СПЕКТАКЛЬ «ВАЎКАЛАК» КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА – ЛАЎРЭАТ МІЖНАРОДНАГА ТЭАТРАЛЬНАГА ФЕСТЫВАЛЮ «СМАЛЕНСКІ КАЎЧЭГ»!

7 верасня адбылося ўрачыстае закрыццё і падвядзенне вынікаў VII Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Смаленскі каўчэг». Спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа «Ваўкалак» паводле аднайменнага апавядання Яна Баршчэўскага з кнігі «Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданнях» атрымаў перамогу ў намінацыі «Лепшы спектакль малой формы».
Фестываль праходзіў з 1 па 7 верасня ў расійскім Смаленску. У ім бралі ўдзел 19 творчых калектываў з Расіі, Беларусі, Польшчы, Швецыі. Іх выступы праходзілі ў трох фарматах: адкрытым паказе на вялікай сцэне Смаленскага дзяржаўнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя А.С.Грыбаедава, фармаце анлайн і закрытым паказе – выключна для членаў журы. Дарэчы, у журы ўвайшлі вядомыя пісьменнікі, драматургі, тэатральныя крытыкі і журналісты. У прыватнасці, заслужаны работнік культуры Расіі, член гільдыі тэатральных мэнэджараў РФ Уладзімір Асташчанка; пісьменнік, драматург, член гільдыі драматургаў Расіі і гільдыі драматургаў ЗША Лявон Агулянскі; празаік, драматург Аркадзь Крумер; рэжысёр і тэатральны педагог Пётр Кулікоў і іншыя. Старшыня – рэктар Смаленскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў, кандыдат педагагічных навук Ігар Хрыптулаў.
Віншуем з высокай адзнакай творчасці рэжысёра-пастаноўшчыка спектакля «Ваўкалак» Ірыну Цішкевіч, мастака-пастаноўшчыка Юлію Карымаву, харэографа Дзіяну Юрчанка і ўвесь акцёрскі склад, заняты ў прэм’ерным паказе спектакля - Ульяну Ацясаву, Арцёма Герака, Раісу Грыбовіч, Святлану Жукоўскую, Дзмітрыя Каваленку, Паліну Крашэўскую, Юлію Крашэўскую, Пятра Ламана, Аляксея Стому, Юрася Цвірку.
Зычым далейшых поспехаў, пастаяннай творчасці, новых ідэй і іх здзяйснення!
Бліжэйшы паказ спектакля «Ваўкалак» на камернай сцэне Коласаўскаго тэатра
адбудзецца 3 кастрычніка, а 18-й гадзіне.
Квіткі - у касе тэатра.
Даведкі па тэлефоне 62-63-81.
Добавить комментарий