СПЕКТАКЛІ КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА Ў ЭФІРЫ ТЭЛЕРАДЫЁКАНАЛА «ВІЦЕБСК»

У падтрымку Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў сённяшняй нялёгкай сітуацыі тэлерадыёкампанія «Віцебск» пачынае трансляцыю коласаўскіх спектакляў.

25 красавіка, 12:40; 27 красавіка, 16:50, – тэлеспектакль «Незагойная рана».

25 красавіка, 23:00; 26 красавіка, 12:00, – спектакль «Ружа ў чыстым полi».

28 красавіка, 20:10, – спектакль «Квартэт».
Памяці заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Віктара Дашкевіча.

«НЕЗАГОЙНАЯ РАНА»
Тэлеспектакль паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава «Незагойная рана».

Прысвячаецца падзеям Вялікай Айчыннай вайны, пакутам, якія давялося вынесці беларускаму народу ў часы чорнай навалы.

Страшная трагедыя беларускага народа падаецца праз прызму ўспрыняцця простай вясковай кабеты Тэклі, якая згубіла свайго сына-салдата.

У тэлеспектаклі занятыя заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Пісарава і артыст Юрый Кулік.

«РУЖА Ў ЧЫСТЫМ ПОЛІ»
(«Маналог з Музай і Смерцю»)
Трагікамедыя па п'есе Уладзіміра Драздова.

Спектакль прысвячаецца Юдэлю Пэну і разам з пастаноўкамі «Шагал… Шагал…» (пра Марка Шагала) і «Мадам Боншанс» (пра Хаіма Суціна) складае тэатральную трылогію пра віцебскіх мастакоў.

Майстэрня знакамітага мастака Юдэля (Юрыя) Майсеевіча Пэна ў цэнтры старажытнага Віцебска. Апошнія дні жыцця… Эцюды памяці… Падвядзенне вынікаў. Стваральнікі спектакля як быццам углядаюцца ў карціну Пэна «Аўтапартрэт з Музай і Смерцю». І Муза, і Смерць – галоўныя гераіні апошніх дзён Мастака. Што было самым значным у гэтым жыцці? Грошы?.. Не, Пэн ніколі не збіраў багацця… Ён раздаваў грошы тым, хто меў у іх патрэбу, нічога не пакідаючы для сябе.

А цяпер многае – ва ўспамінах. Ён успамінае адну з красунь, якая прайшла праз яго жыццё і стала Музай. Яе твар узнікаў на шматлікіх палотнах. У апошнія дні яго спакой пільнуюць Муза і Смерць… Аўтар п'есы не акрэслівае версіі забойства Пэна, ён абірае мастацкае асэнсаванне – Смерць проста забірае Мастака. Але дата падзей – 1937 год – сведчыць шмат пра што. Водгукам гэтага часу насычана плынь спектакля.

Маладая дама прыносіць у майстэрню партрэт, напісаны Пэнам больш за 20 гадоў таму. Яна хоча захаваць яго, а муж арыштаваны па вінавачанні ў супрацы з палітычнымі партыямі антысавецкага кірунку.

Былы вучань Пэна – зараз паспяховы сталічны мастак і службовец ад мастацтва – прыводзіць людзей, каб арыштаваць Мастака, але спазняецца…

У Віцебск вяртаецца памяць пра знакамітага Мастака. Адноўлены помнік на могілках, арганізуюцца выставы карцін. Гэта шчырая ўдзячнасць Мастаку ад горада, якому ён аддаў жыццё, творчасць, высокае каханне.

Пастаноўка і музычнае афармленне – заслужаны артыст дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталь БАРКОЎСКІ.
Сцэнаграфія і касцюмы – Пётр АНАШЧАНКА, Уладзімір МАТРОСАЎ.

У спектаклі заняты: народны артыст СССР і БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Фёдар Шмакаў (Мастак), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова (Сваячка), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна (Муза), Ірына Цішкевіч (Смерць), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў (Былы вучань), Цімур Жусупаў (Падлетак).

«КВАРТЭТ»
Кранальная камедыя па п'есе Рональда Харвуда.

«Спектакль пра тое, як чалавек з сумнай паўсядзённасці апынаецца ў свеце цудоўнай музыкі, праз якую трапляе ў вечнасць. Творцы сыходзяць, але іх творы застаюцца», – сведчыць рэжысёр Рыд Таліпаў.

Дзеянне адбываецца ў пансіянаце для састарэлых творчых асоб. На сцэне – оперныя зоркі, якіх лёс звёў тут напрыканцы жыцця. Паміж імі складаюцца няпростыя адносіны, але кожны імкнецца падзяліцца з іншым сваімі праблемамі, думкамі, марамі. Яны жадаюць паразумення і чалавечай цеплыні. А галоўным сумесным творчым праектам становіцца ўдзел у юбілейным вечары Вердзі, які ладзіцца ў пансіянаце. Пра гэта яны ўвесь час гавораць і спрачаюцца.

Яны выйшлі на сцэну, можа быць, у апошні раз. Але гісторыя чатырох творчых асоб працягваецца і ў рэальна існуючых акцёрах, а магчыма, і ў гледачах, неабыякавых да магічных і трапяткіх выканаўцаў роляў.

Прэм’ера адбылася 28 верасня 2010 года.

У 2011 годзе спектакль прымаў удзел у Рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія-2011».

Пераклад Пятра ЛАМАНА.
Пастаноўка і музычнае афармленне Рыда ТАЛІПАВА.
Сцэнаграфія і касцюмы Святланы МАКАРАНКА.

У спектаклі занятыя: народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Святлана Акружная (Сісі), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова (Джын), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Рыгор Шацько (Уілфрэд), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Дашкевіч (Рэджы), Пётр Ламан (Бобі).

 Глядзіце нашыя спектаклі
і любіце Коласаўскі тэатр, як ён любіць вас!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка