СЦЭНІЧНЫЯ ЧЫТАННІ «ШКОЛЬНЫ ТЭАТР». СЁЛЕТА – у 25-ы раз

 

25-26 красавіка 2022 года на камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбудзецца гарадскі конкурс «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр–25». Яго заснавальнікамі з’яўляюцца: аддзелы па адукацыі, ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Сёлета - сцэнічныя чытанні юбілейныя, і праводзіцца яны будуць у 25-ы раз.

25 красавіка адбудзецца прагляд конкурсных работ. Пачатак у 9:00.

Журы і запрошаны глядач (як правіла, гэта навучэнцы школ, калектывы якіх выстаўляюць свае конкурсныя работы) убачаць 12 спектакляў. Яны пастаўлены па творах беларускіх аўтараў, як класікаў, так і сучасных. Сярод іх Міхась Чарот, Уладзімір Караткевіч, Францішак Аляхновіч, Уладзімір Рудаў, Сяргей Кавалёў і Алесь Махнач, Улада Альхоўская, Валерый Гапееў. Ёсць і аўтарскія спектаклі, літаратурную аснову якіх стварылі самі кіраўнікі калектываў.

Многія спектаклі ўздымаюць праблемы выхавання дзяцей і падлеткаў, складаныя маральныя пытанні, узаемаадносіны розных пакаленняў.

25 красавіка, у конкурсны дзень, адкрые чытанні ўзорны тэатральны калектыў «ТэСт» СШ №4. Ён пакажа спектакль па п’есе Валерыя Гапеева «Сертыфікат». Цікава, што рэжысёрам пастаноўкі з’яўляецца вучань гэтай школы Уладзіслаў Навумаў. Гэта ўжо не першая яго рэжысёрская работа. Пачатак у 9:15.

Наступным выступіць тэатральны калектыў «Амплуа» СШ №28 (кіраўнік Таццяна Леаненкава). Ён прадставіць спектакль па п’есе Багдана Кузьміна «Нелюдзі». Цікава, што аўтар драматычнага твору – адзін з артыстаў, ён жа выканаўца адной з цэнтральных роляў. Тэма – генацыд беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Пачатак у 9:55.

Выступленні школ Кастрычніцкага раёна замыкае тэатральны калектыў «Прэм’ера і К» гімназіі №1 (кіраўнік Алесь Замкоўскі). У яго выкананні вы ўбачыце спектакль «Пацалунак ночы» па п’есе Сяргея Кавалёва. Па жанру гэта казка-прыпавесць. Пачатак у 10:20.

Наступны блок выступленняў прадставяць школы Чыгуначнага раёна.

Адкрые іх выступленні творчая група «Дэбют» СШ №9 (кіраўнік Маргарыта Барадаўкіна). Яна пакажа сваю пастаноўку «Жабкі і Чарапашка» паводле казкі Уладзіміра Караткевіча. Пачатак у 11:00.

Адметнае прачытанне вядомай п’есы Уладзіміра Рудава (па матывах класікаў беларускай літаратуры Каэтана Марашэўскага і Францішка Аляхновіча) «Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і Чорта, які страціў сэнс існавання» прапануе калектыў СШ №17 (рэжысёр Аляксандр Казлоў, у мінулым артыст-коласавец, а цяпер выкладчык Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў). Пачатак у 11:20.

Аўтарскі спектакль «Белая варона» Маргарыты Івановай прадставіць студыя тэатра «Роздум» гімназіі №4. Гэта сучасная маладзёжная камедыя. Пачатак у 11:40.

Сваё прачытанне рамантычнай драмы Міхася Чарота «На Купалле» прапануе тэатральны калектыў «Студыя Т-21» СШ №21. Цікава, што кіруе студыяй актрыса Коласаўскага тэатра Ульяна Ацясава, яна ж рэжысёр пастаноўкі. Пачатак у 12:10.

Пасля перапынку выступяць калектывы школ Першамайскага раёна.

Першы з іх – узорная тэатральная студыя «Дарослыя дзеці» гімназіі №8 на чале з вядомым віцебскім рэжысёрам Уладзіславай Цвікі. Студыя нас парадуе монаспектаклем «Я хачу лятаць…», які праўдзіва і драматычна раскрывае няпросты ўнутраны свет падлетка. Аўтар п’есы – кіраўнік калектыву. Пачатак у 13:30.

Творчасць вельмі вядомага (а цяпер забытага) беларускага драматурга 50-70-х гадоў Алеся Махнача вырашылі ўспомніць у СШ №14 і паставілі даволі кранальны спектакль «Выратаваны» па яго аднаактоўцы «Прабач, пляменнічак». Кіраўнік Алена Іванова. Пачатак у 14:10.

Не менш кранальную п’есу вядомага сучаснага драматурга Улады Альхоўскай «Ма-Сін-Сін» прадставіць тэатральны гурток «Вясёлка» СШ №23 (кіраўнік Святлана Падстаўленка). Пачатак у 14:40.

Вельмі складаную, вострапсіхалагічную п’есу Францішка Аляхновіча «Цені» вырашыў паставіць тэатральны калектыў СШ №45 (кіраўнік Канстанцін Ганчароў). А што з гэтага атрымалася, вы ўбачыце ў 15:10.

І закрывае конкурсную праграму ўзорны тэатральны калектыў «Прэм’ера» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (кіраўнік Наталля Шлімакова). Гледачы ўбачаць вельмі вострую і ў нечым эпатажную пастаноўку «Усё цудоўна…або урокі бяспечнага кахання» паводле аповесці вядомага сучаснага пісьменніка (які, дарэчы, і спецыялізуецца на творах пра падлеткаў) Валерыя Гапеева. Пачатак у 15:50.

Урачыстае закрыццё заключнага этапа гарадскога конкурсу «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр-25» адбудзецца наступным днём, 26 красавіка, у 14:00. Адбудзецца падвядзенне вынікаў і ўручэнне ўзнагарод. А да гэтага навучэнцы Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў пакажуць сваю творчую работу.

Рэжысёрам сцэнічных чытанняў у гэтым годзе з’яўляецца Юрый Іваноўскі – літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматынага тэатра імя Якуба Коласа. Мастаком – галоўны мастак Коласаўскага тэатра Святлана Макаранка.

У журы конкурсу ўваходзяць: рэжысёр-пастаноўшчык Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Андрэй Жыгур (старшыня), заслужаная артыстка РБ, старшыня віцебскага аддзялення Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Таццяна Ліхачова, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, тэатразнаўца Юрый Іваноўскі, выкладчык акцёрскага майстэрства Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў Кацярына Кацар-Трахіменка, метадыст Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Віцебска Святлана Краўчанка.

Уваход вольны.
Запрашаем!

 

 

 

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

  

ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

           

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

           
          

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка