КУПАЛАЎСКІ НА СЦЭНЕ КОЛАСАЎСКАГА

 

21 і 22 кастрычніка на коласаўскай сцэне пройдуць гастролі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы (г.Мінск). Мінчане пакажуць віцебскаму гледачу два спектаклі.

21 кастрычніка (19:00) госці запрашаюць на камедыю «Паўлінка» паводле хрэстаматыйнай п’есы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

Квіткі можна набыць у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.

 

У багатым рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы спектакль «Паўлінка» заўсёды стаіць асобна. Найстарэйшы спектакль тэатра карыстаецца вялікай любоўю гледачоў і за доўгія гады свайго існавання ператварыўся ў сапраўдную візітоўку, сімвал Купалаўскай сцэны. Сакрэт такога ўнікальнага поспеху – у спалучэнні яскравых народных характараў, цікавага сюжету, народных песень і танцаў, мілагучнай мовы класіка беларускай літаратуры і выдатнага майстэрства выканаўцаў. За час існавання спектакля ўдзел у ім бралі некалькі пакаленняў найлепшых артыстаў краіны, а сам ён стаў сапраўднай школай сцэнічнага майстэрства. Звычайную гісторыю пра тое, як дзяўчына абрала сабе жаніха насуперак бацькоўскай волі, народны паэт Беларусі Янка Купала шчодра аздобіў нацыянальным каларытам і сакавітым народным гумарам. Прэм’ера спектакля ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Льва Літвінава адбылася ў 1944 годзе ў горадзе Томску, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі.

 

Ролі выконваюць: Паўлінка – Анастасія Варанкова, Альжбета – заслужаная артыстка РБ Вольга Няфёдава, Агата – народная артыстка Беларусі Тамара Міронава, Адольф Быкоўскі – Міхаіл Світа, Якім Сарока – Ілля Крук, Адэля – Ала Ельяшэвіч, Суседка – народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова, Пранцысь Пустарэвіч – народны артыст СССР і БССР Генадзь Аўсяннікаў.

Спектакль ідзе на беларускай мове. Узроставае абмежаванне – 12+.

22 кастрычніка (18:00) віцебскія гледачы змогуць убачыць містычную легенду пра каханне «Чорная панна Нясвіжа» Аляксея Дударава.

Квіткі можна набыць у касе тэатра (тэлефон 62-63-81) або на сайце kvitki.by.

 

Вось ужо чатыры стагоддзі ў Нясвіжскім замку з’яўляецца прывід маладой жанчыны. Па легендзе гэта блукае пакутлівая душа недарэчна загубленай каханай караля Жыгімонта – Барбары Радзівіл. Відовішчны і пачуццёвы спектакль сцвярджае, што галоўнае ў жыцці – захаваць здольнасць да вялікіх пачуццяў і вялікіх учынкаў.

Рэжысёр-пастаноўшчык – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР Валерый Раеўскі. Мастак-пастаноўшчык – народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і РБ Барыс Герлаван. Музыка Віктара Капыцько.

 

Ролі выконваюць: Барбара – Таіса Увядзенская, Бона Сфорца – Ала Ельяшэвіч, Жыгімонт Аўгуст – Міхаіл Світа, Мнішак – Уладзімір Іваноў / заслужаны артыст РБ Уладзімір Рагаўцоў, Радзівіл Чорны – Алесь Кісялёў / Сяргей Бірульчык, Фрэйліны – Надзея Азаранка, Маргарыта Гарбачова, Святлана Гулевіч, Анастасія Варанкова, Кацярына Качан; Анёлы – Ілля Крук, Антон Нікішын, Артур Цыцура, Іван Аксёнчык.

Узроставае абмежаванне – 12+. Спектакль ідзе на беларускай мове.

Чакаем гледачоў на гастрольных спектаклях!

 

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X