НАПАЧАТКУ ЛІСТАПАДА ЗАПРАШАЕМ НА КАМЕДЫІ СМАЛЕНСКАГА КАМЕРНАГА ТЭАТРА

30.09.2025
4 і 5 лістапада на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа - гастролі Смаленскага камернага тэатра. Расійская трупа, якая палюбілася віцебчанам, пакажа самыя свежыя спектаклі.
4 лістапада (19:00) - камедыя на 2-е дзеі «РОГА С ПЛЕЧ, или РАЗВОД ПО-АНГЛИЙСКИ» па п'есе Аляксея Шчаглова.
Квіткі можна набыць анлайн.

Джэймс Батлер, буйны бізнесовец і ўладальнік дарагой нерухомасці, апантаны ідэяй выкрыць сваю жонку ў шлюбнай нявернасці. Справа тут зусім не ў рэўнасці, а ў тым, што ў выпадку разводу сямейная маёмасць, паводле шлюбнай дамовы, не падзяляецца на дваіх, а цалкам застаецца ў таго, хто не вінаваты ў адзюльтэры. Аднак рэпутацыя місіс Батлер абсалютна бездакорная. І ніякіх нагод скампраметаваць яе няма. Таму прадпрымальны муж мяркуе зладзіць спектакль - разыграць сцэну спакушэння прыстойнай дамы. Для гэтага ён наймае свайго памочніка, фінансіста і самага адданага супрацоўніка Адама Пітмана, паабяцаўшы яму значную суму грошай, а таксама новенькі Ролс-Ройс.

Чым скончылася гэткая мудрагеліста задуманая справа? Ці атрымаецца даверанай асобе Батлера пахіснуць асновы сямейнага дабрабыту боса і каму ўрэшце дастанецца Ролс-Ройс? Глядзіце новую камедыю Смаленскага камернага тэатра - і абавязкова даведаецеся!

Рэжысёр-пастаноўшчык Пётр Арлоў. Сцэнаграфія і касцюмы Святланы Архіпавай, заслужанага мастака Расійскай Федэрацыі. Музычнае афармленне Наталлі Рагачовай. Пастаноўка танцаў Дзмітрыя Васільева.
Прэм'ера - 15 жніўня 2025 года. Працягласць - 2 гадзіны. Узроставае абмежаванне - 18+. Спектакль ідзе на рускай мове.
5 лістапада (19:00) - улётная камедыя на 2-е дзеі «НЕВЕСТЫ ТРАНЗИТОМ» па п'есе Ігара Міногіна.
Квіткі можна набыць анлайн.

Класічная камедыя становішчаў. Рок-музыкант Міхаіл ужо шмат гадоў жыве ў Санкт-Пецярбургу, а яго аднакласнік Андрэй толькі што прыехаў з Краснадара ў паўночную сталіцу Расіі з намерам тут застацца. Па прыездзе ён заходзіць да Міхаіла, каб пабачыцца, а заадно атрымаць параду, як выгадней у Пецярбургу зняць жытло. Прыяцеля Андрэй застае з прыгожай дзяўчынай па імені Маргарыта, якая з'яўляецца нявестай Міхаіла.

Дзяўчына сыходзіць, а Міхаіл расказвае, што нявеста ў яго не адна. Прытым кожная ўпэўнена, што яна – адзіная. Падобна Бернару з вядомай французскай камедыі, наш герой заводзіць раманы выключна са сцюардэсамі. Усе яны служаць у розных авіякампаніях і лётаюць не толькі па краіне, але і за мяжу.

Ці атрымаецца Міхалу і далей весці гэткае легкадумнае жыццё? Якую ролю ў гэтай гісторыі сыграюць яго каларытная служанка і школьны прыяцель з Краснадара? Пра гэта спектакль Смаленскага камернага тэатра «Невесты транзитом».

Рэжысёр-пастаноўшчык Пётр Арлоў. Сцэнаграфія і касцюмы Святланы Архіпавай, заслужанага мастака Расійскай Федэрацыі. Балетмайстар Алена Ягорава, заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі. Музычнае афармленне Наталлі Рагачовай. Тэкст п'есы ў рэдакцыі артыста Аляксандра Іванова.
Прэм'ера - 10 ліпеня 2025 года. Працягласць - 2 гадзіны 15 хвілін. Узроставае абмежаванне - 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі на спектаклі Смаленскага камернага тэатра - у касе тэатра імя Якуба Коласа.
Рэжым працы касы:
панядзелак-нядзеля - з 10:00 да 19:00.
Перапынкі на абед - 12:00-12:30, 15:30-16:00.
Каса працуе без выходных.
Даведкі па тэлефоне ў Віцебску (+375 212) 62-63-81.


















Добавить комментарий