МІКАЛАЙ МІЦКЕВІЧ – АДЗІН З ПАЧЫНАЛЬНІКАЎ КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА

У студзені нарадзіўся Мікалай Антонавіч  Міцкевіч, славуты беларускі рэжысёр і акцёр, адзін з заснавальнікаў БДТ-2 (тэатра імя Якуба Коласа), заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Сёлета мы адзначаем 120-годдзе з дня яго нараджэння.

Па сведках сучаснікаў, весялун і адначасова чалавек з адбіткам прыхаванай  самоты. Ён любіў крыху расквечваць рэчаіснае жыццё, надаваць яму сцэнічны каларыт. Знаўца народнай мовы, ведаў безліч прымавак і прыказак, жартаў, анекдотаў.

Паслухаўшы яго показкі, рабіўся зразумелым сэнс літаратурна-рэжысёрскай работы Міцкевіча ў першых спектаклях БДТ-2 – «Цар Максімільян» і «Сон у летнюю ноч». Гэта Міцкевічу належалі ўключаныя ў іх дасціпныя інтэрмедыі, рызыкоўныя жарты, трапныя афарыстычныя рэплікі, якімі ўзбагачаліся беларускамоўныя тэксты. Асабліва ў шэкспіраўскай камедыі «Сон у летнюю ноч». Віцебскія гледачы браліся за жываты, ад смеху і з прычыны пазнавальнасці персанажаў, па-народнаму блізкай мовы іхніх выказванняў.

На здымку: унізе - С.Станюта, Я.Глебаўская, К.Саннікаў, уверсе - М.Міцкевіч, 1926г.

Мікалай Міцкевіч пачаў сваю дзейнасць акцёрам у Першым беларускім таварыстве драмы і камедыі пад кіраўніцтвам Фларыяна Ждановіча ў 1918 годзе, але хутка адчуў, што яго прызванне – рэжысура. Гэтаму спрыяла вучоба ў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве ў выдатных дзеячаў МХАТа-2: Валянціна Смышляева, Аляксандра Гейрата, Барыса Афоніна, Віктара Громава. Спярша ён быў асістэнтам ці другім рэжысёрам у знакамітых настаўнікаў, поруч з імі працаваў над спектаклямі «У мінулы час» І. Бэна, якім 21 лістапада 1926 года адкрыўся БДТ-2, «Эрас і Псіхея» Л.Жулаўскага.

Першая самастойная работа Міцкевіча – пастаноўка п’есы Ю.Юр’іна «Калі спяваюць пеўні» (1928). У творы расказвалася, як нямецкую рабочую дэлегацыю, што наведала краіну Саветаў, на радзіме жорстка праследуюць за словы праўды пра СССР. П’еса не вызначалася мастацкімі вартасцямі, была даволі схематычная. Перад рэжысёрам стаяла задача пераадолець недахопы. Міцкевіч імкнуўся максімальна завастрыць канфлікт паміж прадстаўнікамі розных сацыяльных груп. Станоўчыя персанажы трактаваліся строга рэалістычна, а адмоўныя – гратэскава. Пазней гэты прыём стане адным з найбольш блізкіх яму.

Пачатак творчага шляху Міцкевіча як рэжысёра патрапіў на складаны перыяд. Палітычнае жыццё негатыўна ўплывала на творчасць у тэатры, на яго ўнутраную атмасферу. Ідэолагі дыктавалі маладому калектыву, па якім шляху рухацца. Пастаноўкі беларускіх аўтараў аб’яўляліся шкоднай нацдэмаўшчынай, пячатка забароны лягла і на класічныя творы. Тэатр павінен быў абслугоўваць класавыя інтарэсы пралетарскага гледача. Не было іншага выбару, як ставіць тэндэнцыйныя п’есы сучасных расійскіх аўтараў пра жыццё рабочага класа, падзеі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Такімі былі спектаклі Міцкевіча ў канцы 20-х– пачатку 30-х: «На захадзе бой», «Простыя сэрцы», «Напор», «Качагары». Як прызнаваўся потым рэжысёр ці то жартам, ці то ўсур’ёз, ставіў іх па «метаду дыялектычнага матэрыялізму».

У 1933 годзе Міцкевіча знялі з пасады мастацкага кіраўніка за «фармалізм», ён паехаў у Харкаў, працаваў у розных трупах да пачатку Вялікай Айчыннай. Потым быў франтавы тэатр, а ў 1942-м Мікалай Міцкевіч вяртаецца да віцебскіх таварышаў і не расстаецца з імі да апошніх дзён жыцця. Памёр ён даволі рана – у лютым 1954-га.

Менавіта ў гэтыя гады адбываецца працэс канчатковага творчага станаўлення рэжысёра. Майстар па-новаму, актыўна ўспрымае жыццё свайго народа, які прайшоў праз гераічныя выпрабаванні вайны. Мікалай Антонавіч імкнецца да гераічнай тэмы, да маштабнасці сцэнічных палотнаў. «Разлом» Б.Лаўранёва, «Блуканне па пакутах» А.Талстога, «Гаіці» Дзюбуа –  якія гэта розныя драматычныя творы! Разам з тым рэжысёр знаходзіць для іх сцэнічнага вырашэння і штосьці агульнае, вылучаючы на першы план тэму подзвігу народа.

Сярод адметнасцяў рэжысуры Міцкевіча аддаваў перавагу імправізацыйнаму метаду: пастаноўшчык вызначаў агульныя абрысы спектакля, раскрываў характары і ўзаемаадносіны герояў, абмалёўваў мізансцэны. Часам з залы магло здавацца, быццам акцёры непасрэдна на сцэне знаходзяць інтанацыі. Пакрысе Міцкевіч робіцца прыхільнікам дакладнасці на сцэне. На рэпетыцыях ён мог выкрэсліваць сказы з п’есы або дазволіць акцёру ўвесці дасціпны афарызм, самастойна распрацаваць нямую сцэну (на гэта былі вельмі здатныя Аляксандр Ільінскі і Цімох Сяргейчык), затое знойдзенае потым замацоўвалася і ігралася арганічна.

«Рэжысёр, наогул, павінен трошкі хітрыць з акцёрамі, – смяяўся Мікалай Антонавіч. – Паспрабуй скажы ім: хлопцы, рабіце, што хочаце, – яны такога накруцяць! І нельга забараніць – выконвайце толькі тое, што я хачу! Кінеш ім нітачку, а потым сачы, каб яны ішлі далей і далей…»

Гадзінікавы майстар (М.Міцкевіч) і Ленін (П.Малчанаў)

На здымку: сцэна са спектакля «Крамлёўскія куранты», паст.М.Міцкевіча, у ролі майстра гадзіннікаў - М.Міцкевіч, у ролі Леніна - П.Малчанаў, 1945г.

Можна прыгадаць эпізод у спектаклі «Цэнтральны ход» па п’есе Губарэвіча. Канстанцін Заслонаў даведаўся пра ўрадавую ўзнагароду. Яго віншуюць сябры-партызаны. І раптам камбрыг пускаўся ў скокі, танчыў лезгінку з такім запалам, што гэта выглядала дывертысментам у лясным лагеры народных мсціўцаў. Зала заўсёды сустракала эпізод у выкананні народнага артыста СССР Паўла Малчанава гучнымі апладысментамі.

 

На здымках: сцэны са спектакляў «Алазанская даліна»(у ролі Астапа - Ф.Шмакаў, Галя - З.Канапелька, 1949г.) і «Пяюць жаваранкі» (Туміловіч - А.Шэлег, Пытляваны - А.Ільінскі, 1950г.)

Лірычныя фарбы Міцкевіч знаходзіў і тады, калі ставіў камедыю («Алазанская даліна» Губарэвіча і Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» Палескага, «Пяюць жаваранкі» Крапівы) або маштабнае гісторыка-рэвалюцыйнае палатно («Блуканне па пакутах» па рамане А.Талстога). Ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі рэжысёр «лавіў» хвіліны шчырасці, якой і яны самі трошкі баяцца, і тады на сцэне гучала споведзь чалавечага сэрца.

Рэжысёр імкнуўся да глыбокай распрацоўкі характараў і дасягаў плённых вынікаў у спектаклях «Васа Жалязнова», «Праўда добра, а шчасце – лепш». У апошнім спектаклі Міцкевіч праявіў сябе як знаўца творчасці А.Астроўскага і тонкі яго тлумачальнік. Спектакль быў пастаўлены ў добрай выканаўчай традыцыі Малога тэатра. Гэта быў сапраўдны Астроўскі на беларускай сцэне.

На здымку: А.Ільінскі ў ролі Гразнова, спектакль «Праўда добра, а шчасце - лепш», 1950г. , паст.М.Міцкевіча.

У кожнай рабоце рэжысёр раскрываўся па-новаму. Ён не паўтараўся ў прыёмах, лічыў пастаўлены спектакль пройдзеным этапам, быў наватарам у самым глыбокім разуменні гэтага слова.

Такім быў і застаўся ў памяці сучаснікаў выдатны рэжысёр і артыст-коласавец Мікалай Міцкевіч.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка