МАСТАЦКАМУ КІРАЎНІКУ КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА МІХАСЮ КРАСНАБАЕВУ – 60

Сёння, 5 лістапада 2020 года, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа, рэжысёр Міхась Краснабаеў адзначае юбілей – 60-годдзе з дня нараджэння. Вядома, у гэты дзень ён атрымае шмат віншаванняў, кветак, падарункаў ад калег, сяброў, блізкіх і родных людзей. Нагадаем пра асобныя эпізоды яго творчага шляху, найбольш яскравыя пастаноўкі.

ВЫТОКІ

Нарадзіўся ён у Гродзенскай вобласці, у вёсцы Лябёдка Шчучынскага раёна. Цяга да тэатра праявілася ў ім яшчэ з дзяцінства. Разам з сябрам яны ладзілі ў школе і клубе канцэрты, дзе паказвалі свае міні-спектаклі, якія прыдумляў сам юны Міхась. Гэта былі скетчы, невялікія сцэнкі. Тады ж ён адзначыў бурную рэакцыю гледача на свае выступленні. І гэта спадабалася, было прыемна само адчуванне валодання залай. Праз многа год яму, ужо як артысту-коласаўцу, давялося іграць на сцэне таго самага сельскага клуба, дзе выступаў у маленстве (гэта быў спектакль «Кветкі-ягадкі» В.Ткачова). На яго жаданне звязаць сваё жыццё з тэатрам, маці зрэагавала досыць скептычна: «Міша, Міша, і навошта табе гэта?» Разам з тым трэба заўважыць, што яго бацька быў даволі артыстычным чалавекам: умеў іграць на акардэоне, пісаў маслам, спрабаваў складаць вершы.

ШЛЯХ ДА ПРАФЕСІІ

У Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, куды ён паступіў пасля службы ў войску, кіраўніком курса была славутая актрыса Рускага акадэмічнага тэатра імя М.Горкага, народная артыстка СССР Аляксандра Клімава. Выкладалі спецыяльныя дысцыпліны і такія майстры, як Андрэй Карсакоўскі (акцёрскае майстэрства), Ілья Курган (сцэнічная мова), Тамара Узунава (танец), Людміла Сямашка (сцэнічны бой). На адным курсе з ім вучыліся Алесь Брысь (артыст-коласавец. які рана пайшоў з жыцця), Наталля Аладка, Ігар Дзянісаў (купалавец), Таццяна Папова (з Новага драматычнага тэатра). Дыпломныя спектаклі ставілі Барыс Утораў, сама Клімава ў тандэме з Аўгустам Мілаванавым, той жа Карсакоўскі, Барыс Луцэнка.

У 1985 годзе дыпломныя работы праглядаў галоўны рэжысёр Коласаўскага тэатра Валерый Мазынскі, ён упадабаў студэнта і запрасіў яго на работу ў Віцебск.

КРАСНАБАЕЎ-АКЦЁР

Міхась Дзмітрыевіч лічыць, што яму пашанцавала з першых дзён. Бо адразу з прыходам у тэатр даручылі такую ролю, як Сымон у знакамітым спектаклі «Сымон-музыка» паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа. Пазней, ужо ў якасці рэжысёра, ён і сам возьмецца за прачытанне гэтага выдатнага твора.

 

 

Ён іграў шмат, і ўсе ролі былі для яго любімыя: Пётр з «Мяшчан» Горкага, Артур з «Танга» С.Мрожака, Гартэнзіа з «Утаймавання наравістай» У.Шэкспіра, Грэй з «Пунсовых ветразяў» А.Грына, Хама Брут з «Панначкі» Н.Садур, Барэйка – «Пакахай мяне, салдацік!» В.Быкава, Капітан з «Люці» А.Дударава. Яму было 25 год, калі гледачы ўбачылі яго ў ролі Рамэа ў трагедыі «Рамэа і Джульета» ў пастаноўцы Валерыя Мазынскага. У камедыі М.Гогаля «Рэвізор» Міхась Краснабаеў выйшаў у вобразе Хлестакова. На змену лірычным героям прыходзілі камедыйныя, вострахарактарныя ролі. Такія, як шкаляр Самахвальскі ў «Несцерцы», якая перайшла да артыста пасля заўчаснай смерці Мікалая Цішачкіна.

 

 

ПЕРШЫЯ РЭЖЫСЁРСКІЯ СПРОБЫ

У 1996 годзе адбыўся рэжысёрскі дэбют Міхася Краснабаева – «Вераб’іная ноч». Ён звярнуўся да творчасці Уладзіміра Караткевіча, свайго любімага пісьменніка. Узяў для пачатку пралог «Паром на бурнай рацэ» да рамана «Нельга забыць». Прывабіла вострая канфліктнасць, драматычная напружанасць твору, моцныя характары, якія выяўляюць сябе ў сітуацыі маральнага выбару. Сам напісаў інсцэніроўку. Сам жа сыграў там ролю Юрыя Горава. Значна пазней ён інсцэніруе і ўвасобіць увесь твор.

 

У тым жа годзе выпускае спектакль «Плач, саксафон!» па п’есе маладога на той час Ігара Сідарука. Кранальная меладрама на двух акцёраў, дзе ўпершыню па-сапраўднаму раскрыўся талент Алены Шарэпчанка ў ролі маладой гераіні. Сярод ранніх пастановак – таксама «Школа блазнаў» М.дэ Гельдэрода (першы рэжысёрскі вопыт на вялікай сцэне), «Легенда пра Валодшу» В.Маслюка. Гэта ўжо не ўспрымалася як разавы эксперымент. Малады рэжысёр паступова набіраў большы досвед і майстэрства. У 2000-м годзе ён атрымлівае грант Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на стажыроўку ў Маскве ў майстэрні народнага артыста Расіі, прафесара Пятра Фаменкі.

СПАСЦІЖЭННЕ БЫКАВА

У 2001 годзе Міхась Краснабаеў звяртаецца да творчасці Васіля Быкава, да яго аповесці «У тумане». Жанр спектакля, які называўся «Стрэл у тумане», ён вызначыў як «драматычная дзея пра лёс чалавека», што дало магчымасць узбуйніць яго філасофскае, біблейскае гучанне. Сам жа выканаў цэнтральную ролю – чыгуначнага майстра Сушчэні. З прыходам фашыстаў яго герой спадзяецца перачакаць ліха. Ды гэта аказваецца немагчымым; і ён робіць выбар, праз які, згодна з Быкавым, толькі можна застацца чалавекам, альбо стаць вылюдкам. Сушчэня бярэ ўдзел у неабдуманай, як і сам лічыць, дыверсіі, каб не палічылі «баякам» альбо «халуём», трапляе ў гестапа, а потым…

Па першым часе здавалася, што герой падрыхтаваны да смерці як чагосьці прадвызначанага, у постаці праглядалася пакора. Але ў гарачым бляску вачэй, рэзкіх рухах жыла і прага жыцця. Праз усю дзею спектакля ён намагаўся ўчапіцца за любы, нават маленькі шанц. Як рэжысёр, Міхась Краснабаеў здолеў цудоўна раскрыць не толькі сюжэтную канву аповесці, збудаваць канфлікт, але і ўзняцца да філасофскага абагульнення праблемы «выбару» ў пагранічнай сітуацыі, сэнсу быцця, жыцця і смерці. Метафарычным было афармленне спектакля: апрача чорных куліс, глядач бачыў круглы абруч, з якога звісалі вяроўкі і пад які перад смерцю ўставаў кожны з герояў. Свайго роду цярновы вянец – сімвал пакуты і Узыходжання.

ПАВОДЛЕ КАРАТКЕВІЧА

У 2004 годзе Міхась Краснабаеў пераводзіцца на пасаду рэжысёра-пастаноўшчыка. І адразу ж звяртаецца да твору свайго любімага аўтара – «Ладдзі Роспачы», задумаўшы яе як музычную легенду. Дзякуючы ў тым ліку таленту выдатнага кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча, спектакль меў вялікі поспех як у дарослага гледача, так і ў моладзі. Ён распавядаў пра духоўную моц і мудрасць беларускага народа, сімвалам якога выступаў галоўны герой Гервасій Выліваха. У гэтай ролі спярша выступаў Арцём Бародзіч, а потым, пасля аднаўлення спектакля, Аляксандр Базук. Ён бачыўся рэжысёру не нейкай іконай, а хутчэй простым смяротным і разам з тым чалавекам высакародным. Яго любоў да жыцця, сапраўднага, зямнога, перамагае ўсё: царкоўную і каралеўскую ўладу, і нават смерць. З высокіх пастаментаў (у літаральным сэнсе) да Гервасія сыходзілі яго «апаненты»: біскуп (Ю.Цвірка), каралева Бона (Н.Аладка, С.Жукоўская), Перавозчык (Г.Лойка), Смерць (засл.арт.РБ Т.Ліхачова, А.Шарэпчанка), каб прайграць у маральным паядынку гэтаму маленькаму чалавеку.

 

Прэм’ера спектакля «Леаніды не вернуцца на зямлю» паводле рамана «Нельга забыць» адбылася ў 2012 годзе. Ці можа каханне перадацца праз кроў, увайсці ў генетычную памяць чалавека? – пытаюцца героі пастаноўкі. Можа, калі гэта – сапраўднае каханне… Спектакль быў паказаны на тэатральным форуме прафесійных тэатраў «Тэатр Уршулі Радзівіл» у Нясвіжы, на Дні беларускага пісьменства ў горадзе Глыбокае, а таксама з’яўляўся адным з прэтэндэнтаў на Рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія-2012» у Мінску. Сёння ролю паэта Андрэя Грынкевіча іграе артыст Цімур Жусупаў, ролю Ірыны Горавай – Юлія Крашэўская. Крытыкі пісалі пра тое, што рэжысёр аддае перавагу рамантычнай стылістыцы існавання герояў, якія цалкам аддаюцца плыні нястрымных пачуццяў. Мастак Святлана Макаранка ўвяла ў спектакль вобраз караткевічаўскага парома, што адарваўся ад берагоў і хістаецца ўправа-ўлева, бы трэсачка ў віры, шукаючы для сябе якой-небудзь апоры. У гэткім жа «хісткім» тэмпа-рытме існуе і галоўны герой спектакля Андрэй Грынкевіч.

 

Міхась Краснабаеў ідзе на смелыя рэжысёрскія крокі, калі бярэцца за такія маштабныя творы, як, напрыклад, «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле аднайменнага рамана Караткевіча. У ім добра праявіў сябе малады акцёр тэатра Дзмітрый Каваленка. Ён змог увасобіць вобраз народнага Хрыста, Юрася Братчыка, якія з махляра і валацугі ператвараецца ў мысляра, пакутніка, праўдашукальніка. І спасцігае непахісную ісціну: «…умацуйся ў мужнасці сваёй, сурова сей пасеў свой, не давай яго затаптаць, не спадзявайся, што лёгка аддадуць праўду. Чакай кожную хвіліну бойкі і плахі. Вось – вера. А іншай няма». Спектакль можна па праву лічыць аўтарскім.Бо Краснабаеў прыдумаў і вельмі ўдалую сцэнаграфію. Некалькі аднолькавых драўляных збудаванняў, падобных да своеасаблівых крыжоў ці супрацьтанкавых «вожыкаў», ператвараюцца і ў крэслы-лавы, і ў своеасаблівую агароджу, і ў вогнішча. Не абышлося і без падвешанага звона, што таксама выклікае мноства асацыяцый.

 

«З КАМЕДЫЯМІ Я  ПРАЦАВАЦЬ ЛЮБЛЮ»

Так выказаўся Міхась Дзмітрыевіч у адным з інтэрв’ю. І сапраўды, яго пастаноўкі ў гэтым жанры маюць трывалы поспех у гледача. Назавем самыя вядомыя: «За двума зайцамі» М.Старыцкага, «Шукаем тэнара!» К.Людвіга, «Да трэціх пеўняў» В.Шукшына, «Перабор» Х.Бергера, «Жарты» паводле Л.Родзевіча, М.Чарота, Я.Купалы, «Доктар філасофіі» Б.Нушыча, «Мая жонка – падманшчыца» М.Мэё і М.Энэкена…

 

 

У «Жартах» ён аб’яднаў тры розныя вадэвілі агульнай сюжэтнай канструкцыяй. Героі адной п’есы пераходзяць  у другую. Так, Яўмен з «Мікітавага лапця» (Г.Лойка) зусім лагічна становіцца палюбоўнікам Маладзіцы (А.Куржалава, Р.Грыбовіч) з «Конскага партрэта». Гэта дапамагае стварыць пэўную мастацкую цэласнасць спектакля. У 2012 годзе спектакль прымаў удзел у V усерасійскім тэатральным фестывалі «Руская камедыя», дзе выканаўца ролі Кацярынкі («Прымакі» Я.Купалы) Юлія Крашэўская атрымала дыплом «Малады талент».

 

Спектакль «За двума зайцамі», які меў поспех і ў Віцебску, пазней паказваўся на гастролях тэатра ў Санкт-Пецярбургу, Бранску, Арле, дзе таксама атрымаў добрыя водгукі не толькі сярод гледачоў, але і ў прэсе.

 

ДАЛУЧЭННЕ ДА ДУХОЎНАЙ КРЫНІЦЫ

У 2009 годзе Міхась Краснабаеў звярнуўся да вобраза беларускай святой, увасобіўшы п’есу Ірыны Масляніцынай «Крыж Ефрасінні». На гэтую пастаноўку ўдалося дабіцца блаславення Патрыяршага Экзарха усяе Беларусі, мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта. Быў выдзелены спецыяльны прэзідэнцкі грант. Прэм’ера прайшла з поспехам. У аснове падзей спектакля – 30-тыднёвы перыяд будаўніцтва Спаса-Праабражэнскага храма Свята-Еўфрасіннеўскага манастыра. Царква была ўзведзена ў сярэдзіне XII стагоддзя па блаславенню Ефрасінні дойлідам Іаанам і захавана да гэтага часу. Праблема гістарычнай рэканструкцыі тых падзей заключалася ў тым, што да нас дайшло толькі «Жыццё вялебнай маці нашай Ефрасінні», складзенае па спісе XVII стагоддзя са зборніка Тройца-Сергіеўскай лаўры. Таму, па задуме рэжысёра, спектакль больш нагадваў не гістарычную драму, а споведзь. Вобраз ігуменні, якую іграла заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова, паўставаў мудрым і прасветленым, як і належыць дзівоснай асобе, якая валодала дарам прадбачання і незвычайнай сілай духу.

 

КАЗАЧНЫЯ ГІСТОРЫІ

На працягу свайго творчага жыцця рэжысёр актыўна звяртаўся да казачнага матэрыялу. Дзеці – гэта будучыя дарослыя гледачы, якія з цягам часу прыйдуць у тэатр ужо ў іншай якасці, калі самі, магчыма, стануць бацькамі. Наколькі мы закладзем у іх парасткі любові да цудоўнага, настолькі разумнага, чуйнага гледача мы ў далейшым атрымаем. Таму пры выбары матэрыялу для такіх спектакляў рэжысёр звяртаецца найчасцей да літаратурнай класікі. «Доктар Айбаліт» паводле вядомай казкі Чукоўскага і кінасцэнарыя Р.Быкава і В.Карастылёва, «Прыгоды Дзюймовачкі» П.Ісайкіна і «Снежная каралева» Я.Шварца паводле Г.-Х. Андэрсена.

 

У прачытанні Міхася Краснабаева  казка пра Дзюймовачку ператварылася ў сапраўднае сцэнічнае відовішча з прыкметамі шоу: музыка нароўні з драматычнымі дыялогамі вызначала стыль пастаноўкі і рухала дзеянне. У дэкарацыях панаваў актыўны зялёны колер (адпаведны месцам дзеяння — палянцы і балоту), у касцюмах больш стракатая гама і тыя ж фарбы спалучаліся з ружовымі і белымі ў матылькоў, бірузовымі ў Дзюймовачкі (мастак Святлана Макаранка). Вядома ж, свае нюансы прыўносіла і святло. У музыцы, якая таксама вызначае галоўны канфлікт спектакля паміж высакароднымі і больш нізкімі істотамі (яе аўтарам выступіў віцебскі кампазітар Руслан Стаброўскі), лірычныя тэмы галоўнай гераіні і закаханага ў яе караля Матылькоў змянялі жартаўліва-гарэзлівыя ў жабак і жукоў. Вельмі адчувальнымі з’яўляюцца іранічныя акцэнты, якія расстаўляе рэжысёр, той гумар, які закладзены і ў драматургічным матэрыяле. Магчыма, таму найбольш выразнымі ў спектаклі атрымаліся вобразы адмоўных персанажаў, некаторыя з іх нагадвалі аперэтачных герояў.

 

Вельмі эмацыянальны і глядацкі спектакль – «Снежная каралева» Я.Шварца паводле  Г.-Х. Андэрсена.У прачытанні Міхася Краснабаева гэта добрая зімовая казка, аздобленая маляўнічымі дэкарацыямі Святланы Макаранка, упрыгожаная таямнічай і вясёлай музыка Арцёма Краснабаева і гарэзлівымі пластычнымі нумарамі Дзіяны Юрчанка.

 

ПАВЯРТАННЕ ДА КЛАСІКІ

У верасні 2017 года Міхась Краснабаеў становіцца мастацкім кіраўніком Коласаўскага тэатра. Ён вырашае шэраг важных задач. Па-першае, выхаванне трупы на лепшых традыцыях псіхалагічнага тэатра, умацаванне яе таленавітымі маладымі кадрамі. Па-другое, уключэнне ў рэпертуар якасных твораў сусветнай класічнай драматургіі. Пачынае ён з пастаноўкі па п’есе М.Горкага «Апошнія». І невыпадкова. Бо нечым і сам твор, і яго сцэнічная інтэрпрэтацыя падаюцца заяўкай на пэўную мастацкую праграму, павяртаннем да існага псіхалагічнага тэатра.

Рэжысёр дэталёва і дакладна перадае гісторыю складаных адносін між бацькамі і дзецьмі. І робіць гэта найперш праз выканаўцаў. «Я стараюся працаваць найперш для артыстаў, каб іх напоўніцу раскрыць, яны для мяне галоўнае. Нейкія рэжысёрскія прыдумкі, фантазіі – на другім плане, хоць яны таксама важныя», – прызнаецца рэжысёр. Такім чынам, у спектаклі ён сачыў найперш над развіццём сцэнічных характараў. Праз сум, нудоту, тугу, балючае каханне да Якава Соф’я (Алена Шарэпчанка) пераасэнсоўвала сваё стаўленне да дзяцей: яе змучвалі страх, непакой, пякучае адчуванне віны перад імі. Зразумеўшы ўласную няздольнасць штосьці змяніць, яна стомлена ўкленчвае і просіць у іх даравання. Ператварэнне сваёй гераіні Веры з наіўнай, няўрымслівай дзяўчынкі, з рамантычна-кніжнымі ідэаламі, у цынічную кабету – нейкае «патэнцыйнае» падабенства старэйшай сястры Надзеі – выдатна прадэманстравала маладая выканаўца Анастасія Рэўчанка-Лук’янава. Страту ж ілюзій Пятра датычна бацькі, які быў для яго маральным узорам, добра паказвалі Раман Салаўёў і Аляксей Анісеня. І гэтае зруйнаванне, гэтая катастрофа ў свядомасці здаваліся куды мацнейшымі за ўплыў рэвалюцыянераў.

 

Цэнтральны вобраз драмы – Іван Каламійцаў, ролю якога тонка выконваў Георгій Лойка. У спектаклі ён не настолькі хітры прайдзісвет, але можа выключна таленавіта апраўдаць ўласныя не самыя годныя ўчынкі і звінаваціць любога, апроч самога сябе. І робіць ён гэта вельмі шчыра, апантана, ледзь не пафасна. Іншым разам нават сумневы ўзнікаюць: мо, рэшта сумлення ў яго ўсё-ткі засталася…

 

У фінале спектакля, пасля смерці брата, Каламійцаў (як, зрэшты, і іншыя адмоўныя персанажы) не парываецца адразу сысці са сцэны. Рэжысёр, адрозна ад аўтара, пакідае ўсіх насельнікаў дому разам, у супольнасці. Смерць нібыта яднае іх. На твары Івана – разгуба, агаломшанасць, нават падабенства роспачы. Магчыма, у ягонай душы таксама, вось цяпер, нешта пераменіцца…

Следам ставіць заходнюю класіку – «Дурнічку» Лопэ дэ Вегі. Па яго словах, ён хацеў стварыць «казку для дарослых» – прыгожы спектакль пра каханне з шыкоўнымі строямі, адпаведнымі позняму іспанскаму Рэнесансу, дэкарацыяй, таксама стылізаванай пад тую ж эпоху (мастак Святлана Макаранка). Сцэнічнае мастацтва развіваецца па спіралі, і зараз глядач ужо крыху стаміўся ад наўмыснай актуалізацыі, асучаснівання класічных твораў. Бо можа здарыцца, што актрысы развучацца насіць шыкоўныя сукенкі ранейшых часоў, акцёры – камзолы, ды і дуэль на рапірах – ужо амаль зніклая з’ява. Прысвоіць сабе, зрабіць арганічным для сябе класічны вершаваны тэкст таксама для маладых артыстаў добрая школа. Калі казаць пра жанравае ўвасабленне, то звяртае на сябе ўвагу жаданне рэжысёра ўзмацніць лірычную плынь, ва ўсякім выпадку ўраўнаважыць лірычныя і камедыйныя моманты п’есы. Апрача гэтага, ён дакладна выбудоўвае дзейсную лінію твора, шукае псіхалагічную матывіроўку паводзін персанажаў праз іх успрыманне падзей, іншых герояў, імкнецца пашырыць аб’ём характараў, найперш цэнтральных персанажаў.

 

НОВАЕ ПРАЧЫТАННЕ КОЛАСА

Пачынаючы працу над «Сымонам-музыкам», Міхась Краснабаеў адчуў перазоў пачатку XX стагоддзя з нашым прагматычным часам. Рэжысёра хвалюе не толькі лёс мастака, які змагаецца за сваё права быць вольным і незалежным там, дзе правяць баль грошы і ўлада, але і будучае беларусаў як нацыі. Адсюль праз увесь спектакль праходзіць трагічны вобраз Ганны (арт.А.Рэўчанка-Лук'янава, П.Крашэўская) не толькі як каханай Сымона, але і як знявечанай, здратаванай Бацькаўшчыны, яе мовы, культуры, духоўных каранёў, нацыянальнай самасвядомасці. На пачатку дзеі сучасная моладзь, якая выраклася сваёй мовы, сваіх каранёў, віхляецца ў нейкіх шалёных танцавальных рухах. І раптам на экране з’яўляюцца аўтографы рукапісу паэмы, жывыя коласаўскія радкі. І тыя ж радкі, але занатаваныя на аркушах паперы, ужо ляцяць аднекуль зверху, запаўняючы ўсю сцэну. Адбываецца нейкае містычнае пераўтварэнне, пэўны цуд, калі Стары (нар.арт.Беларусі Т.Кокштыс) выхоплівае з натоўпу постаць маладога сучаснага юнака і дае яму чытаць коласавы вершы. Яго апранаюць у беларускі строй, і ён ператвараецца, прынамсі, прымярае на сябе вобраз Сымона-музыкі, які атрымаў ад Бога асаблівы талент і надзвычайнае разуменне свету. Стары быццам вядзе хлопца па дарозе жыцця, дае моцы ў выпрабаваннях лёсу, далучае яго да сапраўднай духоўнасці.

 

Фінал спектакля трагічны, змрочны, ён не пакідае надзеі. Памірае згвалтаваная князем і яго хеўрай Ганна. І толькі ў душы Сымона засталася жыць памяць пра яе, пра каханне. І быццам гэтая памяць, гэтае светлае пачуццё дапамагае юнаку ўстаць з кален і «нарадзіць» бессмяротныя радкі, якія на пачатку спектакля чытаў Стары і якія пакінуў яму (усім нам!) як духоўны запавет.

 

Спектакль «Сымон-музыка» быў паказаны ў 2019 годзе на Міжнародным тэатральным фестывалі «Белая вежа» ў Брэсце і Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску.

СПЕКТАКЛІ-ПРЫПАВЕСЦІ

Першай спробай паставіць п’есу-прыпавесць быў спектакль «Бальніца на краі свету» паводле Хрысты Бойчава. Міхась Краснабаеў, увасобіўшы яе як драматычную камедыю, па яго ж уласных словах, стварае «тры ў адным»: «Ёсць ад нараджэння закладзеная ў людзях драма, якая паказваецца праз яркую камедыйную падачу. А трэці складнік дадасць глядач, бо кожны будзе бачыць сваё, свае асацыяцыі, у залежнасці ад жыццёвага досведу і культурнай адукацыі».

 

Калі глядзіш гэты спектакль, ловіш сябе на думцы, што табе і смешна, і сумна, журботна амаль адначасова. Бо першы павярхоўны пласт з гумарам, іроніяй у адносінах да жыццёвых гісторый герояў, іх спадзяванняў і ілюзій адкрывае паралельную рэальнасць. Гэта і гісторыя асобна ўзятага маленькага чалавека, і гісторыя хворага свету, які ўжо дайшоў да пэўнай мяжы, за якой небыццё (пра гэта фінал спектакля), і нашага грамадства. «Бальніца», адкуль немагчыма выйсці, узнікае і існуе ў спектаклі на ўзроўні метафарычнай асацыятыўнасці. Спектакль атрымаўся і глядацкім, і атрымаў добрыя водгукі ў тэатральных крытыкаў на Міжнародным анлайн-фестывалі «Театр@льный круг» у Ліпецку. Зараз ён прайшоў адборачны тур і трапіў у фінал «Нацыянальнай тэатральнай прэміі».

Потым з’явіўся Мрожак (яго абсурд блізкі да палітычнай парабалы, па сутнасці, той жа прытчы). Спектакль «Дом на мяжы» складаецца з дзвюх частак – аднаактовых п’ес класіка абсурдысцкай драмы – «Караль» і уласна «Дом на мяжы». Рэжысёр увасабляе іх у традыцыйнай эстэтыцы. Нягледзячы на «студыйны» пралог, дзе ў праёмах шырмы з гумавых стужак з’яўляюцца рукі і твары акцёраў, якія быццам узіраюцца ў гледача. Далей «ігра» (як прыём, спосаб акцёрскага існавання) быццам знікае, і артысты досыць праўдзіва, падрабязна, паглыбляючыся ў сутнасць сваіх трагікамічных вобразаў і парадаксальных сітуацый, пачынаюць пражываць свае сцэнічныя гісторыі. Здаецца, рэжысёра больш цікавіць не форма, а думка, якая закладзена ў кожнай з аднаактовак. Ён паглыбляецца ў сацыяльны, філасофскі падтэкст твораў. І галоўным для яго з’яўляецца праблема выбару. У «Каралі» рэжысёра цікавіць феномен здрадніцтва, адступніцтва інтэлігентнага, адукаванага чалавека ад сваіх маральных, чалавечых прынцыпаў пад напорам грубай, хамскай, сляпой сілы, якая адмаўляе культуру і прапаведуе гвалт. Рэжысёр быццам адаптуе тэкст і вобразы герояў пад тыя канкрэтныя гістарычныя і сучасныя алюзіі, якія хоча выклікаць у гледача. Найперш гэта таталітарныя сістэмы, рэжымы, накшталт сталінскага альбо нацысцкага з іх ганеннем іншадумцаў, пошукам і знішчэннем ворагаў, вербаваннем «сексотаў» і гэтак далей. У другой частцы, што дала назву ўсяму спектаклю, – «Доме на мяжы» размова ідзе пра маленькага чалавека, якім лёгка маніпулююць. Бо ў кожнага з нас ёсць слабое месца, на якое лёгка націснуць, каб пераканаць у любой догме, любым ідэалагічным клішэ. Вышэйшая мэта, гістарычная справядлівасць, патрыятызм, цывілізацыя, стратыфікацыя – ёсць безліч слоў у палітычнай дэмагогіі, якой можна адурманіць, уздзейнічаць на свядомасць, каб уяўныя інтарэсы дзяржавы, бязглузды патрыятызм сталі важней за жыццё блізкага чалавека. Апошнія падзеі паказваюць, наколькі востра і актуальна гучыць сёння гэты спектакль.

 

Цяпер рэжысёр працуе над творам Маркеса «Стары-стары сеньёр з вялізнымі крыламі» ў драматычным пералажэнні Андрэя Курэйчыка. Па словах самога Міхася Дзмітрыевіча, яго прываблівае тая шматслойнасць, якая закладзена ў прыпавесцях. Глядач, бывае, пасмяецца, а ў галаве застаюцца вельмі сур’ёзныя думкі. Але гэта вельмі няпроста. Патрэбны і артысты, якія ўмеюць гэта рабіць і адчуваюць матэрыял на высокім прафесійным узроўні. Гэта можа быць, калі яны з рэжысёрам аднадумцы. Прэм'ера спектакля адбудзецца 21 лістапада, у дзень нараджэння Коласаўскага тэатра. Пачатак а 18-й гаддзіне. Запрашаем!

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа
шчыра віншуе Міхася Дзмітрыевіча Краснабаева з юбілеем
і жадае яму новых творчых здзяйсненняў, самых рызыкоўных спроб і эксперыментаў,
якія насамрэч рухаюць тэатр наперад,
ажыццяўлення ўсіх, нават самых нязбытных мар і жаданняў,
моцнага здароўя, павагі калег, любові і бязмежнага клопату блізкіх і сваякоў,
выдатнага настрою, бадзёрасці на доўгія гады!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка