СПЕКТАКЛІ КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА – У ЭФІРЫ ТЭЛЕРАДЫЁКАНАЛА «ВІЦЕБСК»

Тэлерадыёкампанія «Віцебск» працягвае па суботах трансляцыю спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

У суботу, 18 ліпеня, вы зможаце ўбачыць тры пастаноўкі.

У 11:00 і  20:00 – «Сымон-музыка». Мелодыя парванай струны паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа.

Прэм’ера спектакля адбылася 21 лістапада 2018 года.

Каб займець годнае месца ў жыцці чалавек, а тым больш творца – «чалавек без скуры», мусіць прайсці праз мноства выпрабаванняў. Звычайны беларускі юнак, чытаючы ўслых новыя і новыя вершы паэмы, прымярае на сябе і вобраз, і лёс Сымона-музыкі, які атрымаў ад Бога талент і надзвычайнае разуменне свету. Сымона, які ідзе па свеце са скрыпкай у руках, чакаюць выгнанне з роднага дома і галеча, невыносная праца і знявага сваёй творчасці, абраза годнасці і згуба каханай... Куды прывядзе яго гэты выпрабавальны шлях? Ці будзе хоць недзе ў гэтым свеце месца Сымону-чалавеку, Сымону-беларусу, Сымону-музыку?..

Інсцэніроўка і пастаноўка Міхася КРАСНАБАЕВА. Мастак-пастаноўшчык – Святлана МАКАРАНКА. Кампазітар – Арцём КРАСНАБАЕЎ. Балетмайстар – Дзіяна ЮРЧАНКА. Відэаінсталяцыі – Алег ЧАРНЯК.

У ролі Сымона - Дзмітрый Каваленка. У ролі Старога, Курылы, Жабрака і Дзеда Данілы – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуш Кокштыс.

У 14:00 вы ўбачыце камедыю «Да трэціх пеўняў» паводле аднайменнай аповесці Васіля Шукшына. Прэм’ера адбылася 6 снежня 2014 года.

У адной бібліятэцы, у кніжцы казак, жыў Іван-дурань і бяды не ведаў. Але літаратурныя персанажы – Бедная Ліза, Анегін, Абломаў ды іншыя – сабралі сход і вырашылі: ганьба гэта, што Іван-дурань сярод іх гэтак спакойна знаходзіцца. І сказалі: ідзі і прынясі даведку пра тое, што разумны. А куды падзецца, калі сход вырашыў? Пайшоў герой…

І па дарозе, вядома, шмат каго сустрэў: Бабу Ягу і Змея Гарыныча, манахаў і чарцей, Мудраца і Царэўну Несмяяну… Здаецца, казачныя персанажы, але вельмі ж знаёмыя, як быццам у акно глядзіш… Нягеглыя, камічныя, часам нават абсурдныя…

Ці вытрывае здзекі добры Іван, надзелены адкрытай, чыстай душой? Створаная коласаўцамі вясёлая казка для дарослых напоўнена жартамі, песнямі, танцамі, яна і пасмешыць, і дасць падумаць наконт праўды жыцця.

Пераклад ПЯТРА ЛАМАНА. Інсцэніроўка і пастаноўка МІХАСЯ КРАСНАБАЕВА. Мастак-пастаноўшчык СВЯТЛАНА МАКАРАНКА. Музычнае афармленне АЛЯКСАНДРА КРЫШТАФОВІЧА. Балетмайстар ДЗІЯНА ЮРЧАНКА.

У запісу спектакля занятыя: Яўген Бераснеў (ІВАН), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова (БАБА ЯГА), Ніна Обухава (БІБЛІЯТЭКАРКА, ДАЧКА БАБЫ ЯГІ, МІЛКА), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Рыгор Шацько (ІЛЛЯ МУРАМЕЦ, 1-я ГАЛАВА ЗМЕЯ ГАРЫНЫЧА, СТРАЖНІК), Аляксандр Фралоў (АБЛОМАЎ, МЯДЗВЕДЗЬ, 2-я ГАЛАВА ЗМЕЯ ГАРЫНЫЧА, МАНАХ), Георгій Лойка (АКАКІЙ АКАКІЯВІЧ, 3-я ГАЛАВА ЗМЕЯ ГАРЫНЫЧА, МУДРЭЦ, МАНАХ), Цімур Жусупаў (АТАМАН), Тамара Краснабаеава-Чарняк (БЕДНАЯ ЛІЗА, НЕСМЯЯНА), Раман Салаўёў (ЛЕНСКІ, ВЫТАНЧАНЫ ЧОРТ), Уладзіслаў Жураўлёў (АНЕГІН), Святлана Сухадолава (ГАННА КАРЭНІНА), Юлія Цвікі (ШУРАЧКА АЗАРАВА).

А 22:й гадзіне будзе паказаны спектакль «Калісь глядзеў на сонца я…». Расповяд пра Максіма Багдановіча.

Прэм’ера адбылася 8 лютага 2017 года.

Спектакль быў прымеркаваны да 125-годдзя з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта, класіка роднай літаратуры Максіма Багдановіча. Коласаўскі тэатр шчыра далучаецца да шанавання гэтага Паэта, Чалавека, Беларуса.

Багдановіч пражыў крыху болей за 25 год, але паспеў зрабіць самае важнае – закласці зерне беларускасці, якое і зараз жыве ў нашых сэрцах. Ён быў адным з тых Праметэяў, які прынёс беларусам агонь разумення сябе як нацыі, любові і павагі да сваёй мовы, незалежнае адчуванне годнасці за матчыну песню.

У пастаноўцы «Калісь глядзеў на сонца я...» коласаўцы распавядаюць, якім у іх разуменні быў гэты годны творца, які верыў, што беларусы здольныя праз уласныя сродкі – мову, свядомасць, адкрытасць пачуццяў – зразумець гэты свет, данесці да яго сваё бачанне існага. Вы пачуеце вершы і роздумы Максіма Багдановіча, зможаце далучыцца да яго духоўнай моцы, тонкасці адчування і ўспрымання Сусвету. Прагучаць песні на яго вершы, дзе кожнае слова як іскрынка, якая можа распаліць цэлае вогнішча.

Спектакль суправаджаецца відэазапісам прыроднай прыгажосці Беларусі, сучаснымі вядомымі на ўвесь свет гістарычнымі краявідамі.

Сцэнар і пастаноўка – СВЯТЛАНА ЖУКОЎСКАЯ, НАТАЛЛЯ АЛАДКА. Мастак-пастаноўшчык ЮЛІЯ КАРЫМАВА. Музыка і музычнае афармленне АЛЯКСАНДРА КРЫШТАФОВІЧА. Пластыка СЯРГЕЯ ТАЎКАЧА. Музычнае суправаджэнне – АЛЕНА ПАРФЁНАВА.

У ролі Максіма Багдановіча – ЯЎГЕН ЛУК'ЯНАЎ.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка