«НЕСЦЕРКА» АДЗНАЧАЕ ЮБІЛЕЙ

Напэўна, няма ва ўсім Віцебску такога чалавека, які б не чуў пра вядомы спектакль-доўгажыхар Коласаўскага тэатра «Несцерка», пастаўлены ў 1941 годзе па п’есе вядомага беларускага драматурга Віталя Вольскага. Бадай, гэта такі ж сімвал абласнога цэнтра, як Ратуша, «Славянскі базар у Віцебску» альбо імя Марка Шагала. Вядома ж, галоўнага персанажа нашага спектакля ведаюць і далёка за межамі таго горада, дзе ён нарадзіўся 80 год таму. Яго віталі гледачы Масквы і Пецярбурга, Адэсы і Харкава, Яраслаўля, Запарожжа і Львова.

Прэм’ера адбылася не ў Віцебску

Першы паказ спектакля, для грамадскасці горада, адбыўся 18 мая 1941 года. Гэты дзень і лічыцца днём нараджэння «Несцеркі». Прэм’ера на шырокага гледача была паказана крыху пазней, на гастролях тэатра ў Петразаводску Карэла-Фінскай АССР. Планавалася паказаць лепшыя спектаклі рэпертуару, сярод іх «Лекар мімаволі» Ж.-Б.Мальера, «Ірынка» К.Чорнага, «Нашы дні» С.Герасімава, «Хлопец з нашага горада» К.Сіманава. Але быў сярод іх такі, прэм’ера якога ў Віцебску яшчэ не адбылася – яе меркавалася паказаць у Петразаводску. Гэта наш знакаміты «Несцерка», цяпер візітная картка Коласаўскага тэатра, без якога немагчыма ўявіць гісторыю вядомага творчага калектыву, ды і яго сённяшні дзень.

Бліжэйшы паплечнік Меерхольда – Навум Лойтар

Дарэчы, сёлета тэатр адзначае яшчэ некалькі юбілеяў, якія маюць непасрэднае дачыненне да спектакля: 130-годдзе з дня нараджэння рэжысёра-пастаноўшчыка «Несцеркі», заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (які некаторы час працаваў і мастацкім кіраўніком БДТ-2, з 1941 па 1944 гады) Навума Барысавіча Лойтара, 120-годдзе аўтара п’есы, вядомага пісьменніка, драматурга, навукоўца Віталя Фрыдрыхавіча Вольскага і 115-годдзе аўтара музыкі, выдатнага беларускага кампазітара Ісака Ісакавіча Любана. Кожны з іх з’яўляецца настолькі выбітнай асобай, што заслугоўвае асобнага артыкула.

Навум Барысавіч Лойтар пачынаў сваю творчую дзейнасць у 1919 годзе ў якасці акцёра і рэжысёра ў Кіеве ў тэатры-студыі пры яўрэйскай арганізацыі «Культур-ліга», якім кіраваў ягоны брат Эфраім, вядомы тэатразнаўца, рэжысёр, адзін з пачынальнікаў прафесійнага яўрэйскага тэатра. Сярод выкладчыкаў студыі быў знакаміты Канстанцін Марджанаў. А ў 1920 годзе Навум рушыць у Маскву, дзе знаёміцца з новымі тэатральнымі плынямі. Асабліва вялікі ўплыў на яго аказаў Усевалад Меерхольд. Ён паступае да яго на вучобу, у вышэйшыя рэжысёрскія майстэрні. Хутка ўзаемаадносіны настаўніка і вучня пераходзяць у сяброўства: Лойтар становіцца бліжэйшым паплечнікам Майстра па кіраўніцтву тэатрам, адначасова фарміруюцца яго мастацкія прынцыпы. Ад Меерхольда ён бярэ найбольш моцныя грані рэжысёрскай творчасці: прынцып кампазіцыі спектакля, яго знешняга афармлення, сцэнічную выразнасць, экспрэсіўнасць, манеру кампанаваць масавыя сцэны. Разам з тым Лойтар імкнецца да рэалістычнага вытлумачэння драматычнага твора. Змагаецца з умоўным абагульненнем характараў, што так уласціва было для Меерхольда і яго паслядоўнікаў той пары. Шэраг прынцыповых разыходжанняў з Майстрам прымушаюць Навума Барысавіча пакінуць яго і пайсці самастойным шляхам.

У 1930 годзе Лойтар вяртаецца на Украіну і ўзначальвае Дзяржаўны яўрэйскі тэатр у Харкаве. У 1937 годзе ён становіцца галоўным рэжысёрам Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра Украінскай ССР у Кіеве, дзе бліскуча ставіць спектакль «Стэмпеню» паводле Шолам-Алейхема. У 1940 годзе Навум Барысавіч пераходзіць у БДТ-2 . Тут праходзіць усё далейшае творчае жыццё таленавітага рэжысёра. Апрача «Несцеркі», ён паставіў шэраг тагачасных савецкіх п’ес (больш імкнуўся да лірыка-псіхалагічнай драмы кшталту «Сентыментальнага вальса» Літоўскага, «Так і будзе» Сіманава, «Небяспечны спадарожнік» Салынскага). Яго пастаноўкі рускай класікі сведчылі пра глыбокае разуменне драматургічнай спадчыны. Асабліва вядомыя спектаклі «Ягор Булычоў і іншыя» Горкага і «Рэвізор» Гогаля.

Крытык, драматург, навуковец...

Аўтар п’есы Віталь Фрыдрыхавіч Вольскі меў таксама цікавую біяграфію. Служыў у Чырвонай арміі, быў на фронце, працаваў упаўнаважаным ГПУ, старшым інспектарам Галоўліта і Галоўнага рэпертуарнага камітэта, інструктарам кінафікацыі і членам рэдакцыйнага савета Белдзяржкіно (фактычна стаяў ля самых вытокаў беларускага кінематографа). Пазней, пасля заканчэнне Камуністычнага ўніверсітэта імя Леніна, праз два гады апынуўся ў Віцебску ў якасці дырэктара мастацкага тэхнікума, пазней – БДТ-2. Праўда, на гэтых пасадах ён знаходзіўся нядоўга, неўзабаве зноў вярнуўся ў Мінск, дзе стаў займацца даследчыцкай работай у інстытуце літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. Выступаў у якасці літаратурнага і мастацкага крытыка. Знаходзіўся на пазіцыях вульгарнага сацыялагізму і фактычна спрычыніўся да крызісу беларускага мастацтва у 30-40 гады, да пераследу ў адносінах тых пісьменнікаў, што не ўпісваліся ў рамкі пралетарскага рэалізму. У гады Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у выпуску газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну!», а потым і часопіса «Беларусь». У пасляваенныя гады напісаў шэраг кніг па краязнаўству. З’яўляецца аўтарам трох вядомых п’ес: казкі «Чароўная дудка» (яна яшчэ ў даваенны час з поспехам ішла на сцэне Тэатра юнага гледача), «Несцерка» і «Машэка» (таксама пастаўленай на коласаўскай сцэне ў 50-я гады).

Музыка спрыяла поспеху спектакля

Песні і рамансы выдатнага кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Ісака Ісакавіча Любана і па сёння добра вядомыя слухачу, асаблівай папулярнасцю яны карыстаюцца ў людзей старэйшага пакалення. Самая вядомая, пэўна, з іх – «Бывайце здаровы!», якую ў перакладзе на рускую мову з поспехам выконваў сам Леанід Уцёсаў. У нашы дні некаторыя з іх спяваюць знакамітыя беларускія барды Данчык («Не шукай») альбо Зміцер Вайцюшкевіч («Толькі з табою»). Больш вядомы як кампазітар-песеннік, а таксама як аўтар музыкі да шматлікіх спектакляў і кінафільмаў, такіх, як «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Шчасце трэба берагчы», «Палеская легенда» і іншыя. За музыку да пастаноўкі «Несцерка» поруч з рэжысёрам Навумам Лойтарам, выканаўцамі цэнтральных роляў – Аляксандрам Ільінскім і Цімохам Сяргейчыкам, мастацкім кіраўніком БДТ-2 Паўлам Малчанавым быў узнагароджаны Сталінскай прэміяй I ступені (пазней перайменаваная ў Дзяржаўную прэмію СССР).

«Спектакль даваў шырокі прастор для творчых фантазій кампазітара, – пісаў музыказнаўца, аўтар кнігі пра Ісака Любана, Дзмітрый Жураўлёў. – І за даволі кароткі тэрмін ён закончыў у клавіры музыку да п’есы. Здавалася б, што музычных нумароў не так ужо і многа, і кожны з іх абсалютна неабходны ў спектаклі. Але калі Ісак Ісакавіч прыняўся за партытуру, то міжволі звярнуў увагу на тое, што добрая трэць п’есы суправаджаецца музыкай. І спектакль, уласна кажучы, вырашаны ім як музычны. Зрэшты, гэтая акалічнасць не бянтэжыла ні рэжысёра, ні выканаўцаў галоўных роляў, і толькі некаторыя акцёры жартам скардзіліся на тое, што на сцэну драматычнага тэатра «выпадкова» трапіла «сапраўдная опера». Музыка да спектакля з’явілася адным з ключавых складнікаў яго поспеху.

Касцюмы дастаўлялі… гідрасамалётам

 

Ужо ў чэрвені 1941 года ў горадзе Петразаводску, дзе тэатр знаходзіўся на гастролях, адбылася прэм’ера камедыі «Несцерка». Гэта гісторыя пра тое, якім цяжкім шляхам спектакль прабіўся да гледача, вельмі цікавая. Успаміны пра яе пакінула ў свой час адна са старэйшых актрыс тэатра Таццяна Бандарчык. Справа ў тым, што прэм’еру не змаглі сыграць па той прычыне, што вагон з касцюмамі недзе прапаў у дарозе. Абзванілі ўсе тэлефоны, аказалася, што недзе на далёкай станцыі адбылося крушэнне, і вагон пашкоджаны. Перагрузіць і даставіць касцюмы цягніком можна толькі на трэці дзень. Тэатру выдзелілі гідрасамалёт. Наступным вечарам ізноў у тэатры сабралася публіка, а касцюмаў усё няма. Прапануюць іграць у іншых касцюмах. Але артысты не ўяўляюць, як гэта магчыма. І тут пазванілі па тэлефоне: гідрасамалёт прывадніўся нарэшце на Анежскім возеры.Прынеслі касцюмы, звязаныя ў клункі, пакамечаныя, падмоклыя. Усіх мабілізавалі прасаваць, сушыць, і неўзабаве спектакль пачаўся. Прайшоў ён вельмі добра. Прыём быў надзвычайны. Гледачы доўга не разыходзіліся, віншавалі, казалі, што такі спектакль і сапраўды іграць у іншых касцюмах немагчыма. З нязменным поспехам спектакль прайшоў некалькі разоў. Пазней ён паказваўся ва Уральску, дзе наш тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі. Цікавы факт, што петразаводскія чыгуначнікі ў знак падзякі за выдатны спектакль пераправілі туды вагон з дэкарацыямі і касцюмамі. А потым адбыўся паказ у Арэхава-Зуеве. Там яго пабачыў Міхаіл Іванавіч Калінін і быў ад яго ў захапленні. Магчыма, гэты факт і паспрыяў таму, што ў 1946 годзе стваральнікі спектакля былі ўзнагароджаны Сталінскай прэміяй.

Такія непадобныя героі

За 80 год у спектаклі змянілася некалькі складаў выканаўцаў. Першы трымаўся даволі доўга, амаль чвэрць стагоддзя. У ім былі заняты такія карыфеі беларускага тэатра, як Аляксандр Ільінскі (Несцерка), Цімох Сяргейчык (шкаляр Самахвальскі), Яніна Глебаўская (Мальвіна), Анатоль Шэлег (Юрась) і Зінаіда Канапелька (Наста).

Прыкладна з сярэдзіны 60-х гадоў адбылася змена пакаленняў, і ў цэнтральнай ролі амаль да апошніх дзён свайго жыцця стаў выступаць народны артыст СССР Фёдар Іванавіч Шмакаў. У першым выпадку перад гледачом паўставаў мудры і вельмі абаяльны, дасціпны і па-чалавечы прыцягальны народны герой. Сама асоба выдатнага, інтэлігентнага і разам з тым віртуознага Аляксандра Ільінскага ўзбуйняла гэты вобраз. Другмі выканаўца Несцерка быў хутчэй прасцяк, кемлівы, цікаўны, гатовы прыйсці на дапамогу хаця б таму, што ведае, як гэта зрабіць. У народнага артыста Беларусі Яўгена Шыпілы гэты персанаж быў надзвычай мяккі, пяшчотны, добразычлівы, разам з тым, у ім адчуваўся сапраўдны селянін, як кажуць, ад сахі. У заслужанага артыста РБ Валянціна Салаўёва Несцерка атрымаўся настойлівым, упартым, як кажуць, «сабе на розуме». Цяперашні выканаўца ролі Пятро Ламан іграе вострага на язык, вясёлага, свойскага беларуса.



 

Галоўная гераіня Наста ў выкананні народнай артысткі Беларусі Зінаіды Канапелька была сапраўднай лірычнай гераіняй, пяшчотнай, тонкай, з доўгай светлай касой, прыгожым голасам. У яе наступніцы Людмілы Заграбельнай яна была дзяўчынай бойкай, здольнай пастаяць за сябе. У Святланы Жукоўская Наста атрымалася вясёлай і гарэзлівай, у Наталлі Аладка – сумнай і задумлівай. Маладая актрыса Юлія Цвікі падкрэслівала ўпарты характар Насты, цэльнасць яе натуры. Тонкім лірызмам адрозніваецца вобраз, створаны сучаснай выканаўцай Ульянай Ацясавай.


Першым выканаўцам ролі яе каханага Юрася быў народны артыст Беларусі Анатоль Шэлег. Ён іграў гэткага ліхога вясковага прыгажуна. У Пятра Ламана, зацверджанага на гэтую ролю ў 70-я гады, атрымаўся менш рашучы, больш меланхалічны герой. Унутрана цэльнага, моцнага і мэтанакіраванага хлопца іграе сёння Арцём Блахін.

Мальвіна ў народнай артысткі Беларусі Яніны Глебаўскай здавалася ўладарнай і сквапнай бязмежна. Больш за ўсё яна хацела патрапіць у асяроддзе панства. Зінаіда Канапелька была паважнай, самавітай кабетай, што пільна сачыла за ўсімі падзеямі і іх рухам. Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Пісарава іграла мажную сялянку, з якой яе паходжанне не знікала, выдавала яе сутнасць. Заслужаная артыстка РБ Тамара Скварцова стварыла моцны, валявы характар шляхцянкі, разумнай і прагматычнай. Цяперашняя выканаўца ролі Раіса Грыбовіч падкрэслівае яе высакародства. Яна клапоціцца пра дабрабыт дачкі, і гэтым тлумачацца многія яе ўчынкі.



 

Жаданым і цікавым для акцёраў быў заўсёды вобраз шкаляра Самахвальскага. Спярша яго іграў народны артыст Беларусі Цімох Сяргейчык.  Ён вельмі дакладна намаляваў партрэт персанажа, які, на думку акцёра, павінен быў адштурхоўваць гледача. У нечым ён нагадваў сатырычных мальераўскіх герояў. У заслужанага артыста БССР Мікалая Цішачкіна шкаляр быў больш мяккім і смешным, гэтаму спрыялі адметная пластыка, жэсты, рухі акцёра. Міхась Краснабаеў настойваў на заганнасці свайго героя, яго фанабэрыстаці і ганарлівасці, а Максім Фралоў не быў пазбаўлены вытанчанасці і кранальнасці. Максім Каржыцкі – своеасаблівы антыпод Несцеркі, зласлівы хітрун, гэткі маленькі дэман. Апошні па часе выканаўца ролі Раман Салаўёў глядзеў на свайго персанажа як бы з боку, таму яго персанаж атрымаўся гратэскава-камічным, схільным да самаіроніі.

НЕСЦЕРКІ: народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Аляксандр Ільінскі, народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Фёдар Шмакаў (ганаровы), народны артыст БССР Яўген Шыпіла, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў.

НАСТЫ: народная артыстка БССР Зінаіда Канапелька, народная артыстка Беларусі Таццяна Заранок, Лілія Куцькіна, Алена Яленская, Людміла Заграбельная, Святлана Жукоўская, Наталля Аладка, Алена Шарэпчанка,  Юлія Цвікі.

ЮРАСІ: народны артыст БССР Анатоль Шэлег, народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Фёдар Шмакаў, народны артыст БССР Генадзь Гарбук, Аляксандр Кацельнікаў, Пятро Ламан, Яўген Сакольскі, Святаслаў Астрамовіч, Аляксандр Базук.

МАЛЬВІНЫ: народная артыстка БССР Яніна Глебаўская, народная артыстка БССР Зінаіда Канапелька, заслужаная артыстка БССР Людміла Пісарава, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова, Марыя Сянько.

ШКАЛЯРЫ САМАХВАЛЬСКІЯ: народны артыст БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Цімох Сяргейчык, заслужаны артыст БССР Мікалай Цішачкін, Аляксандр Андрыенка, Максім Фралоў, Максім Каржыцкі, Раман Салаўёў.

ПАНЫ БАРАНОЎСКІЯ: заслужаны артыст БССР Сцяпан Скальскі, заслужаны артыст БССР Барыс Левін, народны артыст БССР Уладзімір Куляшоў,  Сымон Кохан, Валянцін Цвяткоў, Аляксандр Базук, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Рыгор Шацько.

ПЕРШЫЯ ШЛЯХЦЮКІ: заслужаны артыст БССР Барыс Левін, заслужаны работнік культуры БССР Якаў Буракоў, Барыс Крупскі, Арцём Бародзіч.

ДРУГІЯ ШЛЯХЦЮКІ: Іосіф Тупік, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Тадэвуш Кокштыс, Алег Сямісынаў, Н.Фадзееў.

СУДДЗІ: народны артыст БССР Іосіф Матусевіч, заслужаны артыст БССР Алесь Лабанок, заслужаны артыст БССР Баляслаў Сяўко, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Валянцін Салаўёў.

МАЦЕІ: народны артыст БССР Анатоль Трус, Барыс Крупскі, народны артыст Беларусі Леанід Трушко, Пятро Ламан, заслужаны артыст РБ Віктар Дашкевіч.

А вось сучасныя выканаўцы галоўных роляў:

НЕСЦЕРКА – Пятро Ламан
НАСТА – Ульяна Ацясава
ЮРАСЬ – Арцём Блахін
МАЛЬВІНА – Раіса Грыбовіч
ПАН БАРАНОЎСКІ – Аляксандр Фралоў
ШКАЛЯР САМАХВАЛЬСКІ – Міхась Краснабаеў
ПЕРШЫ ШЛЯХЦЮК – Георгій Лойка
ДРУГІ ШЛЯХЦЮК – Юрась Цвірка
СУДДЗЯ – заслужаны артыст РБ Вячаслаў Грушоў

Рэканструкцыя спектакля

У 2006 годзе колішнім мастацкім кіраўніком тэатра Віталем Баркоўскім і галоўным мастаком Пятром Анашчанкам была зроблена капітальная рэканструкцыя спектакля. Пад гэта быў выдзелены адмысловы прэзідэнцкі грант. Асабліва вялікую працу зрабілі мастакі Пятро Анашчанка і Ніна Бабровіч па капітальнаму аднаўленню касцюмаў спектакля «Несцерка» з абавязковым захаваннем усіх аўтарскіх вобразаў згодна з эсізамі 1940-х і наступных год першага сцэнографа і мастака па касцюмах Ліпы Юльевіча Кроля. Увогуле гэтаму цікаваму і смеламу творчаму эксперыменту садзейнічаў вопыт даследавання беларускіх  народных строяў, якое праводзілася найбольш актыўна ў 80-я -90-я гады мінулага і на пачатку гэтага стагоддзя. Аляксандр Крыштафовіч зрабіў  музычную рэдакцыю  спектакля без жывога аркестра, што запатрабавала сур'ёзнай карэктыроўкі вакальных нумароў. Мікалай Падаляк аднаўляў танцавальныя нумары ў адпаведнасці з першапачтаковай задумай.

У тым жа годзе спектакль быў паказаны на Міжнародным тэатральным фестывалі ў Яраслаўлі, дзе атрымаў вельмі цёплыя водгукі гледачоў і прэсы. Новы тэатральны сезон 2021/2022 будзе зноў адкрывацца спектаклем «Несцерка». Дарэчы, некаторыя ролі ў ім будуць іграць ужо новыя выканаўцы. Запрашаем! 

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
          

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка