ЛІТАРАТУРНАМУ РЭДАКТАРУ КОЛАСАЎСКАГА ТЭАТРА ЮРЫЮ ІВАНОЎСКАМУ – 60!

 

8 снежня 2022 года адзначае юбілей – 60-годдзе – літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Юрый Генадзьевіч Іваноўскі.

Юрый Іваноўскі захапляўся тэатрам з дзяцінства. Усё пачалося з прафесійных радыёспектакляў ў пастаноўцы беларускага і савецкага радыё. Ён слухаў з захапленнем, як можна выключна з дапамогай голасу, гукаў, мелодый глыбока перадаць драматычныя вобразы. А ў 14 год пачаў пастаянна наведваць Коласаўскі тэатр. Яшчэ заспеў спектаклі з жывой музыкай, з аркестрам. Бачыў на сцене многіх легендарных артыстаў – Анатоля Шэлега, Іосіфа Матусевіча, Анатоля Труса, Галіну Маркіну, Георгія Дубава, Яўгена Шыпілу, Леаніда Трушко, Зінаіду Канапелька, Уладзіміра Куляшова...

Сувязь з тэатрам засталася ў Юрыя Іваноўскага на ўсё жыццё. У 1981 годзе ён закончыў тэатральнае аддзяленне Магілёўскага культурна-асветніцкага вучылішча, працаваў ва ўстановах культуры Віцебскага раёна. І вось нарэшце трапіў на працу ў Коласаўскі тэатр. Праўда, не на творчую пасаду, а на тэхнічную: спачатку быў манціроўшчыкам сцэны, а потым асвятляльнікам. Але спыняцца на гэтым не хацелася...

У 1986 годзе Юрый Іваноўскі паступае на філалагічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава, а ў 1989-м ідзе завочна асвойваць прафесію тэатразнаўцы ў Беларускую акадэмію мастацтваў. Першыя артыкулы пра тэатр ён напісаў яшчэ ў 1979-м для газеты «Літаратура і мастацтва». Гэта былі рэцэнзія на радыёпастаноўку «Векапомныя дні» і творчы партрэт народнага артыста Беларусі Яўгена Шыпілы.

Пасля заканчэння інстытута працуе кіраўніком літаратурна-драматычнай часткі Беларускага тэатра «Лялька», заканчвае вучыцца на тэатразнаўцу. Непасрэднае супрацоўніцтва з рэжысёрамі, мастакамі, артыстамі, усімі тэатральнымі службамі даюць яму добры досвед і магчымасць усвядоміць, што такое сцэнічнае мастацтва напоўніцу – ад прачытання п’есы да першага выхаду да гледача.

У 1996 годзе пачынае працаваць у абласной газеце «Віцебскі рабочы» карэспандэнтам, аглядальнікам, загадчыкам аддзела. І да 2007 года піша шмат і на розныя тэмы. Вядома, не пакідае тэатральную тэматыку, наведвае прэм’еры ў Коласаўскім і гастрольныя паказы. Але гэта не суцяшае жадання выказацца на сцэне. І Юрый Іваноўскі вяртаецца ў акадэмію мастацтваў і паступае на рэжысуру. Каб трымаць узровень, вучыцца і практыкуецца адначасова: выкладае тэатральныя дысцыпліны ў віцебскай СШ №22, у каледжы культуры і мастацтваў і кіруе старэйшым аматарскім калектывам вобласці – Багушэўскім народным тэатрам, дзе быў рэжысёрам ажно напрацягу 10 год.

І вось мара спраўджваецца. У 2009 годзе ён ставіць у Коласаўскім тэатры казку «Вядзьмарка і Дыназаўрык» па п’есе беларускага драматурга Аляксея Якімовіча. Дыпломную работу курыруе тагачасны мастацкі кіраўнік тэатра, выкладчык акадэміі Рыд Таліпаў. Больш за 13 год запар спектакль ідзе ў тэатры, на абласных сцэнах, перажыў некалькі змен артыстаў, але ўсё роўна мае поспех сярод юных гледачоў.

Пасля заканчэння акадэміі Юрый Іваноўскі 5 год кіруе народным калектывам «Група тэатр» Віцебскага раённага дома культуры ў аграгарадку Ноўка. А ў 2014-м зноў вяртаецца ў Коласаўскі. Напэўна, гэта лёс... Спачатку памочнікам мастацкага кіраўніка, а цяпер – літаратурным рэдактарам.

На сёння Юрый Генадзьевіч прымае актыўны ўдзел у фарміраванні рэпертуару тэатра, пастаянна знаёміцца з навінкамі драматургіі, курыруе гарадскі конкурс «Сцэнічныя чытанні «Школьны тэатр», трымае сувязь са СМІ. І, канешне, шмат піша пра Коласаўскі тэатр – на афіцыйным сайце, у рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх выданнях. На сёння ў яго асабістым архіве больш за 200 тэатральных рэцэнзій, творчых партрэтаў, інтэрв’ю. Атрымліваецца сапраўдны летапіс Коласаўскага тэатра, які чакае выдання.

Не пакідае Юрый Іваноўскі і рэжысуры. Быў кіраўнікоў многіх школьных тэатральных студый горада, цяпер узначальвае аб’яднанне па інтарэсах «Арлекін» Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. І сёлетняе навагодняе прадстаўленне каля ёлкі пасля спектакля «Дванаццаць месяцаў» юныя віцебскія гледачы і іх бацькі ўбачаць у пастаноўцы Юрыя Іваноўскага.

Коласаўскі тэатр зычыць Юрыю Генадзьевічу
спраўджання ўсіх творчых задум, пастаяннага ўзбагачэння духоўнага свету,
моцнага здароўя, вернасці мастацтву,
шчырасці і цярпення, смеласці і ініцыятыўнасці!

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X