КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР АДКРЫЎ 96-ы ТЭАТРАЛЬНЫ СЕЗОН КЛАСІЧНЫМ СПЕКТАКЛЕМ «НЕСЦЕРКА»

12 верасня Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адкрыў новы, 96-ы тэатральны сезон. У гэты вечар па традыцыі паказвалі камедыю Віталя Вольскага «Несцерка» – спектакль, які бясспрэчна можна аднесці да класічных тэатральных твораў, які з самага пачатку сваёй вялікай гісторыі ўвайшоў у залаты фонд, у скарбонку беларускага сцэнічнага мастацтва.

Усе пакаленні артыстаў-коласаўцаў, пачынаючы з першага складу тэатра, яго пачынальнікаў, выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве (Аляксандра Ільінскага, Цімоха Сяргейчыка, Яніны Глебаўскай і многіх іншых), пра якіх мы добра памятаем і памяць пра якіх ушаноўваем, і да самых маладых, якія зусім нядаўна дэбютавалі, прайшлі праз гэтую пастаноўку. Варта нагадаць, што ў 1946 годзе спектакль быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР, якой ганараваліся адзінкавыя пастаноўкі беларускіх тэатраў.

Прайшло 80 год з першага паказу на гледача ў расійскім Петразаводску. Сучасныя гледачы, што прыйшлі сёлетнім вераснем у тэатр, убачылі, што спектакль не страціў мастацкай каштоўнасці і вастрыні, як не згубілі сябе беларускі фальклор, беларускія песні, танцы, народны гумар, прыказкі і прымаўкі, якімі шчодра аздоблена пастаноўка. Можна з упэўненасцю адзначыць, што многія выразы, цытаты з п’есы таксама пайшлі ў народ.

Спектакль, паказаны ў дзень адкрыцця сезону, з’явіўся сапраўдным падарункам для віцебскіх гледачоў – тых, што неаднойчы яго бачылі і што ўбачылі яго ўпершыню. Бо ён сапраўды быў феерычным. Публіка гучнымі апладысментамі вітала любімых артыстаў – Пятра Ламана ў ролі Несцеркі, Раісу Грыбовіч-Мальвіну, Юрася Цвірку, які ўпершыню выйшаў у ролі пана Бараноўскага. Здавалася, што ў выканаўцаў, якія ўжо многа год, з моманту капітальнага аднаўлення спектакля ў 2006 годзе, іграюць у спектаклі, адкрылася новае дыханне, з’явіліся новыя адценні, дакладнасць, эмацыянальнасць, якія паспрыялі асабліваму ўспрыманню дзеі, аб’яднанню акцёраў і глядзельнай залы ў нешта адно, непадзельнае.

Новыя выканаўцы ў «Несцерцы» якасна справіліся з мастацкімі задачамі, добра асвоілі вобразы. Ужо было сказана пра вядучага майстра сцэны Юрася Цвірку, які стварыў вобраз смешнага і крыху дурнаватага, недалёкага па розуме пана. Апрача яго ў спектакль арганічна ўвайшлі вядучы майстар сцэны Генадзь Гайдук, маладыя артысты Аляксандр Казлоў і Уладзіслаў Жураўлёў.

Генадзь Гайдук іграе ціхмянага, пакорлівага мужа Мальвіны і бацьку Насты Мацея. Здаецца, што яго быццам не відаць і не чуваць у спектаклі. Але нейкая нязгода ўсё ж такі прарываецца, калі ён спрабуе падпяваць дзяўчатам у сцэне вяселля і калі радуецца, што так добра ўдалося абхітрыць у фінале жонку і прыдбаць добрага зяця.

Аляксандр Казлоў, які стварыў вобраз шкаляра Самахвальскага, добра перадае і нягеглую, вычурную пластыку персанажа, і яго камедыйна-фарсавыя рысы – самаўпэўненасць, амбіцыйнасць, нахабства, абмежаванасць.

Не губляецца побач з больш вопытным Георгіем Лойкам (Першы шляхцюк) Уладзіслаў Жураўлёў, які сыграў ролю Другога шляхцюка. Па ўзросту ён аказваецца маладзейшым за папярэдніх выканаўцаў, што стварае добры кантраст паміж ім і яго сцэнічным партнёрам.

Апрача таго, у масавых сцэнах мы ўбачылі новых, у асноўным маладых артыстаў. Хоць і даволі сталых таксама. Напрыклад, народную артыстку Беларусі Святлану Акружную і заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Рыгора Шацько.


















Добавить комментарий