«СЛАВЯНСКІ БАЗАР У ВІЦЕБСКУ» ЗАПРАШАЕ НА «ТЭАТРАЛЬНЫЯ СУСТРЭЧЫ-2021»

Як вядома, з 15 па 18 ліпеня па традыцыі ў абласным цэнтры будзе праводзіцца XXX, юбілейны, Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Шмат цікавых творчых калектываў ды індывідуальных выканаўцаў прымуць у ім удзел. Сярод фестывальных пляцовак – Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, дзе адбудуцца паказы спектакляў у межах «Тэатральных сустрэч-2021».

15 ліпеня (19:00), у дзень урачыстага адкрыцця фестывалю, на коласаўскай сцэне прадэманструе сваё майстэрства Смаленскі дзяржаўны акадэмічны драматычны тэатр імя А.С.Грыбаедава. Дарэчы, галоўным рэжысёрам там працуе ў мінулым мастацкі кіраўнік коласаўскага калектыву, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталь Баркоўскі. Менавіта ў яго пастаноўцы віцябляне і госці фестывалю змогуць убачыць спектакль «Кахай мяне кахай» па п’есе сучаснага рускамоўнага ізраільскага драматурга Аркадзя Крумера. Цікава, што аўтар камедыі таксама паходзіць з Віцебску, тут ён пэўны час працаваў на абласным тэлебачанні. У Коласаўскім тэатры ішла яго п’еса (якую ён напісаў у сааўтарстве з Міхаілам Шульманам) «Тры гадзіны на сачыненне».

 

Магчыма, не знойдзецца ніводнага чалавека, які б не захацеў прыадчыніць заслону таямніцы...сваёй будучыні. Магістр па здрадах Ардамус вырашыў скарыстаць дадзены факт у камерцыйных мэтах. У яго – велізарная кліентура, кнігі і радыёэфіры, «наладжанае» жыццё! Усё распланавана: на працы – стабільны прыбытак, у асабістым жыцці – жонка і палюбоўніца!

Але жыццё падносіць свае сюрпрызы... І раптам, як гром сярод яснага неба... Шаленства і поўны абсурд! Віхура блытанін, непаразуменняў, падманаў з нагрувашчваннем камічных сітуацый.

У адной з цэнтральных роляў вы ўбачыце, дарэчы, былога артыста-коласаўца Юрыя Гапеева. Аматары тэатра, пэўна, памятаюць яго па спектаклях «Мудрацы…» А.Астроўскага, «Леаніды не вернуцца на зямлю» Ул.Караткевіча, дзе ён стварыў вобразы галоўных персанажаў.

У астатніх ролях занятыя: Кацярына Максімава, Аляксандр Какшараў, Людміла Моткіна,  заслужаная артыстка РФ Галіна Круць, Вера Дуплій, заслужаная артыстка РФ Іна Флегантава, Ірына Лісянкова, Яўген Ракіцкі, Канстанцін Юхневіч, Марыя Вілюнова, Аляксандр Кашчаеў, Аліса Білічэнка.

Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.

16 ліпеня (19:00) будзе паказаны спектакль заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Тэатра-студыі кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм» -  «Фальшывая нота» па п’есе вядомага французскага драматурга, акцёра, рэжысёра Дзідзье Карона. Менавіта за гэты твор яго аўтар атрымаў «Залатую маску» ў 1997 годзе.

 

Сусветна вядомы дырыжор Х.П.Мілер толькі што скончыў канцэрт у Жэнеўскай філармоніі. Ён незадаволены сваім аркестрам і вельмі раздражнёны. У грымёрнай нечакана з'яўляецца глядач, які адмыслова прыехаў з Бельгіі, каб быць на гэтым канцэрце. Даўні прыхільнік Мілера прагне атрымаць аўтограф і фатаграфію вядомага маэстра на памяць.

Але што стаіць за гэтай сустрэчай? Ці толькі жаданне выказаць захапленне ці загадзя запланаваны каварны план? Сустрэча гэтых двух людзей зменіць жыццё кожнага, ператварыўшыся ў паядынак, у выніку якога памяняецца філасофія жыцця кожнага.

Амаль дэтэктыўная гісторыя, дзе «ахвяра» і «кат» часам змяняюцца месцамі і трымаюць гледачоў у напружанні да самага канца спектакля.

Паставіў спектакль мастацкі кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра, вядомы кінарэжысёр, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Яфрэмаў. Ён жа аўтар сцэнаграфіі і касцюмаў. Кампазітар Віктар Капыцько.

У галоўных ролях – лаўрэат спецыяльнай Прэзідэнцкай прэміі дзеячам культуры і мастацтва, заслужаны артыст БССР Уладзімір Мішчанчук, Сяргей Лапаніцын і пераможца тэлевізійнага конкурсу «Таленты краіны» Нікон Мазоль.

Узроставае абмежаванне – 14+. Спектакль ідзе на рускай мове.

17 ліпеня (19:00) незалежны тэатральны праект «Трытфармат» прадстаўляе сваю варыяцыю вядомай п’есы Антона Чэхава «Тры сястры».

 

Сучасная пастаноўка без арыенціраў на эпоху. Гэта крык, застылы ў часе і прасторы. Тры сястры, якія нарадзіліся на Старой Басманнай, увесь час паўтараюць: «Толькі едзьма ў Маскву! Малю цябе, едзьма!». Для новых «Трох сясцёр» рэжысёр Таццяна Самбук знайшла і новую форму. Акцёры іграюць сучасных людзей, што жывуць у XXI стагоддзі. «Мы не адыходзім ад тэксту п'есы, – лічыць Таццяна. – Але сёстры жывуць у сённяшніх акалічнасцях».

Спектакль ідзе ў суправаджэнні малога складу Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь.

У ролях: Аляксандр Цімошкін, Наталля Халадовіч, Вера Палякова, Алеся Пухавая, Юрый Баранаў, Уладзімір Іваноў, Арцём Давідовіч, Дзмітрый Клімовіч, Арцём Макей.

Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.

18 ліпеня (19:00) заўсёднік «Славянскага базару ў Віцебску» Маскоўскі тэатр «На Паўднёвым Захадзе» пакажа спектакль паводле вядомай камедыі Міхаіла Булгакава «Зойчына кватэра».

 

На сцэне, залітай святлом, красуня Зойка Пельц. Прыгожая, разумная, энергічная жанчына марыць збегчы! Збегчы прочкі ад хабарнікаў, грубых салдафонаў, безгустоўна апранутых баб, ненажэрных чыноўнікаў, дробных жулікаў, пральных, ад усёй вульгарнай рэчаіснасці… Куды? У Парыж, вядома! Да Елісейскіх палёў, дзе бэзавы заход сонца, пахне ландышамі і квітнеюць рададэндраны! З каханым у Парыжы – што можа быць больш рамантычна? Ці атрымаецца ў гераіні дасягнуць сваёй мары? Ці будзе яна шчаслівая?

Рэжысёр-пастаноўшчык – Алег Анішчанка.

У ролях: Карына Дымант, Максім Лакамкін, Антон Бялоў, Аліна Дзмітрыева, Андрэй Саннікаў, Алег Анішчанка, Вадзім Сакалоў, Любоў Ярлыкова, Ксенія Яфрэмава, Вераніка Саркісава, Вольга Авілава, Алена Шастоўская.

Узроставае абмежаванне – 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.

Білеты на «Тэатральныя сустрэчы-2021»
можна набыць за наяўны і безнаяўны разлік у касах горада:
Плошча Свабоды (падземны пераход «Летні амфітэатр – ТРК «Марка-сіці»),
Плошча Перамогі (падземны пераход)
альбо на сайце kvitki.by.

 

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
          

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка