НАЧНЫ ПАКАЗ СПЕКТАКЛЯ «ШАГАЛ… ШАГАЛ….» НА ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ ЛЕГЕНДАРНАГА МАСТАКА

 

Традыцыйна 7 ліпеня Віцебск святкуе дзень народзінаў Марка Шагала. Сёлета Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа і Дом-музей Марка Шагала ў Віцебску правядуць тэатральна-музейную вечарыну «Каб душа мая раскрылася...».

7 і 8 ліпеня чакаем усіх у Доме-музеі Марка Шагала ў Віцебску на вуліцы Пакроўскай, 11а.

У 21:00, для жыхароў і гасцей Віцебска будзе адкрыта экспазіцыя Дома-музея на вуліцы Пакроўскай, 11а. Музейныя супрацоўнікі падрыхтавалі займальны квэст па творчасці сусветна вядомага мастака. Каб паспяхова прайсці яго, прыйдзецца вывучыць кожную карціну Шагала ў дэталях, пашукаць у інтэрнэце артыкулы пра яго мастацтва...

 

У 22:00 адбудзецца ўнікальны начны паказ спектакля «Шагал... Шагал...» – эцюдаў памяці па п’есе У.Драздова «Прамы вагон да Парыжа з усімі перасадкамі» ў пастаноўцы Коласаўскага тэатра. Уявіце сабе, як выйдзе з начной цемры, як з мінулага, таемны Мастак і будзе расказваць, паказваць гісторыю свайго жыцця, тыя вобразы, якія назаўсёды засталіся ў яго творах, той горад, якому належыць душа Шагала... Як будуць складацца ў сузор’е успамінаў, агеньчыкі, што свецяцца з вокнаў віцебскіх домікаў, сінагог, крамаў... Як паляцяць над Віцебскам шчымлівыя словы: «Горад мой, мяне не забыў ты яшчэ! Рака твая ў целе маім цячэ...»

 

Гэты спектакль – гімн гораду маладосці Марка Шагала, роднаму Віцебску. У 20-я гады, калі адбываецца дзеянне спектакля, тут быў цэнтр бурнага палітычнага і культурнага жыцця. Зусім малады мастак, яго маці, бацька, першае захапленне Волечкай, унучкай суседкі Сцяпанаўны; сапраўднае каханне да Бэлы і, нарэшце, цвёрдае рашэнне паехаць вучыцца ў Парыж. Пакідаючы родны горад, Марк Шагал не здагадваўся пра будучую парыжскую славу, не думаў, што больш ніколі не пабачыць родных… Яны ажывуць на палотнах мастака, якія ўзніклі з уражанняў віцебскага юнацтва.

 

«Я бадзяўся па вуліцах, я шукаў, я прасіў: «Божа, ты, схаваны ў аблоках ці за домам краўца, зрабі так, каб раскрылася мая душа, самотная душа хлопчыка-лепетуна, укажы мне, Божа, мой шлях. Я не хачу быць як іншыя, я хачу бачыць новы свет», – прасіў Марк Шагал. І яго мары спраўдзіліся.

Рэжысёр-пастаноўшчык – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталь Баркоўскі. Сцэнаграфія Уладзіміра Матросава. Касцюмы Святланы Макаранкі. Музыка і музычнае афармленне Аляксандра Крыштафовіча. Балетмайстар Павел Гарбуноў. За час жыцця спектакль быў паказаны на многіх гастролях і прэстыжных фестывалях у Італіі, Францыі, Польшчы, Германіі, Малдове, Расіі, Літве. У 2000 годзе адзначаны галоўным прызам Эдынбургскага фестывалю (Вялікабрытанія).

У спектаклі занятыя артысты: Генадзь Гайдук (Марк), Анжаліка Баркоўская (Іда, маці Марка), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Скварцова (Сцяпанаўна), Наталля Саламаха-Конанава (Бэла), Паліна Крашэўская / Алёна Чыстабаева (Волечка), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў (Захар, бацька Марка), Арцём Блахін / заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Рыгор Шацько (Камісар), Дзмітрый Каваленка (Фатограф), Юрась Цвірка (Іван), Уладзіслаў Жураўлёў (дзядзька Зюся).

Кошт квіткоў на вечарыну – 10.00 руб.

Квіткі будуць прадавацца ў касе
Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (вул.Замкавая, 2)
і ў распаўсюджвальнікаў па месцы працы,
а таксама на сайце kvitki.by.

Даведкі па тэлефоне 62-63-81.

Чакаем вас 7 ліпеня ў Доме-музеі Марка Шагала ў Віцебску!

 

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X