НАШ ЛЮБІМЫ «НЕСЦЕРКА»

Многія артысты-коласаўцы прайшлі праз спектакль «Несцерка» як праз школу сцэнічнага мастацтва і знаёмства з тэатрам. Ім ёсць што ўспомніць.

З успамінаў вядучага майстра сцэны, артыста Пятра Ламана:

– Калі я прыйшоў у тэатр пасля інстытута, то першы спектакль, куды я быў уведзены (пакуль толькі ў масоўку), быў «Несцерка». Мне было там неяк вельмі ўтульна, мне страшэнна ўсё падабалася. А ў мяне такая памяць: калі мне даспадобы спектакль, то тэкст асядае адразу. Так і з «Несцеркам». І далей пра усё маё жыццё гэты спектакль скразной ніткай праходзіць. Пачаў я з масоўкі, а ўжо праз два гады быў прызначаны на ролю Юрася.

– Адразу пасля Шэлега?

– Не, не. Шэлег быў ужо ва ўзросце. Юрася іграў Кацельнікаў. А потым ужо я. Іграў вельмі доўга. Потым ужо ў самога ўзрост выйшаў. Там, у п’есе ёсць яшчэ тэкст такі: «Малады, вучоны, прыгожы ды багаты». Гэта пра Юрася. Ну багаты – гэта няхай, а вось малады…Пасля гэтага я быў уведзены на ролю бацькі Насты Мацея (у 1990 годзе). Пазней было яшчэ адно, ужо капітальнае ўзнаўленне, якое рабіў Баркоўскі (2006 год). Там можна было падаваць заяўку на ролю. Я ніякай заяўкі не падаваў, але, тым не менш, мяне прызначылі на ролю Несцеркі.

 

А скажыце, ці памятаеце нейкія кур’ёзныя выпадкі, звязаны з гэтым спектаклем?

– Аднойчы быў фенаменальны выпадак. Мне страшэнна падабаўся вобраз шкаляра. І мая малая дачушка, калі я цытаваў словы з гэтай ролі («Падыйду да яе, пакладу рукі на плецы і скажу: «Любая, хоцас быць маёй?». А яна адказа: «Не хачу, не жадаю»), заўсёды рагатала, весела ёй было. І як сказаў кітайскі філосаф Лао Цзы, бойцеся сваіх жаданняў, яны спраўджваюцца. А ў нас парадак такі: кожны акцёр не пазней, чым за паўгадзіны павінен распісацца аб сваім прыходзе. А памочнік рэжысёра павінна праверыць. І калі хтосьці не распісаўся, трэба падымаць трывогу і шукаць таго артыста. А ў той вечар памрэж празяпіў. Спектакль пачалі, а Шкаляра няма. У нас быў такі малады акцёр Святаслаў Астрамовіч, хацелі яго ўкінуць. Я падумаў: а што гэта будзе, ён жа зусім слоў не ведае. А ў нас у спектаклі было двое выканаўцаў на ролю Мацея. Калі я іграў бацьку, Віктар Дашкевіч працаваў у масоўцы і наадварот. У гэты вечар я павінен быў іграць Мацея. Я кажу: «Людзі, што вы робіце, выпускайце мяне, я хоць тэкст ведаю». Ну і тут хуценька пераапранаюць Дашкевіча ў бацьку, а мяне ў Шкаляра. Я выйшаў і ўсё выдатна адыграў. Шмакаў сядзеў у зале і нічога не заўважыў. Тут у перапынку з’яўляецца той артыст, што спазніўся, увесь запараны. А Шмакаў яму: «Што ж вы апрануліся, яшчэ ж спектакль не закончаны». Так што я яшчэ і шкаляра аднойчы сыграў.

Якія партнёры, з кім давялося працаваць, вам найбольш запомніліся, спадабаліся?

– Мяне вельмі ўражваў народны артыст Беларусі Анатоль Міхайлавіч Трус у ролі бацькі. Там быў і гумар, і драматызм, і цэлая гама пачуццяў і перажыванняў. Настачку аддаюць за шкаляра, ідзе вясельны абрад, яе рыхтуюць, на яе адзяваюць вясельны ўбор. Яна звяртаецца да бацькі: «Татулечка, родны, не аддавай мяне за нялюбага». Ён адказвае: «Пытайся ў маці». А далей ідзе вясельная песня там, ужо пра развітанне з домам. І што робіць Трус? Ён падпявае дзяўчатам, але робіць гэта з такім гумарам, што ў глядзельнай зале не тое, каб рогат, а добрая ўсмешка. Артыст робіць гэта адзін, другі раз. Свацці шыкаюць на яго, але ён працягвае. Трус пашырыў сваю маленькую ролю.