НЕЗАБЫЎНЫЯ ЛЕТНІЯ СПЕКТАКЛІ ў КОЛАСАЎСКІМ ТЭАТРЫ

 

Традыцыйна ўлетку на коласаўскай сцэне можна ўбачыць не толькі спектаклі нашага тэатра, але і пастаноўкі гасцей – удзельнікаў «Тэатральных сустрэч» на «Славянскім базары ў Віцебску».

5 ліпеня  (19:00) на вялікай сцэне – дэтэктыў сямейных адносін «ВОСЕМ ЗАКАХАНЫХ ЖАНЧЫН» французскага драматурга Рабэра Тама.

 

Вось яна, мара кожнага (ну, амаль кожнага) мужчыны: калі вакол восем жанчын, і ўсе цябе любяць. Што можа быць лепей? Пачуваеш сябе на сёмым небе ад шчасця. Вядома, у глыбіні душы разумееш, што любоў іх не цалкам бескарыслівая, але ці бывае на свеце абсалютна бескарыслівая любоў?

Жонка, яе сястра, цешча, дзве дачкі, дзве служанкі і родная сястра ахвяры – адносіны паміж імі вельмі і вельмі заблытаныя. Зайздрасць, рэўнасць, старыя крыўды – усяго тут намяшана. Але хто ж з гэтых улюбёных жанчын забіў беднага тату? І галоўнае – навошта?..

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
або на сайце kvitki.by.

6 ліпеня (19:00) на камернай сцэне – метафізічны трылер «Я ВОЛЬНЫ!» паводле рамана Амелі Натомб «Касметыка ворага».

 У парыжскім аэрапорце затрымліваецца рэйс на Барселону. Адзін з пасажыраў, Жэром Ангюст (заслужаны артыст РБ Георгій Лойка), падрыхтаваўся да доўгага чакання, выцягнуў кнігу, але пачытаць не атрымліваецца. Да яго падсаджваецца нейкі мсье Тэкстор Тэксэль (Святлана Жукоўская) і распачынае непрыемную шчырую размову пра сваё жыццё. Агідныя прызнанні, разважанні пра Бога, прыхаваныя пачуцці… І вядома – каханне, якое мяжуе са смерцю… Слова за словам героі апускаюцца на цёмнае дно чалавечай сутнасці, адчыняюць дзверы, якія, магчыма, і не варта адчыняць…

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
або на сайце kvitki.by.

7 ліпеня (19:00) на камернай сцэне – прэм’ерны паказ музычнага вечара «ДУШЭЎНАЯ РАЗМОВА».

 

Калі чуеш песню, то ўзгадваеш нейкія моманты са свайго жыцця, месцы, дзе калісьці быў, ці знаёмых людзей. Свет пастаянна мяняецца, а песні і звязаныя з імі ўспаміны застаюцца.

Падчас музычнага вечара «Душэўная размова» ва ўтульнай атмасферы камернай сцэны гучаць вядомыя песні, артысты-коласаўцы распавядаюць пра іх цікавыя гісторыі, дзеляцца асабістымі ўспамінамі, жартуюць... «Ты у меня одна», «Не исчезай...», «На Тихорецкую», «У природы нет плохой погоды»... І самае галоўнае, што ўсім вядомыя песні яднаюць, адкрываюць блізкасць паміж людзьмі, нараджаюць пачуццё супольнасці.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
або на сайце kvitki.by.

12 ліпеня (19:00) на камернай сцэне – эцюды памяці  «ШАГАЛ… ШАГАЛ…» паводле п’есы Уладзіміра Драздова «Прамы цягнік да Парыжа з усімі перасадкамі».

Гэты спектакль – гімн гораду маладосці Марка Шагала, нашаму роднаму Віцебску. У 20-ыя гады, калі адбываецца дзеянне спектакля, тут быў цэнтр бурнага палітычнага і культурнага жыцця. Зусім малады мастак (Генадзь Гайдук), яго маці (Анжаліка Баркоўская), бацька (заслужаны артыст РБ Вячаслаў Грушоў), першае захапленне Волечкай (Паліна Крашэўская / Алена Чыстабаева), унучкай суседкі Сцяпанаўны (заслужаная артыстка РБ Тамара Скварцова); сапраўднае каханне да Бэлы (Наталля Саламаха-Конанава) і, нарэшце, цвёрдае рашэнне паехаць вучыцца ў Парыж. Пакідаючы свой родны горад, Марк Шагал не здагадваўся аб сваёй будучай парыжскай славе, не думаў, што больш ніколі не пабачыць родных… Яны ажывуць на палотнах мастака, якія ўзніклі з уражанняў віцебскага юнацтва.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
або на сайце kvitki.by.

13 ліпеня (19:00) на вялікай сцэне вы зможаце ўбачыць жыццёвыя гісторыі «ЯШЧЭ РАЗ ПРА КАХАННЕ».

 

Спектакль складаецца з пяці гісторый паводле апавяданняў Васіля Шукшына – «Раскас», «Сцёпкава каханне», «Бяспальцы», «Боцікі», «Восенню». Героі пастаноўкі – звычайныя жывыя людзі, якія адчуваюць і адкрыта выказваюць пяшчоту, неўтаймоўную жарсць, спачуванне, здраду, душэўныя пакуты – усё па-сапраўднаму. Усё аб’яднана адной тэмай – каханне. Яно не заўсёды шчаслівае, можа быць неразважлівым і рэзкім, можа ацвярэзіць і нават забіць, але заўжды будзе жывым і жаданым.

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
або на сайце kvitki.by.

З 15 па 18 ліпеня на коласаўскай сцэне пройдуць «Тэатральныя сустрэчы» на XXXI Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»

15 ліпеня (19:00) распачне тэатральныя сустрэчы Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа і пакажа класічную народную камедыю «НЕСЦЕРКА» па п’есе Віталя Вольскага.

«НЕСЦЕРКА» з’яўляецца візітнай карткай коласаўцаў і жыве на коласаўскай сцэне больш за 80 год.

Камедыя распавядае пра вясёлыя прыгоды бедняка Несцеркі (Пятро Ламан), які валодае невынішчальным аптымізмам, розумам і кемлівасцю. Ён блукае па родным краі, ніколі не маркоціцца і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу беднаму люду. Сюжэт, пабудаваны паводле матываў беларускіх казак, уяўляе сабой шэраг займальных прыгод, якія здараюцца з галоўнымі персанажамі.

Бедны, але сумленны і працавіты хлопец Юрась (Арцём Блахін) кахае Насту (Ульяна Ацясава), дачку ганчара Мацея (Генадзь Гайдук). Дзяўчына адказвае юнаку ўзаемнасцю. Але маці Насты, строгая і ўладарная кабета Мальвіна (Раіса Грыбовіч) прыгледзела для яе іншага жаніха – недарэчнага, смешнага і дурнаватага кар’ерыста шкаляра Самахвальскага (Яўген Бераснеў). На дапамогу маладым з’яўляецца Несцерка. Нямала перашкод яму давядзецца пераадолець, каб урэшце схіліць непахісную Мальвіну да шлюбу дачкі з Юрасём.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

16 ліпеня (18:00) віцебчане і госці горада пабачаць драму «МЯШЧАНЕ» па п’есе М.Горкага ў пастаноўцы Дзяржаўнага драматычнага тэатра на Васільеўскім (Санкт-Пецярбург, Расія).

У цэнтры п'есы – сям'я Васіля Васільевіча Бяссеменава, заможнага мешчаніна. У яго вялікім доме заўсёды людна: жонка, дачка Таццяна, сын Пётр, выхаванец Ніл, а таксама кватаранты, нахлебнікі. Але няма міру і згоды ў дамашнім прытулку, фатальна не супадаюць погляды, інтарэсы, любасныя пакуты… Героі драмы здзяйсняюць жыццёвы шлях у складаных, пераломных гістарычных умовах. Крызіс традыцыйнай сям'і, змена пакаленняў, канфлікты бацькоў і дзяцей: мадэль сям'і – як мадэль свету, што страціў сувязь часоў.

Спектакль - дыпламант фэсту «Фабрыка Станіслаўскага» (Масква, 2019), лаўрэат Санкт-Пецярбургскай тэатральнай прэміі «Залаты сафіт».

Узроставае абмежаванне - 16+.

Спектакль ідзе на рускай мове.

Квіткі - у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

17 ліпеня (18:00) на фестывалі будзе паказаны спектакль «КАРЭНІНА» паводле класічнага рамана Л.Талстога «Ганна Карэніна» ў пастаноўцы Незалежнага тэатральнага праекту «ТрыТфармаТ» (Мінск).

Сумная гісторыя пра далікатнасць кахання і немагчымасці валодаць сабой, калі пачуцці перапаўняюць. Шмат прасторы, думак, слоў, танцаў і песень… – як трагічна, і як хораша!

Спектакль ідзе ў суправаджэнні малога складу Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віталя Кульбакова.

Узроставае абмежаванне - 12+.

Спектакль ідзе на рускай мове.

Квіткі - у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

18 ліпеня (19:00) адбудзецца паказ камедыі «ЖАНІЦЬБА» М.Гогаля ў пастаноўцы Маскоўскага тэатра на Паўднёвым Захадзе (Расія).

Жаніцьба - справа калектыўная!

Усвядоміўшы, што сваё жыццё ён жыве зусім без сэнсу, Падкалесін прымае рашэнне ажаніцца. Дакладней, не сам прымае… Яго сябар Качкароў гатовы з портак выскачыць - абы «ашчасціць» таварыша. «Ну што ты зараз такое? Бо простае бервяно, ніякага значэння не маеш. Ну для чаго ты жывеш? Ну зірні ў люстэрка, што ты там бачыш? Дурны твар – больш нічога».

Сучасная музыка, драйв, агонь, пышная пластыка і гульня святла, а таксама гумар і доля жыццёвай філасофіі – усё гэта пра «Жаніцьбу»!

Узроставае абмежаванне - 12+.

Спектакль ідзе на рускай мове.

Квіткі - у касе тэатра (тэлефон 62-63-81).

19 ліпеня (19:00) на вялікай сцэне – інтэрактыўная камедыя «ПЁС БЕЛАГА ВОСТРАВА» Аляксея Дударава.

 

Малады акцёр Вілен (Яўген Бераснеў) занадта рана, з першай ролі, адчуў смак славы і глядацкай вядомасці. Як гэта кажуць, «злавіў зорку», але не змог утрымацца на небе. Шлях да поспеху, прафесійнага росту, кахання нішчаць благія звычкі... І хто дапаможа, калі ў кожнага свае ўласныя праблемы?!.. Але выйсце ёсць – Белы востраў і ягоны жыхар, анёл-ахоўнік Пёс (Дзмітрый Каваленка).

Узроставае абмежаванне – 16+.   

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
або на сайце kvitki.by.

20 ліпеня (19:00) на камернай сцэне – меладрама «МАТЫЛЁК…МАТЫЛЁК…» Альда Нікалаі.

 

Лёгка порхаючы па жыцці, Эдда (заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова) прывыкла да раскошы. Але старасць мае свае асаблівасці. Адзінокая Эдда штовечар чакае гасцей, але ніхто не прыходзіць, не тэлефануе... Толькі пакаёўка Фока (Ніна Обухава) пастаянна слухае расповяды сваёй гаспадыні пра цудоўную маладосць і багатае жыццё. Аднойчы да Эдды заходзіць малады чалавек Эліа (Дзмітрый Каваленка) і прымушае яе ўзгадаць мінулае, усе моманты, якія яна хацела забыць назаўжды...

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
або на сайце kvitki.by.

21 ліпеня (19:00) на вялікай сцэне – меладрама «ГІСТОРЫЯ КАХАННЯ» паводле аднайменнай аповесці амерыканскага драматурга і кінасцэнарыста Эрыка Сігала.

У цэнтры падзей – кранальнае і трагічнае каханне Олівера Барэта (Дзмітрый Каваленка) да Джэніфер Кавілеры (Дар’я Французава). Ён – паспяховы студэнт з Гарварда, будучы юрыст, імкнецца пазбавіцца ад уплыву бацькі-мільянера (заслужаны артыст РБ Георгій Лойка) і стаць самастойным. Яна – дачка беднага італьянскага эмігранта (Юрась Цвірка), таленавітая перспектыўная навучэнка музычнага каледжа, разумная, наравістая. На жаль, на іх шляху ўзнікае шмат перашкод: і нязгода заможнага бацькі Олівера на шлюб закаханых, і далейшыя матэрыяльныя нястачы... Але самае моцнае выпрабаванне лёсу чакала іх наперадзе...

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
або на сайце kvitki.by.

26 ліпеня (19:00) на камернай сцэне – цёмная гісторыя са святлом у канцы тунэля «МЕТРО» Аляксандра Савухі.

Паспяховы, перспектыўны бізнесмен Дзмітрый Сяргеевіч, ці проста Дзіма (Дзмітрый Каваленка), вымушаны ехаць на чарговую важную сустрэчу на метро. Для яго гэта нязручна, нязвыкла і нават агідна. Вандруючы ў падземным свеце, Дзіма разумее, што тут размешчаны цэлы горад, мегаполіс з дзевяццю кальцавымі. Тут ён сустракае і простых рабочых, і хітрых калег-бізнэсменаў, і нахабных прадстаўнікоў аховы парадку... У выніку нават аказваецца на прыёме ў маладога Мэра. Каб выбрацца наверх, вызваліцца з цёмнага палону, Дзіма гатовы на многае – грубасць, хабар, махлярства... Ён вельмі жадае пазбавіцца свайго пякельнага становішча. Але ці магчыма выйсці да святла, калі ты заблукаў пад зямлёй?..

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
або на сайце kvitki.by.

27 ліпеня (19:00) на вялікай сцэне – першы паказ абноўленай трагікамедыі «ПАХАВАЙЦЕ МЯНЕ ЗА ПЛІНТУСАМ» паводле аднайменнай аповесці Паўла Санаева.

«Пахавайце мяне за плінтусам» апавядае пра васьмігадовага хлопчыка Сашу Савельева (Антон Бараноўскі / Яўген Бераснеў), які жыве разам з дэспатычнай бабуляй (Валянціна Багданава / заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова) і слабахарактарным дзядулем (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў / Пятро Ламан). Дзіця, якога ў бесперапынным рэжыме вучаць безумоўна падпарадкоўвацца, ненавідзець уласную маці (Анжаліка Баркоўская / Ніна Обухава), якога вінавацяць ва ўсіх няўдачах, усё ж такі дрэнна паддаецца гэтай правакацыйнай апрацоўцы свядомасці і спрабуе вырвацца з-пад прэса хатняй тыраніі ў свой уласны свет…

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
або на сайце kvitki.by.

28 ліпеня (19:00) на камернай сцэне – міні-серыял для мужчыны і жанчыны «АСЕННІ ROCK'N'ROLL» па матывах п’есы Міхаіла Хейфеца «Rock'n'roll на захадзе сонца».

…Яна (Наталля Аладка) запісалася ў танцавальны клуб. Туды ж прыйшоў Ён (заслужаны артыст РБ Вячаслаў Грушоў). Іх паставілі ў пару. Яны спадабаліся адно аднаму. Напэўна, у жыцці ім чагосьці не хапала... Можа, нечай усмешкі, добрага пагляду, узаемнага клопату…

І раптам без тлумачэнняў Ён знікае! Яна доўга чакае, а потым прыходзіць да яго ў госці, каб вярнуць у клуб. Тут і пачынаецца самае цікавае.

Узроставае абмежаванне – 12+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
або на сайце kvitki.by.

2 жніўня (19:00) на вялікай сцэне – камедыя «ШУКАЕМ ТЭНАРА!» па п’есе амерыканскага драматурга Кена Людвіга.

 

У амерыканскім Кліўлендзе мусіць адбыцца паказ знакамітай оперы «Атэла», у якой галоўную ролю выконвае сусветна вядомы італьянскі тэнар Ціта Мэрэлі (Цімур Жусупаў). Усе ў чаканні неверагоднай, знакавай падзеі! Сондэрс, дырэктар Кліўленд Гранд-Апера, ужо гатовы падлічваць прыбытак (заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка / Юрась Цвірка). Яго дачка Мэгі (Тамара Краснабаева-Чарняк / Святлана Сухадолава), сапрана тэатра Дзіяна (Наталля Саламаха-Конанава) і старшыня опернай гільдыі Джулія (Ніна Обухава) нецярпліва, кожная па-свойму, рыхтуюцца сустрэць высокага госця… І толькі асістэнт дырэктара, сціплы, няўпэўнены Макс (Яўген Бераснеў) адчувае сябе залішнім у гэтай урачыстай мітусні. Але гэта пакуль што…

Узроставае абмежаванне – 16+.

Квіткі – у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
або на сайце kvitki.by.

Сачыце за афішай!

Чакаем вас у тэатры!

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X