзь Бураўкін, «рукаюцца душы».

Аляксандр Старых нагадаў, што гэта ўжо другая выстава, прысвечаная жыццю і творчасці Святланы Акружной. Першая адкрылася ў 2017 годзе ў Віцебскім мастацкім музеі, а потым экспанавалася ў Дзяржаўным музеі тэатральнай і музычнай культуры ў Мінску. Аляксандр Аляксандравіч выказаў жаданне, каб такія выставы праводзіліся і надалей.

Доктар мастацтвазнаўства, прафесар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Таццяна Катовіч узгадала вялікі творчы шлях, пройдзены актрысай за паўстагоддзя. Пачынаючы ад першай ролі Анюткі з «Улады цемры», сыгранай у канцы 60-х - першай палове 70-х гадоў, да Жанны д’Арк у «Жанне», ролі з канца 90-х гадоў. Адзін з вядомых віцебскіх тэатральных крытыкаў С.Буткевіч здзіўляўся, як здолела такая крохкая, мініяцюрная жанчына сыграць французскую гераіню, а пасля спектакля прыйшоў да высновы, што актрыса змагла перадаць моц духу Жанны д’Арк. Гэтая моц праяўлялася і на сцэне, і ў жыцці. Фотамастакі, якія ў розныя гады здымалі Святлану Арцёмаўну, заўсёды казалі пра дзівосную прыгажосць твару, постаці, у якіх адлюстроўвалася яе духоўная моц. Нягледзячы на гады, яна і зараз захавала жаночае хараство.

Намеснік дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Валерый Шышанаў адзначыў, што Святлана Арцёмаўна зрабіла многае для папаўнення фонду каштоўнымі экспанатамі. Тут прадстаўлена толькі іх невялікая частка. Ён жа выказаў спадзяванне, што мара Святланы Акружной некалі здзейсніцца – і ў Віцебску ўсё ж такі адкрыецца музей тэатра.

Ад грамадскіх суполак, з якімі цесна супрацоўнічае Святлана Акружная і мае ад іх заслужаныя ўзнагароды, на адкрыцці выставы выступілі старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа Галіна Жаланава, актывіст Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Зоя Крот.

Галіна Пятроўна заўсёды здзіўлялася, як такая кволая з выгляду жанчына, як Святлана Акружная, змагла вырашаць вельмі складаныя задачы, вытрымаць цяжкія жыццёвыя выпрабаванні. Прыгадала тыя цяжкія дні, калі з яе сынам здарылася няшчасце, як мацярынскае сэрца дапамагло ўратаванню самага блізкага чалавека. А пазней і ён узначальваў віцебскую арганізацыю інвалідаў-калясачнікаў і зрабіў там многа карыснага. Пэўна ж, мацярынская ўпартасць, настойлівасць, неабыякавасць да людзей перадалася і яму. Зоя Карпаўна нагадала, што гаспадыня выставы з’яўляецца ўладальніцай Міжнароднай прэміі міру і пажадала ёй моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця. А напрыканцы выказала пажаданне, «каб мы, вашы гледачы, яшчэ змаглі прыйсці на спектакль з вашым удзелам».

На працягу двух тэрмінаў Святлана Арцёмаўна была членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, годна выконвала грамадзянскія абавязкі. Яе віншаваў парламентарый, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў шостага склікання Аляксандр Цацоха, пажадаў найперш творчага здароўя, якое праяўляецца не толькі на сцэне, але і ў рэальным жыцці.

 

У заключэнне выступіла сама Святлана Акружная. «Мой шлях не быў усланы пялёсткамі кветак, – зазначыла яна, – але я ўдзячна лёсу, бо стала яшчэ мацней. І як асоба, і як маці. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, я лічу сябе шчаслівай, бо ў мяне была любімая прафесія, былі цудоўныя сябры, якія дапамагалі і ў бядзе, і ў радасці». Падзякавала ўсім за добрыя словы, за ўдзел у адкрыцці выставы.

Яшчэ шмат віншаванняў пачула Святлана Арцёмаўна ад наведвальнікаў экспазіцыі. Пажадаем жа і мы ёй моцнага здароўя, вытрымкі, ажыццяўлення ўсіх планаў і задум.

Шчыра запрашаем усіх наведаць выставу «Усё жыццё ў святле рампы» ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі!

Юрась Іваноўскі.

Фота Наталлі Лавіцкай-Ярмолавай.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка