НАВУМ ЛОЙТАР – РЭЖЫСЁР СЛАВУТАГА «НЕСЦЕРКІ»

2021 год багаты на знамянальныя даты. Юбілей адзначае сам тэатр імя Якуба Коласа, а таксама многія з яго творчых супрацоўнікаў, іншых спецыялістаў. Варта, несумненна, прыгадаць тых выдатных асоб, якія складалі гонар і славу тэатра, але , на жаль, сышлі ў нябыт. 9 студзеня мы адзначылі 130-годдзе з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (1946) Навума Барысавіча Лойтара (1891–1966).

Навум Барысавіч (Нохум Борухавіч) Лойтар 18 год свайго творчага жыцця аддаў коласаўскай сцэне, паставіў цэлы шэраг знакавых спектакляў як сучаснага яму, так і класічнага рэпертуару. Але самая вядомая работа рэжысёра – славуты «Несцерка», увасобленая ім у далёкім 1941 годзе, якая жыве і карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод гледачоў і сёння, лічыцца своеасаблівай «візітнай карткай» Коласаўскага тэатра. У маі мы будзем адзначаць 80-годдзе першага паказу любімага спектакля. А ці многа мы ведаем пра чалавека, які спрычыніўся да стварэння ўсім вядомай камедыі?

Нарадзіўся Навум Барысавіч (Нохум Борухавіч) Лойтар 9 студзеня 1891 года, у заможнай сям’і, у горадзе Бярдзічаў Кіеўскай губерні (зараз Жытомірская вобласць). Пасля заканчэння віленскай гімназіі Навум пераехаў у Ліду, дзе адбыўся акцёрскі дэбют маладога настаўніка ў мясцовым музычна-драматычным гуртку.

У час першай сусветнай вайны Навум Лойтар трапляе на фронт ва Усходнюю Прусію. Пазней, вызваліўшыся ад ваеннай службы па стану здароўя, вырашае прысвяціць сваё жыццё тэатральнаму мастацтву. У 1920 годзе ён кіруецца ў Маскву і паступае ў Вышэйшыя рэжысёрскія майстэрні да Усевалада Мейерхольда. Хутка настаўнік і вучань называюць адно аднаго сябрамі, Лойтар становіцца бліжэйшым паплечнікам Майстра па кіраўніцтве тэатрам. Ад Меерхольда ён бярэ многія прынцыпы рэжысуры, звязаныя з кампазіцыяй спектакля, яго знешняга афармлення, манерай кампанаваць масавыя сцэны. Разам з тым Лойтар, у адрозненне ад настаўніка,  імкнецца да рэалістычнага вытлумачэння драматычнага твора. У іх узнікаюць некаторыя разыходжанні. Лойтар ідзе ад настаўніка і робіцца галоўным рэжысёрам Маскоўскага тэатра Пралеткульта, некалькі гадоў працуе рэжысёрам кіно.

У 1930 годзе ён вяртаецца на Украіну і ўзначальвае Дзяржаўны яўрэйскі тэатр у Харкаве. У 1937 годзе ён становіцца галоўным рэжысёрам Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра Украінскай ССР у Кіеве, дзе бліскуча ставіць спектакль «Стэмпеню» паводле Шолам-Алейхема.

У 1940 годзе Навум Барысавіч пераходзіць у БДТ-2 (так раней называўся тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску). Тут праходзіць усё далейшае творчае жыццё таленавітага рэжысёра. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ён ставіць камедыю Віталя Вольскага «Несцерка». Спектакль робіцца стылізаванай рэалістычнай казкай.

Глядач убачыў маляўнічае народнае відовішча, напаўказачнае, напаўрэальнае, галоўныя дзеячы якога народ і выказнік яго інтарэсаў, чулы і добры, вынаходлівы і дасціпны весялун і гаварун Несцерка. У гэтым вобразе напоўніцу раскрыўся талент народнага артыста СССР Аляксандра Ільінскага. Лойтар надаў імклівы рытм усяму спектаклю, які вызначаўся вынаходлівасцю і вострымі мізансцэнамі, рэжысёрскім тэмпераментам і дакладна выяўленай думкай, якая не згубілася ў яркім і стракатым тэатральным відовішчы. За гэтую пастаноўку Навум Барысавіч, поруч з выканаўцамі галоўных роляў (А.Ільінскім і Ц.Сяргейчыкам), мастацкім кіраўніком тэатра (ім з’яўляўся на той час Павел Малчанаў),  кампазітарам Ісакам Любанам, у 1946 годзе быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй СССР, а яшчэ раней, у 1945-м, яму было прысуджана званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.

 

На пачатку Вялікай Айчыннай тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі ў г.Уральск Казахскай ССР, дзе «Несцерка» карыстаўся асаблівым поспехам. У далейшым асноўная ўвага калектыву была сканцэнтравана на ўвасабленні п’ес, якія адлюстроўвалі падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Пастаноўшчыкам большасці такіх спектакляў быў Навум Лойтар: «Рускія людзі» К.Сіманава, «Фронт» А.Карнейчука і іншыя.

 

Поруч з гэтым ён ажыццявіў шэраг пастановак рускай класікі, якія сведчылі пра глыбокае разуменне вялікай драматургічнай спадчыны. Так, па-горкаўску прагучаў пастаўлены ў рэалістычнай манеры спектакль «Ягор Булычоў і іншыя» (1942). «Рэвізор» М.Гогаля (1945), поўны вялікай выкрывальнай сілы і жыццёвасці, заняў першае месца на аглядзе рускай класікі, які праводзіўся ў тэатрах рэспублікі ў 1946 годзе. Наўрад ці варта пералічваць усе спектаклі, якія паставіў Лойтар. Найлепшымі прыкладамі яго творчасці можна лічыць «Гарачае сэрца» Астроўскага і «Прыніжаных і зняважаных» Дастаеўскага. Пастаноўкі сведчылі пра шырыню рэжысёрскага дыяпазону Лойтара, пра яго імкненні да вялікіх палотнаў, маштабных па думцы спектакляў.

Памёр Навум Барысавіч Лойтар у 1966 годзе ў Рызе (Латвія).

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
          

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка