СПЕКТАКЛІ Ў ЛЮТЫМ – ДЛЯ НАШЫХ ГЛЕДАЧОЎ!

 

У лютым вас чакаюць новыя прыемныя сустрэчы з артыстамі-коласаўцамі. І не толькі з імі, а яшчэ і з гастралёрамі.

2 лютага (19:00) пачнецца новы тэатральны месяц з паказу камедыі амерыканскага драматурга Кена Людвіга «ШУКАЕМ ТЭНАРА!».

 

У амерыканскім Кліўлендзе мусіць адбыцца паказ знакамітай оперы «Атэла», у якой галоўную ролю выконвае сусветна вядомы італьянскі тэнар Ціта Мэрэлі (Цімур Жусупаў). Усе ў чаканні неверагоднай, знакавай падзеі! Сондэрс, дырэктар Кліўленд Гранд-Апера (заслужаны артыст РБ Георгій Лойка / Юрась Цвірка), ужо гатовы падлічваць прыбытак. Яго дачка Мэгі (Тамара Краснабаева-Чарняк / Святлана Сухадолава), сапрана тэатра Дзіяна (Алена Шарэпчанка) і старшыня опернай гільдыі Джулія (Ніна Обухава) нецярпліва, кожная па-свойму, рыхтуюцца сустрэць высокага госця… І толькі асістэнт дырэктара, сціплы, няўпэўнены Макс (Яўген Бераснеў) адчувае сябе залішнім у гэтай урачыстай мітусні. Але гэта пакуль што…

Падчас камедыі становішчаў смех у зале не сціхае. Дынамічны спектакль напоўнены шматлікімі сюжэтнымі паваротамі і нечаканасцямі, калі чароўныя спадзяванні змяняюцца панічным жахам. Пагоні, пераапрананні, любоўныя непаразуменні – і абавязкова шчаслівы фінал.

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

3 лютага (19:00) запрашаем на вялікую сцэну на камедыю «МАЯ ЖОНКА – ПАДМАНШЧЫЦА».

 

Знакамітая камедыя становішчаў па п'есе М.Мэё і М.Эннекена. Яна набыла сабе славу «шлягера» сярод камедый. У аснове яе драматургіі – непрадказальныя павароты сюжэта. Імклівая, іскрыстая камедыя, у якой адзін маленькі, бяскрыўдны жаночы выкрут цягне за сабой снежны камяк непрыемнасцяў і ашаламляльных змен у сямейным жыцці герояў. Уільям Гарысан (Цімур Жусупаў) – добры, надзейны муж, які марыць займець дзіця. І самы вялікі ягоны недахоп – нястрымнае пачуццё рэўнасці. Пасля чарговага скандалу муж сыходзіць з дому. Каб вярнуць каханага, Кэці (Вікторыя Шамардзіна) вырашаецца на грандыёзны падман, падказаны сяброўкай Мэджы Скот (Святлана Сухадолава)…

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

4 лютага (12:00) запрашаем дзяцей і іх бацькоў на музычную казку «ВЯДЗЬМАРКА І ДЫНАЗАЎРЫК» па п’есе А.Якімовіча.

 

Вас чакаюць невычайныя прыгоды, што здарыліся з іншапланетным Дыназаўрыкам (Уладзіслаў Жураўлёў) і яго зямнымі сябрамі Піліпкам (Дзмітрый Філімоненкаў) і Сняжанай (Ніна Обухава / Алёна Чыстабаева) у халодным зімовым лесе.

Узроставае абмежаванне – 0+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

4 лютага (18:00) на вялікай сцэне вы зможаце ўбачыць трагікамедыю «ПАХАВАЙЦЕ МЯНЕ ЗА ПЛІНТУСАМ» паводле аднайменнай аповесці П.Санаева.

 

Спектакль апавядае пра васьмігадовага хлопчыка Сашу Савельева (Антон Бараноўскі / Яўген Бераснеў), які жыве разам з дэспатычнай бабуляй (Валянціна Багданава / заслужаная артыстка РБ Тамара Скварцова) і слабахарактарным дзядулем (заслужаны артыст РБ Вячаслаў Грушоў / Пятро Ламан). Дзіця, якога ў бесперапынным рэжыме вучаць безумоўна падпарадкоўвацца, ненавідзець уласную маці, якога вінавацяць ва ўсіх няўдачах, усё ж такі дрэнна паддаецца гэтай правакацыйнай апрацоўцы свядомасці і спрабуе вырвацца з-пад прэса хатняй тыраніі ў свой уласны свет…

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

5 лютага (18:00) на вялікай сцэне – камедыя «СМЕШНЫЯ ЛЮДЗІ» паводле аднаактовых п’ес-жартаў А.Чэхава.

 

Гісторыі спектакля – быццам спісаныя з жыцця класікам прозы і драматургіі Антонам Паўлавічам Чэхавым. Прасякнутыя тонкай іроніяй і знаходлівым гумарам, яны захапляюць лёгкасцю сюжэта і вытанчанасцю вобразаў. Героі Чэхава – звычайныя людзі, якія ў прапанаваных абставінах выглядаюць смешнымі, чуллівымі, кранальнымі.

У частцы «Пра шкоду тытуню» Іван Іванавіч Нюхін (Генадзь Гайдук), сапраўдны муж сваёй жонкі, шукае любую магчымасць, каб у сваіх лекцыях расказаць пра пакуты сямейнага жыцця. У п’есе «Юбілей» сапраўды адзначаюць юбілей банка. Але пакуль адныя, як старшыня кіраўніцтва Шыпучын Андрэй Андрэевіч (заслужаны артыст РБ Георгій Лойка), з хваляваннем чакаюць урачыстасці, іншыя, як бухгалтар Кузьма Мікалаевіч Хірын (Яўген Бераснеў), займаюцца складанай штодзённай працай. Але ці магчыма па-сапраўднаму засяродзіцца на справе, калі перад вачыма пастаянна мітусяцца то жонка начальніка Таццяна Аляксееўна (Наталля Аладка / Алена Шарэпчанка), то дакучлівыя наведвальнікі з прашэннямі кшталту Настассі Фёдараўны Мярчуткінай (Раіса Грыбовіч), то службоўцы з паперкамі і віншаваннямі?!.. У п’есе «Прапанова» памешчык Іван Васільевіч Ломаў (Цімур Жусупаў) прыходзіць да свайго суседа Сцяпана Сцяпанавіча Чубукова (заслужаны артыст РБ Вячаслаў Грушоў), каб зрабіць прапанову ягонай дачцэ Наталлі Сцяпанаўне (Вікторыя Шамардзіна). І ўсё магло б вырашыцца паспяхова, калі б не да смешнага бессэнсоўная прынцыповасць у меркаваннях усіх трох герояў, прыперчаная спрэчнымі пытаннямі маёмасці і сабакаводства.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

7 лютага (18:00) на вялікай сцэне вы ўбачыце дэтэктыў сямейных адносін «ВОСЕМ ЗАКАХАНЫХ ЖАНЧЫН» па п’есе вядомага французскага драматурга Р.Тама. З яго творчасцю наш глядач добра знаёмы па фільме «Шукайце жанчыну».

 

«Восем закаханых жанчын» – гэта сямейная драма, унутры якой глядач апускаецца ў вір нявыказанага, хлусні і хітрасплеценых інтрыг, а восем галоўных гераінь, замкнёных у ізаляванай прасторы загараднага дома, сутыкаюцца з нетрывіяльным заданнем — знайсці забойцу бацькі сям'і. Забойца — адна з іх. Так ім здаецца. Але…

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

8 лютага (19:00) на вялікай сцэне вы зможаце ўбачыць рамантычную камедыю С.Гіргеля паводле французскай драматургіі «САМАЯ ЖАДАНАЯ».

 

Спектакль распавядае пра пошукі кахання і пра тое, што ніякія жыццёвыя вабікі не заменяць творчай душы блізкага, дарагога табе чалавека.

Немалады пісьменнік, кінасцэнарыст Мацье (народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс) шукае сюжэт для новага фільма. І адначасова спадзяецца знайсці шлях да сэрца Раксаны (Наталля Аладка), ягонай натхняльніцы. Мацье прыдумляе для каханай усё новыя прыгоды. На гэты раз ён запрашае Дэвіда (Арцём Блахін) – забяспечанага, але вельмі цынічнага юнака, які спрабуе купіць пачуцці жанчыны за немалыя грошы. Адбываецца неверагоднае: у сэрцы Дэвіда нараджаецца сапраўднае каханне да Раксаны. Каму ж з дваіх мужчын гераіня аддасць перавагу?

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

9 лютага (19:00) запрашаем вас на камерную сцэну на прэм’ерны спектакль «ДЗЕЦІ. ВЁРСТЫ» А.Казюханава па творчасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. У аснову спектакля пакладзены некаторыя сюжэтныя лініі драматычнай паэмы «На дарозе жыцця» і трылогіі «На ростанях».

 

Як цяжка перажыць адзіноту сталай кабеце, пакінутай дзецьмі, што разляцеліся, падобна птушкам, па ўсяму свету, як знайсці іх, сабраць у сваё ўлонне? Вось такія пытанні задае сабе галоўная гераіня спектакля (Раіса Грыбовіч, Святлана Жукоўская), раз-пораз вяртаючыся сваімі ўспамінамі ў далёкае мінулае, аналізуючы свае памылкі.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

10 лютага (19:00) на вялікай сцэне адбудуцца гастролі тэатральна-канцэртнага агенцтва «Антракт» (Санкт-Пецярбург, Расія). Госці з горада над Нявой пакажуць камедыю «ВАМ СМЕШНА… А МНЕ ЖАНІЦЦА!» па п’есе Л.Моцар.

 

У санаторыі для акцёраў сустракаюцца двое – Ён і Яна. Некалі даўно ў маладосці яны былі закаханы адзін у аднаго, але ў першую шлюбную ноч Ён пераблытаў сваю нявесту з іншай…. Ці пазнаюць яны адно аднаго ці зробяць выгляд, што незнаёмыя? Што абяцае ім сустрэча, бо ў санаторыі зноў плануецца вяселле – медсястры Галачкі (якая ніяк не выйдзе замуж) і пастаяльца санаторыя. Чым скончыцца гэта вяселле? Пра гэта вы даведаецеся з вясёлай, музычнай і вельмі смешнай камедыі вядомага сучаснага драматурга Л.Моцар.

У спектаклі бяруць удзел: Аляксандра Самохіна, Вольга Гардзійчук, Дзяніс Партноў, Сяргей Выбарнаў.

Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

11 лютага (12:00) запрашаем на камерную сцэну дзяцей і іх бацькоў паглядзець вершаваную казку для самых маленькіх «КАЗЯВАЧКА» па п’есе Т.Уфімцавай.

Сумна сядзець Цвыркунку (Дзмітрый Каваленка) дома і без перапынку вучыцца граць на скрыпачцы, бо на вуліцы весела гуляюць Павучок (Герман Дымарэцкі / Уладзіслаў Жураўлёў), Аса ды Матылёк. Але што рабіць – Маму (Ніна Обухава / Вікторыя Шамардзіна) трэба слухацца. Нечакана ўсё змяняецца, калі праз акно ў пакой залятае Казявачка (Ніна Обухава / Алёна Чыстабаева), за якой гоніцца агідны Жук-Рагач (Вадзім Асвяцінскі). Цвыркунок робіць мужны ўчынак: абараняе новую сяброўку, а потым разам яны ідуць гуляць. Але гэта яшчэ не канец гісторыі… Глядзіце спектакль і даведаецеся, хто такая Казявачка і як пазмагаюцца сябры са злосным, хітрым Жуком. Сябры разам абавязкова перамогуць любое зло – у гэтым няма сумневу!

Узроставае абмежаванне – 0+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

11 лютага (18:00) на вялікай сцэне вас чакае сустрэча з героямі маладзёжнай камедыі–фарса «КАХАННЕ І ПАДАТКІ» па п’есе У.В.Зандта і Д.Мілмар «Секс, каханне і падаткі».

 

Каця Дэніс (Паліна Крашэўская) ніяк не можа разабрацца, каго яна кахае – Лэслі (Аляксей Анісеня), альбо ўсё ж такі Джорджа (Дзмітрый Каваленка), за аднаго збіраецца выйсці замуж, але і другога кідаць не жадае. Лэслі прыгнятае сумленне, але ён ніяк не можа прызнацца ў здрадзе сябру. На сумленні ў Джона таксама ёсць пляма: каб зэканоміць колькі зялёных паперак, ён у падатковай дэкларацыі запісаў Лэслі ў якасці сваёй жонкі. Ён упэўнены, што менавіта грошы дазволяць яму больш трывала ўладкавацца ў нашым няпростым свеце. І каб знайсці выхад са складанай сітуацыі, юнак здольны на неверагодныя хітрасці, падманы і нават на ахвяру.

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

12 лютага (18:00) на вялікай сцэне – меладрама «ГІСТОРЫЯ КАХАННЯ» паводле аднайменнай аповесці амерыканскага драматурга і кінасцэнарыста Э.Сігала.

 

У цэнтры падзей – кранальнае і трагічнае каханне Олівера Барэта (Дзмітрый Каваленка) да Джэніфер Кавілеры (Дар’я Французава). Эрык Сігал напісаў амерыканізаваную версію «Рамэа і Джульеты» ХХ стагоддзя, у якой непераадольнай перашкодай для закаханых выступае не радавая варажнеча, а рознае сацыяльнае паходжанне і сямейны прыбытак. Нават у «дэмакратычнай» Амерыцы гэтыя фактары заўсёды выступалі на першы план.

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

14 лютага (19:00) на камернай сцэне мінісерыял для мужчыны і жанчыны «АСЕННІ ROCK'N'ROLL» па матывах п’есы М.Хейфеца «Rock'n'roll на захадзе сонца».

 

…Яна (Наталля Аладка) запісалася ў танцавальны клуб. Туды ж прыйшоў Ён (заслужаны артыст РБ Вячаслаў Грушоў). Іх паставілі ў пару. Яны спадабаліся адно аднаму. Напэўна, у жыцці ім чагосьці не хапала... Можа, нечай усмешкі, добрага пагляду, узаемнага клопату…

І раптам без тлумачэнняў Ён знікае! Яна доўга чакае, а потым прыходзіць да яго ў госці, каб вярнуць у клуб. Тут і пачынаецца самае цікавае.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

18 лютага (18:00) на вялікай сцэне – інтэрактыўная камедыя «ПЁС БЕЛАГА ВОСТРАВА» па п’есе вядомага беларускага драматурга А.Дударава.

 

Малады акцёр Вілен (Яўген Бераснеў) занадта рана, з першай ролі, адчуў смак славы і глядацкай вядомасці. Як гэта кажуць, «злавіў зорку», але не змог утрымацца на небе. Шлях да поспеху, прафесійнага росту, кахання нішчаць благія звычкі... І хто дапаможа, калі ў кожнага свае ўласныя праблемы?!.. Але выйсце ёсць – Белы востраў і ягоны жыхар, анёл-ахоўнік Пёс (Дзмітрый Каваленка).

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

19 лютага (18:00) на вялікай сцэне – прэм’ера сатырычнай гісторыі «ВЫТАНЧАНЫ ПАДМАН» па п’есе класіка літаратуры М.Гогаля «Гульцы».

 

Картачная гульня стала надзвычай папулярнай у Расійскай імперыі XIX стагоддзя. З цягам часу яна ператварылася ў сапраўднае шаленства. П’еса Гогаля і з’явіліся рэакцыяй пісьменніка на такую распаўсюджанасць гэтай гульні. Рэжысёру і сцэнографу спектакля Андрэя Жыгура яна здалася вельмі сугучнай і нашаму часу, калі штодзень мы сутыкаемся з праявамі махлярства і падману.

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

21 лютага (19:00) на вялікай сцэне – драматычная камедыя «ШЛЮБ ПА-ІТАЛЬЯНСКУ» па п’есе славутага італьянскага драматурга Эдуарда дэ Філіпа «Філумена Мартурана».

 

Багаты неапалітанскі прадпрымальнік дон Даменіка Сарыяна (заслужаны артыст РБ Георгій Лойка) ужо чвэрць стагоддзя жыве пад адным дахам з Філуменай Мартуранай (заслужаная артыстка РБ Галіна Букаціна), сваёй фактычнай жонкай, але так і не бярэцца з ёй шлюбам. І здавалася б, у гэтым ужо няма сэнсу, пакуль лавеласу Даменіка не прыходзіць у галаву афіцыйна ажаніцца з маладзенькай Дзіянай (Вікторыя Шамардзіна). Гэтая навіна – сапраўдны выклік для Філумены, гатовай змагацца за свой статус і правы. Тым больш у яе на руках моцны козыр: Даменіка – бацька аднаго з трох сыноў Філумены. Вось толькі якога менавіта?

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

22 лютага (19:00) на камернай сцэне вы зможаце ўбачыць цёмную гісторыю са святлом у канцы тунэля «МЕТРО» па п’есе сучаснага беларускага драматурга А.Савухі.

 

Паспяховы, перспектыўны бізнесмен Дзмітрый Сяргеевіч, ці проста Дзіма (Дзмітрый Каваленка), вымушаны ехаць на чарговую важную сустрэчу ў метро. Для яго гэта нязручна, нязвыкла і нават агідна. Ён лічыць, што варта аддзяліць паспяховых, паважаных людзей ад нулёў, біямасы. У выніку нейкай недарэчнасці, спрабуючы выйсці з вагона, Дзіма трапляе ў іншую, паралельную рэальнасць…

 Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

23 лютага (19:00) - трагікамедыя амерыканскага драматурга Д.Л.Коўбэрна «ГУЛЬНЯ Ў ДЖЫН».

 

Уэлер Марцін (Пятро Ламан) і Фонсія Дорсі (Анжаліка Баркоўская) выпадкова сустракаюцца, знаёмяцца і бавяць час за гульнёй у карты. У двух супрацьлеглых па характары людзей – усё ў мінулым, і аб’ядноўвае іх толькі адсутнасць будучыні. У нейкі момант няхітрая забава гульнёй у джын, простыя лекі ад маркоты робяцца для іх сэнсам і нават метафарай жыцця. Гульня напаўняецца ўспамінамі і шкадаваннямі пра згубленыя гады, пра тое, што не змаглі знайсці агульную мову з дзецьмі і цяпер вымушаны застацца адно на адно з самімі сабой. Ці змогуць героі адкрыць усе карты? І хто ж выйдзе пераможцам у гэтай тэатральнай партыі – адзінокія людзі або ўсё ж такі іх лёс?

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

26 лютага (18:00) на камернай сцэне – спектакль «ВАЎКАЛАК» паводле аднайменнага апавядання Я.Баршчэўскага з кнігі «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях». Жанр спектакля – шлях навяртання.

 

Стары чалавек (Пятро Ламан) праз гады ўспамінае сваё мінулае. Ён быў юнаком (Дзмітрый Каваленка) і кахаў Алёну (Алёна Чыстабаева). Тады і яна прыгарнулася да яго. Але з’явіўся служка пана Ілля (Арцём Блахін), разбурыў прыгожую гісторыю жаданнем валодаць і прымусам узяў Алёну ў жонкі. Смутак ахапіў галоўнага героя. А на сваім вяселлі Ілля плоціць Арцёму (Яўген Бераснеў), каб той прапанаваў нешчасліваму юнаку выпіць загаворанай гарэлкі. Моцная крыўда і атрута нараджаюць у юнака жаданне помсты. І вочы ягоныя пачынаюць гарэць па-ваўчынаму. І людзі пужаюцца. А сам ён пераўтвараецца ў ваўкалака – звера, пярэваратня, які бегае па лясах і можа толькі наводзіць страх на былых аднавяскоўцаў.

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

28 лютага (19:00) на вялікай сцэне адбудуцца гастролі Мінскага абласнога драматычнага тэатра (Маладзечна). Гледачы змогуць убачыць камедыю-фарс «УДАЧЫ І… НАСТУПНЫ!» па матывах п’есы Вербера Бернара «Сардэчна запрашаем у Рай».

 

Што адбываецца з чалавекам пасля смерці, калі душа пакідае цела? І пра што пойдзе гутарка на апошнім судзе?

Былы суддзя Анатоль Пішон трапляе на нябёсы і паўстае перад нябесным судом. Падсудны павінен давесці, што годна пражыў сваё зямное жыццё. І падчас паседжання давядзецца адказаць на няпростыя пытанні: ці быў пры жыцці герой сумленны з самім сабой, ці быў шчыры, калі справа датычылася выбару прафесіі, захаплення, каханага чалавека… І ці выпадзе Анатолю шчаслівы шанец усё змяніць?

Гэта лёгкая, напоўненая адменным гумарам гісторыя задае філасофскія пытанні. І кожны, без сумневу, знойдзе ў ёй нешта сваё.

Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) і на сайце kvitki.by.

28 лютага (11:00) для юных гледачоў будзе паказана казка-страшылка па п’есе С.Бялова «ВУЧАНЬ ВЕДЗЬМАРА, або БІТВА ЧАРАДЗЕЯЎ».

Гэта павучальная казка-страшылка пра тое, як сілу вядзьмарства можна скіраваць на добрыя здзяйсненні. Злы вядзьмар Брэндымар памкнуўся кіраваць усёй грамадою. Сабе ў памагатыя ён выбраў чыюка Андрона, каб потым прынесці яго ў ахвяру, але чыюк аказаўся не так просты. Набытыя ўпотай веды дазволілі чыюку Андрону на роўных змагацца са злым ведзьмаром.

Узроставае абмежаванне – 6+. Спектакль ідзе на рускай мове.

Чакаем вас у тэатры!

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X