КОЛАСАЎЦЫ НА ТЭАТРАЛЬНЫМ ПІТЧЫНГУ Ў РАСІЙСКІМ БРАНСКУ
Напачатку лета ў расійскім Бранску адбыўся ўнікальны праект «Тэатральны пітчынг. Лабараторыя маладых рэжысёраў», у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі Коласаўскага тэатра, разам з іншымі прадстаўнікамі беларускіх і расійскіх тэатраў.
З 2 па 10 чэрвеня Бранскі тэатр драмы імя А.К.Талстога стаў своеасаблівым адукацыйным і творчым цэнтрам. Пад куратарствам рэжысёраў і педагогаў А.Я.Шапіры і У.Р.Байчара 10 маладых рэжысёраў (усяго было 122 кандыдаты) падрыхтавалі для сцэнічных паказаў завершаныя фрагменты п’ес. У праглядах фрагментаў спектакляў - так званым «Тэатральным кірмашы» - удзельнічалі дырэктар Коласаўскага тэатра Юлія Харкевіч і рэжысёр-пастаноўшчык Андрэй Жыгур.
Стваральнікі праекту, які ставіў у тым ліку за мэту прывабіць маладых рэжысёраў у рэгіянальныя тэатры і падтрымаць новыя творчыя ідэі, імкнуліся садзейнічаць усталяванню рэальных прадуктыўных кантактаў кіраўнікоў тэатраў і будучых пастаноўшчыкаў. Па сутнасці пітчынг - гэта вусная ці візуальная прэзентацыя праекту з мэтай пошуку інвестараў, гатовых яго фінансаваць. У якасці выканаўцаў удзельнічалі акцёры бранскіх тэатраў - тэатра драмы, ТЮГа і тэатра лялек.
Былі паказаны фрагменты з класічных і ўльтрасучасных п’ес:
- «Ураборас» Аляксандра Строганава. Рэжысёр Аляксей Харькоў, Барнаўл
- «Самазабойца» Мікалая Эрдмана. Рэжысёр Арына Бессяргенева, Масква
- «У імгле Бейкерсфілда» Сцівена Сакса. Рэжысёр Дар’я Камошына, Санкт-Пецярбург
- «451 градус па Фарэнгейце» паводле рамана Рэя Брэдберы. Рэжысёр Дзмітрый Міронаў, Чабаксары
- «Разявака» паводле кнігі «Брут» Людвіка Ашкеназі. Рэжысёр Ілля Бабушкін, Екацерынбург
- «Сакавік» Ірыны Васькоўскай. Рэжысёр Ірына Дромава, Санкт-Пецярбург
- «Вайна» Карла Гальдоні. Рэжысёр Кірыл Салёнаў, Масква
- «Айцец Горыа» паводле рамана Анарэ дэ Бальзака. Рэжысёр Максім Іваноў, Масква
- «Бясконцы красавік» Яраславы Пуліновіч. Рэжысёр Аксана Пагрэбняк, Белгарад
- «Фрэкен Юлія» Аўгуста Стрындберга. Рэжысёр Тэадора Лілян Данчава, Санкт-Пецярбург
Кожны ўрывак даваў магчымасць пабачыць завершаны фрагмент спектакля з касцюмамі, дэкарацыямі, светлавым і музычным афармленнем. Цягам трох з паловай гадзін гледачы маглі пазнаёміцца з творчым тэатральным прадуктам.
Сярод прадстаўленых работ Юлію Харкевіч найбольш уразілі ўрыўкі са спектакляў «Вайна» і «Бясконцы красавік». Як адзначыў Андрэй Жыгур, дадзены праект дае магчымасць стварыць даволі поўнае бачанне таго, якім чынам будзе выглядаць будучы пастаўлены спектакль, вызначыць яго стыль, жанр, тэмпарытм, ідэйны пасыл.
Многімі ўдзельнікамі праекту за галоўную каштоўнасць прызнаная створаная творчая атмасфера.


















Добавить комментарий