ШКОЛЬНЫ ТЭАТР-28. ВЫНІКІ ПАДВЕДЗЕНЫ. ПЕРАМОЖЦЫ АБ'ЯЎЛЕНЫ
24.04.2025
21-22 красавіка ў памяшканні Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра праходзіў фінальны этап гарадскога конкурсу «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр-28». Яго арганізатарамі па-ранейшаму з’яўляюцца Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, аддзелы па адукацыі, ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама. Як і ў мінулыя гады, фінальнаму этапу папярэднічалі раённыя конкурсы школьных тэатраў, дзе былі вызначаны лепшыя калектывы, якія і трапілі на фінішную прамую. Вялікую ролю ў арганізацыі і правядзенні конкурсу сыграў коласаўскі тэатр і яго супрацоўнікі. Гэта і кансультатыўная дапамога ў падборы драматургічнага матэрыялу (быў складзены рэкамендацыйны спіс п’ес беларускіх аўтараў, прапанаваны кіраўнікам школьных тэатраў), і ўдзел коласаўцаў у рабоце журы раённых конкурсаў і фінальнага этапу, і арганізацыя рэпетыцый калектываў на пляцоўцы Коласаўскага тэатра, пад час якіх ім аказваецца і рэжысёрская дапамога.
Як мы ўжо адзначалі, у рэпертуар школьных тэатраў шчодра патрапілі творы беларускіх класікаў. Гэта Янка Купала і Якуб Колас, Ян Баршчэўскі і Уладзімір Караткевіч. Сярод сучасных аўтараў – нашы знакамітыя землякі Аляксей Дудараў і Алесь Петрашкевіч, Валерый Гапееў, Ягор Конеў і Галіна Васілеўская. Трапілі ў фінал і два аўтарскія спектаклі, літаратурную аснову якіх склалі кіраўнік альбо ўдзельнік школьнага тэатра.
У журы фінальнага этапу трапілі творчыя прадстаўнікі тэатра імя Якуба Коласа (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, старшыня віцебскай арганізацыі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Таццяна Ліхачова, маладыя артысты Міхаіл Асанаў і Ілля Блыкін), выкладчык акцёрскага майстэрства Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў Алесь Маханькоў, метадыст Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ала Плюскевіч. Узначаліў журы мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра Канстанцін Ганчароў, дарэчы, сам неаднаразовы ўдзельнік і пераможца конкурсаў школьных тэатраў.
Адкрываў гарадскі конкурс «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр-28» намеснік старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Віктар Глушын. Ён прывітаў удзельнікаў творчага спаборніцтва і пажадаў ім яскравых перамог.
А цяпер пра вынікі.
Гран-пры конкурсу атрымаў тэатральны калектыў сярэдняй школы № 17 (кіраўнік Варвара Саўчанка) за аўтарскі спектакль «Пакінутае дзяцінства», прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі і генацыду беларускага народа ў гады той чорнай страшнай навалы. У змрочных сценах канцлагера разгортвалася трагедыя дзяцей, чые лёсы назаўжды знявечаны жорсткасцю нямецкага рэжыму, раз’яднаныя з сем’ямі, пазбаўленыя дзяцінства. Яны сутыкаюцца з няспыннай стратай блізкіх, надзеі, асабістага «я». Многія з іх не дажывуць да вызвалення, сустрэнуць смерць у бараках ці душагубках. Юныя артысты (тут трэба заўважыць, што ў спектаклі ўдзельнічалі дзеці самага рознага ўзросту) скарылі гледачоў і членаў журы шчырасцю і непадробнасцю пачуццяў, тым, як лёсы іх далёкіх равеснікаў былі прапушчаны праз душы і сэрцы выканаўцаў. Апрача зладжанага акцёрскага ансамбля, варта адзначыць і добрую знакавую сцэнаграфію, і дакладна ўжыты «тэатр ценяў», і ўмела падабранае музычнае афармленне, адпаведнае атмасферы спектакля.

I месца падзялілі паміж сабой тэатр «Эцюд» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі (кіраўнік Наталля Ганчарова) і тэатральны калектыў гімназіі №2 на чале з Ульянай Ацясавай. Як першы, так і другі спектакль заснаваны на вядомых творах беларускіх класікаў. У выкананні юных артыстаў з тэатра «Эцюд» – гэта выбраныя старонкі з драматычнай паэмы Янкі Купалы «Сон на кургане». Рэжысёр, аўтар мастацкага і музычнага афармлення Наталля Ганчарова ўзяла толькі адну сюжэтную лінію твора, пра што, зрэшты, кажа і назва спектакля – «Русальны спеў». Лёсы трох жанчын, смерць якіх напаткала ў выніку няшчаснага кахання, знайшлі адбітак у спектаклі. Кожная з выканальніц (Злата Ганчарова, Надзея Гольнева і Вікторыя Хадакова) змаглі здольна пераўвасобіцца ў сваіх містычных персанажаў – русалак, у якіх моцна жыве памяць аб страчаным раі – зямным каханні, якое яны нястомна і пакутна перажываюць зноў і зноў.

Спектакль Ульяны Ацясавай па матывах апавядання «Плачка» з кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня» мае міфалагічную аснову і пабудаваны найперш на пластыцы. Сам вобраз галоўнай гераіні сімвалістычны і ўказвае на тое, што духоўны здабытак, душэўнае багацце куды важнейшыя за матэрыяльныя скарбы. Невыпадкова ў апавяданні і спектаклі ўзнікаюць постаці старога Сляпога і яго павадыра (знак аблуднага чалавецтва, якое згубіла шлях да Бога).

II месца таксама падзялілі між сабой два калектывы. Гэта ўзорны школьны тэатр «ТэсТ» сярэдняй школы № 4 (кіраўнік Алена Кунцэвіч) і ўзорны тэатральны калектыў «Прэм’ера» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (кіраўнік Наталля Шлімакова). Калектывы, як бачым, не шараговыя, маюць ганаровыя званні, таму і спектаклі павінны былі быць моцнага творчага ўзроўню. Тэатр «ТэсТ» звярнуўся да вядомай п’есы Алеся Петрашкевіча «Дагарэла свечачка да палічкі», прысвечанай чарнобыльскай трагедыі. Спектакль паставіла выпускніца гэтай жа школы, якая ўжо вучыцца ў Маскве, але не парывае сувязі са сваёй навучальнай установай і калектывам, дзе і сама займалася. Увогуле п’еса напісана для адной актрысы. Дзея трагедыі адбываецца ў пакінутай чарнобыльскай вёсцы, адкуль вывезлі ўсіх жыхароў.Засталася толькі старая Марфа (Дар’я Сінкевіч), якая цягам п’есы вядзе доўгую размову з сабой, прыгадваючы сваё складанае жыццё. У ім, як у люстэрку, адбіўся драматычны лёс Беларусі савецкага перыяду. Тут і прымусовая калектывізацыя, і раскулачванне, і рэпрэсіі супраць святароў, і руйнаванне храмаў, і вайна, і гібель соцень беларускіх хлопцаў у Афганістане, і самая страшэнная навала – Чарнобыль, які стаў свайго роду адплатай, страшным фіналам бальшавіцкага кіравання. П’еса заканчваецца трагічна: Марфа жыўцом спальвае сябе ў бацькоўскай хаце. Трэба сказаць дзякуй юнай выканаўцы, якая змагла прапусціць драму сваёй гераіні праз сябе і на якой, па сутнасці, трымаецца ўвесь спектакль. Адметнасць работы ( і ў гэтым бачыцца вартасць рэжысуры) палягае ў тым, што з монап’есы зроблены густанаселены твор, дзе знайшлося месца і мужу галоўнай гераіні Лявону (Іліян Шавырын), і ўнуку Васільку (Яўгеній Новік), і цэламу шэрагу аднавяскоўцаў Марфы.

Калектыў »Прэм’ера» звярнуўся да аповесці сучаснага беларускага пісьменніка Валерыя Гапеева (які часта ўздымае школьную праблематыку) «Першы боль». Гэта гісторыя першага кахання, як гэта часта бывае, нераздзеленага, неўзаемнага. Тэма быццам цікавая для юных артыстаў і гледачоў, але сама аповесць даволі другасная, цяжка перакладаецца на мову сцэны, магчыма, таму ў спектаклі не ўсё ўдалося.

III месца падзялілі школьны тэатр «Вобраз» сярэдняй школы № 7 (кіраўнік Дзіна Трубчанінава) за аўтарскі спектакль Ульяны Цвікі «Што яны страцілі» па апавяданню Якуба Коласа і тэатральны калектыў «Прэм’ера і К» гімназіі №1 (кіраўнік Таццяна Быкава) за спектакль «Выбар» па п’есе Аляксея Дударава. Першая з творчых работ вылучаецца добрай пластычнасцю, ансамблевасцю, згуртаванасцю выканаўцаў, дзе як быццам складана кагосьці вылучыць, арганізаванасцю сцэнічнай прасторы. Само па сабе апавяданне Якуба Коласа належыць да цыклу «Казкі жыцця», як і іншыя, яно даволі алегарычнае і даводзіць, як складана жыць у супольнасці, калі кожны існуе сам па сабе і ўсіх не злучае згода і дружба.
Стваральнікі спектакля «Выбар» найперш засяродзіліся на сцэнічных вобразах, акцёрскіх работах, якія атрымаліся эмацыянальнымі, пераканальнымі. Разам з тым заўважаеш амаль адсутнасць матэрыяльнага, рэчыўнага асяроддзя, якое б таксама разам з выканаўцамі «іграла», працавала б на ідэю, раскрыццё зместу спектакля. Большая частка дзеяння ідзе на тэксце, на дыскусіях, спрэчках, артыстам не хапае пэўнага падмацавання з боку пастановачных сродкаў.

Калектывы атрымалі і дыпломы ў шэрагу намінацый. Дыплом «Лепшы спектакль для юнацтва» ўганараваны ўзорны тэатральны калектыў «Прэм’ера» Віцебскага гарадскога цэнтра даджатковай адукацыі дзяцей і моладзі за спектакль «Першы боль». Дыпломам глядацкіх сімпатый узнагароджаны тэатральны калектыў гімназіі № 2 за спектакль «Плачка». «Лепшым спектаклем на грамадзянска-патрыятычную тэматыку» прызнаны «Верыць і любіць» па апавяданню Уладзіміра Караткевіча ў выкананні тэатральнага калектыву «ТэГі» гімназіі № 7 (кіраўнік Галіна Мароз).

А цяпер пра персанальныя ўзнагароды. Спачатку для кіраўнікоў. Дыпломам у намінацыі «Лепшае музычнае афармленне» за спектакль «Русальны спеў» узнагароджана кіраўнік тэатра «Эцюд» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Наталля Ганчарова. Дыплом у намінацыі «Лепшая работа мастака-пастаноўшчыка (сцэнаграфія)» за спектакль «Першы боль» атрымала мастак узорнага тэатральнага калектыву «Прэм’ера» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Лілія Казакевіч. Дыплом у намінацыі «Лепшая работа мастака-пастаноўшчыка (касцюмы)» за спектакль «Русальны спеў» ізноў дастаўся кіраўніку тэатра «Эцюд» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Наталлі Ганчаровай. Дыпломам ў намінацыі «Лепшая рэжысура» за спектакль «Плачка» ўзнагароджана кіраўнік тэатральнага калектыву гімназіі №2 Ульяна Ацясава.
А цяпер пра лепшыя акцёрскія работы.
Дыпломам у намінацыі «Лепшы дэбют» былі ўзнагароджаны: Максім Караткевіч за ролю Авадня ў спектаклі «Што яны страцілі» школьнага тэатра «Вобраз» сярэдняй школы №7; Ліяна Вурганава за ролю Кабасі ў спектаклі «Адважныя парсючкі» тэатральнага калектыву сярэдняй школы № 24; Мацвей Барадзін за ролю Антона Кашына ў спектаклі «Выбар» тэатральнага калектыву «Прэм’ера і Ко» гімназіі №1.
Дыпломамі ў намінацыі «Лепшая жаночая роля другога плану» за ролю Маці Дробава ў спектаклі «Выбар» тэатральнага калектыву «Прэм’ера і Ко» гімназіі №1 узнагароджана Анастасія Барсукова, за ролю Любкі ў спектаклі «Дагарэла свечачка да палічкі» ўзорнага школьнага тэатра «ТэСТ» сярэдняй школы №4 - Марыя Курневіч.
Дыпломамі ў намінацыі «Лепшая мужчынская роля другога плану» за ролю Хлопчыка ў спектаклі «Плачка» тэатральнага калектыву гімназіі №2 атрымаў Іван Стрыкелеў, за ролю Зайца ў спектаклі «Адважныя парсючкі» тэатральнага калектыву сярэдняй школы №24 - Соф’я Беластоцкая.

Дыпломамі ў намінацыі «Лепшая жаночая роля» за ролю Гаёўкі ў спектаклі «Што яны страцілі» школьнага тэатра «Вобраз» сярэдняй школы №7 узнагароджана Дар’я Спінава, за ролю Русалкі ў спектаклі «Русальны спеў» тэатра «Эцюд» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі - Вікторыя Хадакова.
Дыпломамі ў намінацыі «Лепшая мужчынская роля» за ролю Шабуні ў спектаклі «Выбар» тэатральнага калектыву «Прэм’ера і Ко» гімназіі №1 узнагароджаны Канстанцін Барсукоў, за ролю Злога Чараўніка ў спектаклі «Як лютасць стала літасцю» тэатральнага калектыву сярэдняй школы №40 - Вераніка Каршакова.

Традыцыйна па-за межамі палажэння аб конкурсе аддзел па адукацыі Віцебскага гарвыканкама ўзнагародзіў дыпломамі «За яскравае выкананне ролі» многіх артыстаў школьных тэатраў, якія прайшлі ў заключны этап і стварылі яркія, насычаныя запамінальныя вобразы.
Сёлета імі сталі: выканаўца ролі Шэршня ў спектаклі «Што яны страцілі» школьнага тэатра «Вобраз» сярэдняй школы №7 – Мікіта Еўдакімаў; выканаўца ролі Русалкі ў спектаклі «Русальны спеў» тэатра «Эцюд» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі – Надзея Гольнева; выканаўца ролі Сёмага прыдворнага ў спектаклі «Як лютасць стала літасцю» тэатральнага калектыву сярэдняй школы №40 – Сяргей Лаўрэнаў; выканаўца ролі Ваўка ў спектаклі «Адважныя парсючкі» тэатральнага калектыву сярэдняй школы №24 – Юрый Башкевіч; выканаўца ролі Дробава ў спектаклі «Выбар» тэатральнага калектыву «Прэм’ера і Ко» гімназіі №1 – Мікіта Прахорскі; выканаўца ролі Доктаркі ў спектаклі «Выбар» тэатральнага калектыву «Прэм’ера і Ко» гімназіі №1 – Кіра Краснова; выканаўца ролі Міцькі ў спектаклі «Пакінутае дзяцінства» тэатральнага калектыву сярэдняй школы №17 – Арсеній Прыстаўка; выканаўца ролі Валі ў спектаклі «Пакінутае дзяцінства» тэатральнага калектыву сярэдняй школы №17 – Алеся Агурцова; выканаўца ролі Марфы ў спектаклі «Дагарэла свечачка да палічкі» ўзорнага школьнага тэатра «ТэСТ» сярэдняй школы №4 – Дар’я Сінкевіч; выканаўца ролі Юры ў спектаклі «Першы боль» узорнага тэатральнага калектыву «Прэм’ера» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі – Назар Арлоўскі; выканаўца ролі Каці ў спектаклі «Першы боль» узорнага тэатральнага калектыву «Прэм’ера» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі – Анастасія Амецюх; выканаўца ролі Настаўніцы ў спектаклі «Першы боль» узорнага тэатральнага калектыву «Прэм’ера» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі – Паліна Зелянцова; выканаўца ролі Плачкі ў спектаклі «Плачка» тэатральнага калектыву гімназіі №2 – Вераніка Вярхоўская; выканаўца ролі Хана ў спектаклі «Верыць і любіць» тэатральнага калектыву «ТэГі» гімназіі №7 – Ягор Кузьмянок; выканаўца ролі Юсуфі ў спектаклі «Верыць і любіць» тэатральнага калектыву «ТэГі» гімназіі №7 – Аляксандр Сауткін.
Асабліва цёплыя словы хочацца выказаць у адрас кіраўнікоў калектываў. У гэтым годзе ўпершыню ўсе яны атрымалі падарункі ад аддзела па адукацыі Віцебскага гарвыканкама.
Зычым усім удзельнікам школьных тэатраў новых творчых перамог! Хай ніколі не знікае ваша любоў і прыхільнасць да сцэнічнага мастацтва!


















Добавить комментарий