ПРЭМ’ЕРА! У КОЛАСАЎСКІМ ТЭАТРЫ «ПАСЕЛІЦЦА» «ПЁС БЕЛАГА ВОСТРАВА»

24 чэрвеня 2021 года (19:00) на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбудзецца прэм’ера інтэрактыўнай камедыі «Пёс Белага вострава» па аднайменнай п’есе вядомага беларускага драматурга Аляксея Дударава.
Малады акцёр Вілен занадта рана, з першай ролі, адчуў смак славы і глядацкай вядомасці. Як гэта кажуць, «злавіў зорку», але не змог утрымацца на небе. Шлях да поспеху, прафесійнага росту, кахання нішчаць благія звычкі... І хто дапаможа, калі ў кожнага свае ўласныя праблемы?!.. Але выйсце ёсць – Белы востраў і ягоны жыхар, анёл-ахоўнік Пёс. Белы востраў – нязбыўная мара, дзе кожны знаходзіць сябе і мае шчасце казаць толькі праўду.
Інтэрактыўны спектакль дазволіць гледачам стаць непасрэднымі, актыўнымі ўдзельнікамі сцэнічнага дзеяння. Яны разам з Віленам пройдуць складаны тэатральны шлях, напоўнены гумарам, камічнымі сітуацыямі і арыгінальнымі сюжэтнымі паваротамі. Усе разам мы даведаемся, ці магчыма здабыць шчасце і наблізіцца да запаветнай мары.
Пастаноўку і музычнае афармленне ажыццяўляе беларускі рэжысёр Святлана Навуменка, вядомая гледачам Коласаўскага тэатра па дзіцячых пастаноўках «Залатое сэрцайка», «Гісторыя двух сабак», «Папялушка». Сцэнаграфія і касцюмы Юрыя Саламонава. Харэаграфія Дзіяны Юрчанка. Тэксты песень Максіма Дубоўскага.
Пераклад на беларускую мову Алеся Замкоўскага. У спектаклі выкарыстоўваюцца цытаты на італьянскай і рускай мовах.
У новым спектаклі занятыя: Дзмітрый Каваленка / Аляксандр Казлоў (Пёс), Яўген Бераснеў (Вілен), Ульяна Ацясава / Вікторыя Шамардзіна (Жанэтт), Арцём Блахін / Уладзіслаў Жураўлёў (Фэд), Ніна Обухава / Наталля Саламаха-Конанава (Еўдакія), Святлана Жукоўская / заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова (Ліля Канстанцінаўна).
Квіткі на прэм’еру спектакля «Пёс Белага вострава»
можна набыць у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
і на сайце kvitki.by -
на 24 чэрвеня.
Любіце Коласаўскі тэатр, як ён любіць вас!
Добавить комментарий