«ШКОЛЬНЫ ТЭАТР-23». ВЫНІКІ

Конкурс «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр-23» падышоў да фінальнай кропкі. 10 калектываў імкнуліся даказаць творчае першынства. Лепшымі названыя тыя, каго вызначыла журы на чале з народнай артысткай Беларусі Святланай Акружной. 14 мая, пасля доўгага няпростага абмеркавання, суддзі ва ўрачыстай абстаноўцы аб’явілі найбольш таленавітыя, па іх меркаванні, спектаклі, школьныя тэатры, юных артыстаў-дыпламантаў.

Лепшыя з лепшых

Найвышэйшай узнагародай конкурсу – Гран-пры – адзначана студыя «Перазагрузка» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (кіраўнік Наталля Шлімакова). Спектакль «Вобраз Чацкага» быў першай пастаноўкай п’есе сучаснага айчыннага драматурга Андрэя Жвалеўскага ў Беларусі. Рэжысёр і артысты ўзнялі вострыя праблемы ўзаемаадносін розных пакаленняў – бацькоў і падлеткаў, настаўнікаў і вучняў, якім складана паразумецца адно з адным. На думку вядучага майстра сцэны Ніны Обухавай, «юныя артысты добра ўжыліся ў вобразы сваіх аднагодкаў, а рэжысёр выдатна збудавала пастаноўку».

 

I месца падзялілі два калектывы – тэатральны калектыў СШ №28 і школьны тэатр «Ступенькі» гімназіі №7. Калектыў СШ №28 пазнаёміў гледачоў з менш вядомым творам – інсцэніроўкай аповесці Валерыя Гапеева «Ксюхіна поле». Артысты ўзнялі вострую для сённяшняй моладзі праблему наркаманіі. На думку заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Вячаслава Грушова, «пра вельмі складаныя рэчы артысты вельмі проста распавялі, яны ведалі, пра што яны іграюць і куды вядуць дзеянне». Кіраўніку творчага калектыву Зоі Таранеўскай, якая больш за 20 год займаецца школьным тэатрам, уручаны дыплом «За лепшую рэжысёрскую работу». Гімназісты на чале з рэжысёрам Юрыем Іваноўскім паказалі драматычную баладу «Не пакідай мяне…» А.Дударава. Гэты вельмі вядомы твор часта ўвасабляецца на прафесійнай і аматарскай сцэне. Спектакль прысвячаўся 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад фашызму. Старшыня журы Святлана Акружная добра ацаніла сцэнічныя вобразы пастаноўкі, яе збудаванасць і агульную атмасферу.

 

Дыпломы за II месца атрымалі тэатральныя калектывы СШ №45 за спектакль «Пярэпалах» па народнай камедыі Васіля Ткачова (кіраўнік Мікалай Бандарэнка) і гімназіі №1 (кіраўнік Таццяна Быкава) за ўвасабленне п’есы-прыпавесці Таццяны Ламонавай «Усім, хто ляціць на Паўночны Захад». Першы з іх быў адзначаны таксама дыпломам глядацкіх сімпатый. Другі прызнаны лепшым спектаклем для юнацтва.

 

III месца падзялілі школьны тэатр «Шкаляр» СШ №22 (кіраўнік Алесь Замкоўскі) за пастаноўку п’есы «Хайп» маладога беларускага драматурга Улады Альхоўскай і тэатральны калектыў «Адраджэнне» СШ №25 (кіраўнік Аксана Відасава) за спектакль «Аўтобус» паводле апавядання Валерыя Гапеева. У іх знайшлі адбітак негатыўныя бакі нашага жыцця - самазамбіраванне маладога пакалення ўяўным інтэрнэт-поспехам і нявер’е ў сябе. Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова пры абмеркаванні была ўражана пастаноўкай «Хайп», магчыма, таму, што і сама іграла ў падобным матэрыяле, асабліва ж вылучыла выканаўцу ролі маці Жанны.

І музыка, і фарбы...

За лепшую работу мастака-пастаноўшчыка адзначана Таццяна Кісялёва (тэатральная студыя «Люстэрка», СШ №46), аўтар афармлення спектакля «Тайна чорнага каменя» па п’есе Васіля Ткачова. Гэты ж калектыў атрымаў дыплом «За высокую сцэнічную культуру».

Спецыяльны прыз і дыплом Віцебскага аддзялення Беларускага саюза тэатральных дзеячаў уручаны калектыву СШ №15 за спектакль «Прывід» паводле апавядання Вацлава Ластоўскага. Адзін з яго кіраўнікоў Ларыса Гарнова адзначана дыпломам «За лепшае музычнае афармленне».

Дыплом «За яскравае ўвасабленне беларускай класікі» дастаўся тэатральнаму гурту «Пігмаліён» СШ №35 (кіраўнік Вольга Зароўская) за спектакль «Трыбунал» паводле Андрэя Макаёнка.

Першая асоба ў тэатры – артыст

Каго з юных артыстаў журы вызначыла як найбольш яскравых?

За лепшае выкананне галоўнай мужчынскай ролі ўзнагароджаны – Аляксей Алісеенка (Дзед Ягор у спектаклі «Пярэпалах», СШ №45) і Сцяпан Раманькоў (Міхасёў у спектаклі «Не пакідай мяне…», гімназія №7). Лепшымі выканаўцамі галоўных жаночых роляў названыя Лізавета Грубава (Паліна з «Трыбунала», СШ №35) і Ксенія Туркова (Жанна са спектакля «Хайп», СШ №22).

За лепшую жаночую ролю другога плану адзначаны Паліна Юшкоўская (Чарвячок са спектакля «Усім, хто ляціць на Паўночны захад», гімназія №1) і Дзіяна Маскалёва (Нярвовая жанчына са спектакля «Аўтобус», СШ №25). За лепшую мужчынскую ролю другога плану – Аляксей Шаміч (Вецер са спектакля «Усім, хто ляціць на Паўночны Захад», гімназія №1) і Глеб Сыройкін (Юрка ў спектаклі «Ксюхіна поле», СШ №28).

Былі адзначаны і вельмі яркія пачаткоўцы. Дыпломы «За яскравы дэбют» атрымалі Назар Зуеў (Ігнат у спектаклі «Прывід», СШ №15), Яраслаў Пашкевіч (Сяргей са спектакля «Ксюхіна поле», СШ №28) і Станіслаў Кірдзей (Кнауц са спектакля «Пярэпалах», СШ №45).

 

Быў уручаны і цэлы шэраг заахвочвальных дыпломаў ад аддзела па адукацыі Віцебскага гарвыканкама – «За яскравае выкананне ролі». Іх атрымалі:

– Дар’я Саенка (Мажная жанчына – «Аўтобус», СШ №25)
– Ілля Навасельцаў (Муж Мажнай жанчыны – «Аўтобус»)
– Алена Машарава (Лекарка – «Аўтобус»)
– Паліна Голубева (Аўдоцця – «Пярэпалах», СШ №45)
– Адэль Зайцава (Паўлаўна – «Пярэпалах»)
– Ксенія Вячэрская (Акрошка – «Пярэпалах»)
– Арцём Буднікаў (Цярэшка – «Трыбунал», СШ №35)
– Ксенія Стрэльчанка (Сарока – «Тайна чорнага каменя», СШ №46)
– Ганна Дарашкевіч (Крэміс – «Не пакідай мяне…», гімназія №7)
– Ксенія Горбарава (Гурская – «Не пакідай мяне…»)
– Ганна Сітдзікава (Ладысева – «Не пакідай мяне…»)
– Дар’я Пугачова (Бацян – «Не пакідай мяне…»)
– Мікалай Разановіч (Нарцыс – «Усім, хто ляціць на Паўночны Захад», гімназія №1)
– Лізавета Атрашкевіч (Нарцыса – «Усім, хто ляціць на Паўночны Захад»)
– Аксана Гаўрыленка (Ксюха – «Ксюхіна поле», СШ №28)
– Марыя Зелянкова (Баба Каця – «Ксюхіна поле»)

 

 

Усім арганізатарам і фундатарам – вялікі дзякуй за падтрымку

Перад цырымоніяй узнагароджання майстар-клас у выглядзе тэатральных замалёвак паказалі навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага каледжы культуры і мастацтваў. Куратар курса, артыст Беларускага тэатра «Лялька» Аляксандр Маханькоў расказаў прысутным пра магчымае паступленне на акцёрскія і рэжысёрскія спецыяльнасці каледжа.

 

На цырымоніі ўзнагароджання выступіў начальнік аддзела па адукацыі Віцебскага гарвыканкама Ігар Юр’евіч Кіруценка. Ён прыгадаў свае дзіцячыя гады, калі таксама браў удзел у тэатральных гуртках. І пажадаў юным артыстам далейшых творчых поспехаў.

Выказваем падзяку ўсім, дзякуючы каму жыве конкурс школьных тэатраў на самых розных яго этапах. У першую чаргу – літаратурна-драматычнай частцы ў асобе кіраўніка Алеся Замкоўскага і літаратурнага рэдактара Юрыя Іваноўскага. Яны аказваюць дапамогу ў падборы п’ес, самі ўдзельнічаюць у працы журы на раённых турах, каардынуюць работу ўсіх службаў тэатра пад час рэпетыцый і непасрэдна фіналу. Вядома – рэжысёру-пастаноўшчыку Коласаўскага тэатра Ірыне Цішкевіч, якая сёлета ўпершыню ўзяла на сябе функцыі рэжысёра фестывалю і справілася з гэтым вельмі годна, дапамагала ўсім калектывам даводзіць творчыя работы да годнага мастацкага ўзроўню і адаптаваць іх да ўмоў камернай сцэны. Безумоўна – галоўнаму мастаку тэатра Святлане Макаранка, якая дапамагала падбіраць мастацкае афармленне конкурсных работ.

І вядома ж, вялікая падзяка ўсім заснавальнікам конкурсу: і кіраўніцтву Коласаўскага тэатра, якое прадставіла памяшканне, арганізавала зладжаную работу ўсіх службаў, і аддзелу па адукацыі Віцебскага гарвыканкама, які дапамог у набыцці прызоў дыпламантам, і аддзелу ідэалагічнай работы і па справах моладзі гарвыканкама за дапамогу з вырабам друкаванай прадукцыі. Яны ўсе падтрымліваюць наш фестываль, а разам з ім і маладыя таленты – будучае беларускага сцэнічнага мастацтва.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

      

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка