СТУДЭНЦКІ ФОРУМ ПАДАРЫЎ НЕЗАБЫЎНУЮ СУСТРЭЧУ СА СВЯТЛАНАЙ АКРУЖНОЙ

12 сакавіка ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны адбылася творчая сустрэча з вядучым майстрам сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, народнай артысткай Беларусі, лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» Святланай Арцёмаўнай Акружной. Мерапрыемства праходзіла ў рамках II адкрытага моладзевага адукацыйнага форуму «Студэнцкі тыдзень-2020».
Сустрэча з адной з самых вядомых артыстак Коласаўскага тэатра доўжылася больш за дзве гадзіны. Гледачы (а сярод іх былі ўдзельнікі розных творчых аб’яднанняў акадэміі – тэатральных, літаратурных) з вялікай цікавасцю слухалі расповяд выдатнай актрысы пра яе жыццёвы і творчы шлях, а таксама ўбачылі дакументальны фільм «Святлана» (рэжысёр А.Трафіменка). Гераіня сустрэчы чытала свае любімыя вершы – Уладзіміра Караткевіча, Канстанціна Сіманава, Давіда Сімановіча, Дзмітрыя Меражкоўскага, адказвала на пытанні прысутных. Галоўны пасыл яе выступлення заключаўся, бадай, у тым, каб маладыя людзі выхоўвалі ў сабе асобу, засцерагаліся шкодных звычак і больш дбалі пра духоўнае развіццё, адстойвалі свае маральныя прынцыпы і абавязкова марылі.
Вельмі хочацца спадзявацца, што падобныя творчыя сустрэчы будуць праводзіцца і надалей, а студэнты і выкладчыкі акадэміі стануць добрымі сябрамі і сталымі гледачамі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
Добавить комментарий