НА СЦЭНЕ ТЭАТРА імя ЯКУБА КОЛАСА - «ИГРА ЛЮБВИ»

02.12.2024
30 студзеня (19:00) на вялікай сцэне тэатра імя Якуба Коласа адбудуцца гастролі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Мінскія артысты пакажуць музычную камедыю «ИГРА ЛЮБВИ» па п’есе П’ера дэ Марыва «Гульня кахання і выпадку».

Гэта гісторыя французскага пісьменніка, напісаная ў XVIII стагоддзі, пра каханне і пра вечны канфлікт бацькоў і дзяцей. У аснове сюжэту вядомы камедыйны прыём з пераапрананнямі слуг у гаспадароў і наадварот. Бацька Сільвіі спадар Аргон даведваецца, што да яго ў дом едзе сын яго старога сябра для таго, каб пазнаёміцца з яго дачкой. Сільвія жадае лепш пазнаёміцца з Дарантам і таму мяняецца месцамі са сваёй служанкай Лізэттай. Але старанна прадуманаму плану Сільвіі не атрымоўваецца спраўдзіцца, бо і Дарант мяняецца месцамі са сваім слугой — Арлекінам. Пачынаюцца блытаніна і хлусня, персанажы трапляюць у нязручныя і смешныя сітуацыі. Героям даводзіцца адмаўляцца ад сваіх прынцыпаў і звычак, але ўсё вырашаецца шчасліва, бо сапраўднае каханне перамагае любыя цяжкасці і зусім няважна, хто ты – спадар ці слуга.

Музыка і вершы Юлія Кіма. У спектаклі выкарыстаны фрагменты музычных твораў кампазітараў XVIII стагоддзя.
Рэжысёр-пастаноўшчык - заслужаны артыст Рэспублікі Татарстан Марат Башараў. Мастак-пастаноўшчык Андрэй Меранкоў. Дырыжор-пастаноўшчык Марына Трэцьякова. Дырыжор - лаўрэат міжнароднага конкурсу Юрый Галяс. Харэограф-пастаноўшчык Андрэй Карх (Расія). Мастак па святле Іван Антанюк. Асістэнт рэжысёра - лаўрэат міжнароднага конкурсу Леся Лют. Асістэнт балетмайстра Аляксандра Краснаглазава.
У спектаклі занятыя: дыпламант міжнароднага конкурсу Аляксандр Асіпец / Ігар Басак (спадар Аргон), лаўрэат міжнароднага конкурсу Сяргей Спруць / Уладзімір Свібовіч (Марыа, сын Аргона), лаўрэат міжнароднага конкурсу Ілона Казакевіч / лаўрэат міжнароднага конкурсу Наталля Глух (Сільвія, дачка Аргона), лаўрэат міжнароднага конкурсу Сяргей Суцько / Ілля Савонеўскі (Дарант), лаўрэат міжнароднага конкурсу Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова / лаўрэат міжнароднага конкурсу Вольга Жалезкая (Лізэтта, служанка Сільвіі), Сяргей Жараў / Яўген Далідовіч (Арлекін, служка Даранта).

На IX Міжнародным тэатральным фестывалі «Смаленскі каўчэг» спектакль стаў уладальнікам прыза глядацкіх сімпатый (Смаленск, Расія, 2024). На III Міжнародным тэатральным фестывалі «На Радзіме Уладзіміра Зельдзіна» спектакль стаў уладальнікам дыплома ў намінацыі «Прыз глядацкіх сімпатый» (Мічурынск, Расія, 2024).
Прэм’ера адбылася 8 сакавіка 2023 года. Працягласць - 2 гадзіны 40 хвілін з антрактам. Узроставае абмежаванне - 16+. Спектакль ідзе на рускай мове.
Квіткі - у касе тэатра. Тэлефон 62-63-81.


















Добавить комментарий