ПРЭМ'ЕРА «ДУШЭЎНАЙ РАЗМОВЫ». ДА ЮБІЛЕЮ ВЯДУЧАГА МАЙСТРА СЦЭНЫ СВЯТЛАНЫ ЖУКОЎСКАЙ

 

25 мая, у 19:00, на камернай сцэне адбудзецца прэм'ера музычнага вечара «Душэўная размова», прымеркаваная да юбілею Святланы Жукоўскай, артысткі драмы, вядучага майстра сцэны, уладальніцы прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная кветка».

 

Калі чуеш песню, то ўзгадваеш нейкія моманты са свайго жыцця, месцы, дзе калісьці быў, ці знаёмых людзей. Свет пастаянна мяняецца, а песні і звязаныя з імі ўспаміны застаюцца.

Падчас музычнага вечара «Душэўная размова» ва ўтульнай атмасферы камернай сцэны гучаць вядомыя песні, артысты-коласаўцы распавядаюць пра іх цікавыя гісторыі, дзеляцца асабістымі ўспамінамі, жартуюць... «Ты у меня одна», «Не исчезай...», «На Тихорецкую», «У природы нет плохой погоды»... І самае галоўнае, што ўсім вядомыя песні яднаюць, адкрываюць блізкасць паміж людзьмі, нараджаюць пачуццё супольнасці. Гэта ж так каштоўна – адчуваць сябе разам з песняй, з калегамі, са шчырымі гледачамі!

 

Ідэя музычнага вечара належыць артысткам Наталлі Аладцы і Святлане Жукоўскай. Сцэнар Алеся Замкоўскага. Рэжысёр-пастаноўшчык Андрэй Жыгур.
Сцэнаграфія і касцюмы Святланы Макаранка. Канцэртмайстар Алёна Парфёнава.

У спектаклі таксама занятыя Наталля Аладка, Ульяна Ацясава, Яўген Бераснеў, Арцём Блахін, Святлана Жукоўская, Дзмітрый Каваленка, Ксенія Камінская, Святлана Сухадолава, Юрась Цвірка.

Узроставае абмежаванне - 12+.

Квіткі - у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
або на сайце kvitki.by.