РАСПАЧАЎСЯ ПРАЕКТ «КОЛАСАЎЦЫ» – да 100-годдзе ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА. СУСТРЭЧА З ЮРАСЁМ ЦВІРКАМ

12.02.2026

10 лютага ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя В.І.Леніна прайшла творчая сустрэча з артыстам-коласаўцам, вядучым майстрам сцэны, уладальнікам медаля Францыска Скарыны Юрасём Цвіркам. Гэта першая імпрэза ў межах сумеснага праекту «Коласаўцы», створанага бібліятэкай і Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа. Праект прымеркаваны да 100-годдзя тэатра, якое адзначаецца 21 лістапада 2026 года.

  

У актавай зале бібліятэкі быў аншлаг. Як кажуць, сапраўды яблыку не было дзе ўпасці. І гэта невыпадкова. Юрый Браніслававіч – улюбёнец віцебскай публікі, па-сапраўднаму народны артыст. Яго ведаюць і любяць у Віцебску і за межамі абласнога цэнтра, што пацвердзіў сам герой імпрэзы рознымі забаўнымі выпадкамі пра сустрэчы з прыхільнікамі. Напрыклад, у лазнях, заўсёднікам якіх Юрась Цвірка з’яўляецца. Аднойчы нават выступіў там у ролі Дзеда Мароза.

Юрый Браніслававіч – выдатны апавядальнік, прычым вельмі адкрыты, просты і гаваркі чалавек. У гэтым маглі ўпэўніцца гледачы сустрэчы. Яны пачулі мноства цікавых гісторый з тэатральнага і асабістага жыцця артыста, пачынаючы з самага маленства. Але ж усё ж такі галоўнае – творчы складнік біяграфіі Юрыя Браніслававіча. Ён сыграў каля 120 роляў у Коласаўскім тэатры, куды прыйшоў у 1991 годзе, не маючы тэатральнай адукацыі, а толькі багаты вопыт выступленняў на самадзейнай сцэне і выдатныя акцёрскія дадзеныя. У трупу тэатра яго прымаў народны артыст СССР і БССР Фёдар Шмакаў.

  

Юрась Цвірка ў цікавай і займальнай форме падрабязна распавёў пра свой творчы шлях, каментуючы відэазапісы і фотаздымкі спектакляў з яго ўдзелам. Самыя першыя ролі на коласаўскай сцэне – Улан з «Вераб’інай ночы», Свіння з «Кошчынага дома», Ціт і Гапон Барычка з «Залётаў», Беппа з «Бабскіх плётак». Артыст з захапленнем расказваў пра першую галоўную ролю – Святаслава Мазоля з «Любові па перапісцы». І яшчэ адзін вобраз, з якога, мабыць, і прыйшоў першы сапраўдны поспех – Галахвасты ў камедыі «За двума зайцамі». Гледачы змаглі паглядзець відэазапіс фінальнага ўрыўка з гэтага спектакля.

З роляў больш позняга часу Юрась Браніслававіч вылучыў Жывату Цвіёвіча з камедыі «Доктар філасофіі», якая была пастаўлена ў 2017 годзе, але і па сёння карыстаецца папулярнасцю. Гледачы змаглі паглядзець той самы ўрывак, калі герой ўпершыню бачыць свайго нібыта ўнука, дзе найбольш раскрываецца характар гэтага героя.

Юрась Цвірка – акцёр шырокага творчага дыяпазону, што пацвердзіла работа над вобразам Макбета ў аднайменнай трагедыі Шэкспіра. Акцёр спрабаваў пранікнуць у псіхалогію, унутраны свет складанага вобраза, спасцігнуць матывацыю яго ўчынкаў. Юрый Браніслававіч прыгадаў, як ішла работа над гэтай роляй, якая неадназначна ўспрымалася калегамі па тэатру, і якую бацькоўскую падтрымку ён меў ад рэжысёра-пастаноўшчыка спектакля, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, колішняга мастацкага кіраўніка Коласаўскага тэатра Валерыя Анісенкі. Гледачам таксама было цікава даведацца пра сустрэчы майстра коласаўскай сцэны з іншым выдатным рэжысёрам – Валерыем Беляковічам, з якім працаваў супольна над вобразам Ларэнца ў знакамітай трагедыі «Рамэа і Джульета».

    

У творчай вечарыне прынялі ўдзел калегі Юрася Цвіркі – мастацкі кіраўнік Коласаўскага тэатра Канстанцін Ганчароў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў, вядучы майстар сцэны Ніна Обухава, а таксама былы супрацоўнік тэатра Святлана Дашкевіч. Яны высока ацанілі Юрыя Браніслававіча як выдатнага сцэнічнага партнёра і артыста, які цалкам, захоплена аддаецца сваёй рабоце.

Юрась Цвірка ўжо набывае вядомасць і як кінаартыст. На IX Рэспубліканскім фестывалі беларускіх фільмаў, што праходзіў летась у Брэсце, ён быў узнагароджаны дыпломам «За лепшае выкананне мужчынскай ролі другога плану» (бацька Алёны) у фільме «Кіношнікі». Гледачам быў прапанаваны ўрывак з гэтай кінастужкі. Юрый Браніслававіч падзяліўся ўражаннямі ад кіназдымак.

  

У заключэнне было дадзена слова гледачам. Былі і пытанні. Напрыклад, як ацэньвае сам артыст адну з апошніх пастановак тэатра «Вяселле-буф», што неадназначна ўспрымаецца публікай, а таксама ці не замінала тэатральная студыя вучобе ў сельгасакадэміі, дзе ён вучыўся ў юнацтве. Што да спектакля, то артыст патлумачыў, што ў ім прыдумана рэжысёрам крыху незвычайная форма і яе трэба падтрымліваць усім ходам спектакля, што сапраўды няпроста. А ўдзел у студэнцкай самадзейнасці зусім не замінаў заняткам, але далейшы ход падзей паказаў, што вялікая цяга да сцэны ўсё ж такі перамагла і вызначыла далейшы лёс Юрася Цвіркі.

Наступная сустрэча ў межах праекту «Коласаўцы» запланавана на сакавік.
Сачыце за рэкламай!

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X