«СМЯРОТНЫ НУМАР» – У ЭФІРЫ ТЭЛЕРАДЫЁКАНАЛА «ВІЦЕБСК»

Тэлерадыёкампанія «Віцебск» працягвае па суботах трансляцыю спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

13 чэрвеня, а 19-й гадзіне, адбудзецца паказ спектакля «Смяротны нумар» па п’есе Алега Антонава.

Прэм’ера адбылася 18 мая 2016 года.

На сцэне тэатра – цырк! Але майстру клоўнскага мастацтва нечакана робіца блага. І тут невядома адкуль з’яўляюцца яшчэ чацвёра – Белы і Чорны, Руды і Тоўсты. Хто яны? Насамрэч, толькі часткі Клоўна. Як быццам незалежныя, яны толькі адлюстроўваюць розныя ўвасабленні, пачуцці, перыяды жыцця… Аднак кожны лічыць сябе надзвычай важным і галоўным, і таму хоча зрабіць свой выключны нумар, які моцна прагучыць, зазвініць, выбухне пад купалам цырка!

Канешне, зрабіць можна самастойны нумар. А вось жыць кожнаму сваім жыццём – не. Героі проста нездольныя існаваць паасобку. А каб адбылося сапраўднае мастацкае чараўніцтва, яны павінны аб’яднацца ў адным творцы, у адным вялікім Клоўне.

Рэжысёр Міхась Краснабаеў параўноўвае сюжэт спектакля з лёсам акцёра. Каб спектакль жыў, акцёр павінны адмовіцца ад сваёй індывідуальнасці і стаць неад’емнай часткай агульнага відовішча.

У спектаклі «Смяротны нумар» гарманічна спалучаюцца тэатральнае і цыркавое мастацтва. Пластычныя нумары, фокусы, клаўнада, эксцэнтрыка змяняюцца глыбокім псіхалагічным лірызмам, які ўтойваецца пад грымам і маскамі.

Пераклад, пастаноўка і сцэнаграфія – Міхась КРАСНАБАЕЎ. Мастак па касцюмах – Святлана МАКАРАНКА. Кампазітар – Руслан СТАБРОЎСКІ. Відэаінсталяцыі – Алег ЧАРНЯК. Пастаноўка харэаграфічных і пластычных нумароў – Дзіяна ЮРЧАНКА.

У запісу спектакля занятыя: Генадзь Гайдук (КЛОЎН), Яўген Бераснеў (ТОЎСТЫ), Цімур Жусупаў (ЧОРНЫ), Яўген Лук’янаў ( РУДЫ), Раман Салаўёў (БЕЛЫ). 

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X