СЦЕЖКАМІ ДАБРА. П’ЕСЫ КАНДРАТА КРАПІВЫ НА КОЛАСАЎСКАЙ СЦЭНЕ

5 сакавіка споўнілася 125 год з дня нараджэння выдатнага беларускага драматурга, празаіка, байкапісца, перакладчыка, літаратуразнаўцы, народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы. Згадаем творчы шлях пісьменніка, бо ён звязаны і з гісторыяй Коласаўскага тэатра.

Прыход Кандрата Крапівы ў драматургію быў абсалютна заканамерным. Але сам пісьменнік не выключаў і момантаў выпадковасці. Ён успамінаў: «Пачалося з таго, што мяне папрасілі перакласці на беларускую мову п’есу Д.Фанвізіна «Недаростак». І мне, натуральна, было цікава паглядзець, наколькі ўдалым атрымаўся пераклад. У вуснах акцёра, справядліва думаў я, фальш аўтарскага слова, у дадзеным выпадку майго, павінна адчувацца асабліва. І я зачасціў на рэпетыцыі. Вось тут і «зачапілі» мяне, прапанаваўшы самому напісаць п’есу». Гэтай п’есай была драма «Канец дружбы», з якой аўтар удзельнічаў у Рэспубліканскім конкурсе на лепшы драматургічны твор. Драма «Канец дружбы» першай прэміі не атрымала. Але яна была ўзнагароджана дыпломам другой ступені. Да таго ж, гэта п’еса стала пачаткам вялікай дружбы паміж драматургам і тэатрам. Упершыню на практыцы пазнаёміўшыся з законамі сцэны, Кандрат Крапіва зразумеў, што, як бы ні адрозніваліся яны ад прывычных і дастаткова засвоеных ім законаў белетрыстыкі, ён здолее пераадолець творчы бар’ер.

Самыя першыя крокі Кандрата Крапівы ў драматургіі былі пазначаны арыгінальнасцю, самастойнасцю, яго голас не згубіўся ў драматургічным хоры, а загучаў чыста, магутна, непаўторна. Яго адметны талент адразу ж быў заўважаны ўсесаюзнай грамадскасцю. У 1937 годзе ён стварае народную драму «Партызаны», а ў 1939-м – камедыю «Хто смяецца апошнім», бліскучы ўзор сатыры таго часу. Абедзве п’есы былі таленавіта пастаўлены БДТ-1, будучым Купалаўскім тэатрам.

А вось коласаўцы ўпершыню звярнуліся да творчасці Кандрата Крапівы толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта быў 1943 год, тэатр тады знаходзіўся ў эвакуацыі ў горадзе Уральску, што ў Казахстане. «Проба агнём» – гэта п’еса пра мужнасць і воінскі абавязак. У барацьбе з ворагам праходзяць суровае выпрабаванне галоўныя героі драмы: камандзір палка маёр Караневіч, яго жонка Наталля, лейтэнант Перагуд; выпрабоўваецца сіла іх кахання, вернасці, дружбы.

Маёр Караневіч (у яго ролі выступаў народны артыст СССР Павел Малчанаў) адзіна важным у жыцці лічыў сваю работу. Быў сухі і стрыманы ў адносінах да жонкі Наталлі Мікалаеўны (народная артыстка Беларусі Алена Радзялоўская). Цалкам заняты сваімі справамі, ён і думкі не дапускае, што яна можа пакутаваць ад яго абыякавасці да яе інтарэсаў і заняткаў. Напярэдадні вайны яны пасварыліся, бо Караневіч прыраўнаваў жанчыну да лейтэнанта Перагуда, закаханага ў яе (народны артыст Беларусі Анатоль Шэлег). Маёр ад’язджае на фронт, нават не развітаўшыся з Наталляй Мікалаеўнай. Тое, што давялося перажыць на фронце, прымушае Караневіча многае пераацаніць у сваім ранейшым жыцці, зразумець сваю памылку, усвядоміць віну перад жонкай. Ён піша ёй пісьмо, марачы аб сустрэчы. Сустрэча гэта адбываецца ў палявым шпіталі, дзе служыць Наталля Мікалаеўна. Караневіч памірае ў яе на руках.

Лірычная плынь у спектаклі была арганічна звязана з гераічнай тэмай мужнасці савецкіх людзей. Паставіў спектакль Навум Лойтар. Малчанаў пераканальна паказваў, як паступова змяняецца разуменне Караневічам сваёй дзейнасці як камандзіра, адказнага і за даручаную справу, і за лёс давераных яму людзей. Зусім інакш, па-чалавечы цёпла ён размаўляе цяпер з Перагудам, адпраўляючы на выкананне небяспечнага баявога задання. Падавіўшы самалюбства, ён пытаецца ў свайго ўяўнага саперніка адрас дарэмна пакрыўджанай жонкі. Наталля Мікалаеўна ў выкананні Алены Радзялоўскай – разумная, мяккая і цярплівая жанчына, якая кахае свайго мужа і не перастае верыць, што і яго каханне некалі праявіцца. Да закаханага ў яе лейтэнанта Перагуда яна ставіцца як да свайго сябра, ён блізкі ёй як разумны субяседнік.

Спектакль «Проба агнём» заваяваў прыхільнасць гледачоў, меў добрыя водгукі крытыкі.

Наступная сустрэча тэатра з драматургіяй Кандрата Крапівы адбылася ў 1950 годзе, калі коласаўцы звярнуліся да яго лірычнай камедыі «Пяюць жаваранкі», якая вызначалася самабытнасцю характараў, іскрыстым народным гумарам, багатым падтэкстам дыялогаў, вобразнай сакавітай мовай, глыбокім лірызмам. П’еса была адзначана Дзяржаўнай прэміяй СССР, была экранізавана, яе паставілі больш за 50 тэатраў, у тым ліку і за мяжой. Спектакль (рэжысёр Мікалай Міцкевіч) быў прысвечаны жыццю калгаснай вёскі. Ён пачынаўся з таго, што старшыня калгаса «Новая ніва» Пытляваны (народны артыст СССР Аляксандр Ільінскі) і лепшы яго брыгадзір едуць у калгас «Светлы шлях» сватацца да калгасніцы-агратэхніка Насці Вярбіцкай. Але там хутка раскусілі сакрэт «поспехаў» Пытляванага. Рашэнне аб жаніцьбе і выбары месцы жыхарства маладых адкладваецца да таго часу, пакуль не стане ясна, чый жа калгас лепшы. З тых, хто супрацьстаяў Пытляванаму, найбольш актыўнымі былі Туміловіч (Анатоль Шэлег), Насця (Зінаіда Канапелька), яе сяброўка Паліна (Тамара Заранок) і маці Насці Аўдоцця Захараўна (Алена Лагоўская).

У 1958 годзе тэатра звяртаецца да гераічнай драмы Кандрата Крапівы «Людзі і д’яблы». Паставіў яе галоўны рэжысёр тэатра Аляксандр Скібнеўскі. У спектаклі была выразная група падпольшчыкаў – Барута (Аляксандр Ільінскі і Цімох Сяргейчык), Рунец (Фёдар Шмакаў), Алена Сцяпанаўна (Алена Радзялоўская), Марына (Марына Маркоўская). Пераканаўчае ўвасабленне атрымалі і іх праціўнікі – фашысцкія афіцэры Нагель (Барыс Левін) і Пельцар (Якаў Буракоў). Але найбольш моцнай і глыбокай акцёрскай работай быў прызнаны вобраз здрадніка Скробата-Нёманскага, які стварыў народны артыст БССР Мікалай Звездачотаў, адзін з лепшых акцёраў-трагікаў беларускай сцэны. Яго герой, не вытрымаўшы катаванняў у фашысцкім засценку, згадзіўся спачатку на невялікую здраду, а потым пайшоў на ўсё новыя саступкі фашыстам. Лёс яго заканчваецца бясслаўна: партызаны караюць яго смерцю. Паводле водгукаў друку, акцёр выконваў гэтую ролю «вельмі пераканаўча, шматгранна, з сапраўдным драматызмам». Глядач бачыў драму Скробата ва ўсіх яго падрабязнасцях, бачыў усе яго пакуты, але разам з тым не апраўдваў яго.

Апошняя пастаноўка коласаўскага тэатра па творы Крапівы адбылася ў 1983 годзе.Гэта быў спектакль «Блытаныя сцежкі» паводле п’есы «На вастрыі». Паставіў яго на той час галоўны рэжысёр тэатра Валерый Мазынскі. Сцэнаграфію стварыў Юрый Тур. Канфлікт п’есы выяўляўся ў непрымірымай грамадзянскай і маральнай пазіцыі хірургаў – таленавітага сумленнага, бескарыслівага Галубовіча і цынічнага, самаўпэўненага Грушэўскага. Да іх спрэчкі аб этычных нормах, якімі павінен кіравацца ўрач у сваёй практыцы і прыватным жыцці, далучаецца і загадчык хірургічнага аддзялення Ракітны. У спектаклі гэты канфлікт паміж Галубовічам (народны артыст Беларусі Уладзімір Куляшоў) і Грушэўскім (народны артыст СССР Фёдар Шмакаў) быў пададзены акцёрамі адкрыта, буйна, без падтэкстаў і нюансаў. Глядач адразу разумеў сутнасць і жыццёвае крэда кожнага з герояў і несумненна аддаваў перавагу першаму. У п’есе Крапівы ёсць шмат цікавых вобразаў. Акцёры Коласаўскага тэатра з уласцівай ім здольнасцю тонка спасцігаць глыбіню чалавечай псіхалогіі, стварылі вельмі пераканаўчыя, праўдзівыя характары. Уражвалі глыбінёй пачуццяў народны артыст Беларусі Георгій Дубаў (Ракітны), заслужаная артыстка Беларусі Галіна Каралькова (жонка Галубовіча) і Таццяна Мархель (Зоя Антонаўна).Па-майстэрску выканала эпізадычную ролі санітаркі Ганны Ціханаўны народная артыстка Беларусі Зінаіда Канапелька. Яе гераіня вабіла сваёй прастатой, дабрадушнасцю, чалавечнасцю. Яна была жыццёва пераканаўчай, несла ў сабе рысы мастацкага абагульнення.

Кожны з герояў К.Крапівы выбіраў свае жыццёвыя сцежкі. У Галубовіча, Зоі Антонаўны яны ясныя, прамыя, у такіх, як Грушэўскі, – блытаныя, несумленныя. Пафас твора быў у тым, што сапраўдны чалавек павінен ісці дарогай дабра, грамадзянскага абавязку.

І яшчэ адну п’есу Кандрата Крапівы меркавалася ўключыць у рэпертуар коласаўскага тэатра. Размова ідзе пра фантастычную камедыю «Брама неўміручасці», над якой ужо пачаў працаваць у 2011 годзе мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра Рыд Таліпаў. На вялікі жаль, гэтай задуме не суджана было здзейсніцца па прычыне заўчаснай смерці рэжысёра.

Многія п’есы замежных аўтараў дайшлі да гледача, дзякуючы перакладам выдатнага пісьменніка. Адзін з нядаўніх прыкладаў – пастаноўка славутай трагедыі Уільяма Шэкспіра «Рамэа і Джульета».

Хочацца спадзявацца, што прыйдзе час, і творы народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы яшчэ знойдуць шлях на коласаўскую сцэну.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
          

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка