СЦЭНІЧНАЕ ЖЫЦЦЁ НІНЫ ЛЕВАШОВАЙ

2 студзеня 80-гадовы юбілей адзначыла Ніна Васільеўна Левашова. Каля паўстагоддзя свайго творчага жыцця яна прысвяціла служэнню Коласаўскаму тэатру.

 

Нарадзілася Ніна Васільеўна ў Ленінградскай вобласці, у невялічкім гарадку Стрэльна. Бацька быў ваенным марскім афіцэрам. У 1941 годзе, калі мама была яшчэ цяжарнаю, ён выслаў радыёграму, дзе папрасіў назваць будучую дачку Нінай. Тату свайго яна так не пабачыла. Яго эскадра, выходзячы з талінскай бухты, была ва ўпор расстраляная фашыстамі. Пра гэта актрыса даведалася позна: у часы галоснасці.

З мамай выехала ў Смаленск – да яе бацькоў, якраз напярэдадні вайны. Так удалося пазбегнуць блакады і, магчыма, галоднай смерці. У школе займалася і харэаграфіяй, і ў аперэце спявала. Але ў інстытут не паступала, няма за што было вучыцца. Пайшла працаваць на Калінінградскі караблебудаўнічы завод. Асвойвала розныя прафесіі, і зарплата па тых часах была някепская. Але разумела, што гэта не яе. Душа цягнулася да іншага.

Таму паехала ў Мінск, паступаць у інстытут. Праўда, нікому з родным не прызналася ў які. А гэта быў тэатральна-мастацкі. Курс знакамітага акцёра, рэжысёра і педагога, народнага артыста БССР Канстанціна Саннікава (ён, дарэчы, таксама пачынаў сваю творчую біяграфію як коласавец). Там і пазнаёмілася з Уладзімірам Куляшовым. Яна з Калінінграда, ён – з Валгаграда. Разам пражылі ўсё жыццё. Сярод многіх прапаноў выбралі адну – Віцебск, тэатр імя Якуба Коласа, бо сюды іх запрасілі абодвух. І засталіся тут на ўсё жыццё. З гэтым тэатрам звязана не толькі жыццё Ніны Васільеўны і Уладзіміра Аляксеевіча, але і іх дзяцей – Вольгі  (якая таксама пайшла па іх слядах і абрала акцёрскую прафесію) і Яўгенія – асістэнта рэжысёра па святлу.

А тады, у 1964 годзе, ужо на гастролях у Кіеве, маладую актрысу напаткала першая нечаканасць: прапанавалі ролю хлопчыка (цэнтральнага персанажа) у спектаклі «Родная маці» па п’есе М.Алтухова. Ніна Васільеўна спачатку страшэнна супраціўлялася, але потым, убачыўшы, як захоплена прымалі пастаноўку кіеўскія гледачы (зала проста рыдала), змірылася.

У спектаклі Фёдара Шмакава «Шануй бацьку свайго» Левашова іграла Яўстолію – дзяўчыну-дзятдомаўку. У пастаноўцы быў заняты ўзорны склад – Ільінскі, Сяргейчык, Маркіна, Дубаў, Канапелька. Атмасфера на рэпетыцыях спектакля была цудоўная.

А вось спектакль «Дом на Сонечнай» па п’есе А.Маўзона пачалі рыхтаваць, калі Ніна Васільеўна першы раз зацяжарыла, выпускалі ж, калі ўжо хадзіла на пары, павінна была нарадзіць. Роля была цудоўная, як кажа сама актрыса, «ягадка», іграла дзяўчынку-паштальёна, улюбёную ў галоўнага героя. Пасля здачы спектакля да яе падышоў Аляксандр Канстанцінавіч Ільінскі, пацалаваў ёй руку і сказаў: «Усім бы так нарадзіць». А праз пяць дзён на свет з’явілася дзіця. Тады ж дэкрэтаў не было, пяць дзён адпачынку, і зноў у строй, на сцэну

Колькі гарэзлівасці і хітраватай дасціпнасці назапасіла ў сабе яе Беатрычэ з камедыі Шэкспіра «Многа шуму з нічога». Здавалася, што вось зараз з яе вострага язычка сарвецца нейкі жарт або кпіна, ад якіх разгубіцца не толькі салдафон Бенядзікт (У.Куляшоў), але і рафініраваны прайдзісвет і дыпламат дон Хуан (Г.Дубаў). Вядома ж, Беатрычэ павінна быць музычнай. Такой яе і бачылі гледачы ў выкананні Ніны Левашовай. За пералівамі голасу і пластычна-выразнымі рухамі ўгадвалася натура свабодная, жыццярадасная. Актрыса пераконвала, што яе гераіня прагне шчасця і ўмее па-жаночы вынаходліва змагацца за яго.

Сярод іншых работ творчай маладосці актрысы варта таксама назваць Ліку ў «Маім бедным Мараце» А.Арбузава, Фінею ў «Дурнічцы» Лопэ дэ Вегі, Смеральдзіну са «Слугі двух гаспадароў» К.Гальдоні, Інгу ў «Салаўінай ночы» В.Яжова.

 

 

Асабліва вылучаецца ў гэтым шэрагу вобраз нямой дзяўчыны Катрын са спектакля «Матухна Кураж і яе дзеці» паводле знакамітай п’есы Б.Брэхта, якая ахвяруе сваім жыццём дзеля выратавання жыхароў горада.

З цягам часу вобразы маладых лірычных гераінь, вядома, надзеленых моцнымі, валявымі характарамі, замянілі жанчыны больш сталага ўзросту. Такія, як Верка з «Вострава Алены» Я.Шабана, Люсі з «Будзьце здаровы!» П.Шэно, Элейн  са спектакля «Гэты страсна закаханы» Н.Саймана, Ганна Ісакаўна з «Верачкі» і Старая са «Святой прастаты» А.Макаёнка.

 

 

У апошні перыяд свайго сцэнічнага жыцця яна стварыла шэраг цікавых персанажаў: Ганну Андрэеўну з «Рэвізора» М.Гогаля, Арыну Панцялееўну з «Жаніцьбы» М.Гогаля, Зыбкіну з камедыі А.Астроўскага «Праўда – добра, а шчасце лепш», Клеапатру Пятроўну з «Плошчы Перамогі» А.Паповай, Антаніну Паўлаўну з драматычнай камедыі «І смех, і слёзы, і Любоў» У.Набокава.

 

 

У «Жаніцьбе» Ніна Васільеўна іграла цётухну галоўнай гераіні. На фоне сваёй раскошнай у целе і крыналінах пляменніцы гэта маленькая і шэранькая мышка падобна на іголку, што ўтыкаецца ў крэмавы тор сцэнічнага дзеяння. Гэта было смешна, і ў гэтым вострым шаржы было новае адценне і без таго камедыйнага спектакля.

У п’есе А.Астроўскага актрыса стварыла яркі вобраз маці галоўнага героя – жанчыну з небагатай часткі Замаскварэчча, дурнаватую і добрую, ледзь смешную і нікчэмную, аднак здольную схапіць сутнасць і ўтрымаць яе, калі справа датычыць выгоды. Яна вельмі мянялася ў хадзе і голасе ў залежнасці ад інтарэсу.

На жаль, у апошнія гады па стане здароўя Ніна Васільеўна не можа выходзіць на сцэну і знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Але віцебскія гледачы, асабліва старэйшага ўзросту, добра памятаюць гэтую цудоўную актрысу.

Калектыў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа
віншуе Ніну Васільеўну Левашову з юбілеем
і жадае ёй моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, духоўнай моцы,
жыццёвага аптымізму, выдатнага настрою!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка