ІВАН ШАМЯКІН І КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР

30 студзеня ўся культурная грамадскасць Беларусі адзначала 100-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна. Пачынаючы з 1945 года (калі ў часопісе «Полымя» было надрукавана яго першае апавяданне «У снежнай пустыні») і да апошніх дзён жыцця (памёр ён 14 кастрычніка 2004 года) Іван Пятровіч пісаў яскравыя літаратурныя творы, якім яшчэ надоўга суджана вялікае жыццё. Яго кнігі выходзілі мільённымі тыражамі, пакараючы чытачоў інтрыгуючымі сюжэтамі і вострымі жыццёвымі тэмамі, перакладаліся на многія мовы свету, ператвараліся ў сцэнарыі кінафільмаў і тэатральных пастановак. Ён сам стаў не толькі народным пісьменнікам Беларусі, атрымаўшы ў 1972 годзе ганаровае званне, але сапраўды класікам нацыянальнай літаратуры ХХ стагоддзя – яшчэ пры жыцці. У творчай спадчыне Івана Шамякіна – 12 раманаў, 26 аповесцей, 10 п'ес, дзясяткі апавяданняў, вялікая колькасць артыкулаў і нарысаў, дзённікі.

 

Пісьменніка звязвалі добрыя творчыя стасункі з Коласаўскім тэатрам і яго выдатнымі акцёрамі. У прыватнасці, ён сябраваў з народным артыстам СССР і Беларусі, Фёдарам Іванавічам Шмакавым, народным артыстам Беларусі Анатолем Шэлегам, якія выконвалі цэнтральныя ролі ў спектаклях паводле гэтага аўтара. Тут былі ўвасоблены ў розны час чатыры пастаноўкі па творах Івана Шамякіна: «Выгнанне блудніцы» і «Крыніцы» (1961), «Сэрца на далоні» (1966), «Снежныя зімы» (1972).

Вядомы тэатральны крытык, кандыдат мастацтвазнаўства Тамара Гаробчанка адзначала, што на фарміраванне тэатральных схільнасцей пісьменніка значана паўплывалі Якуб Колас і Пятро Глебка. Сам жа Іван Пятровіч казаў: «Мне асабіста пашчасціла чуць з вуснаў Якуба Коласа шчырыя і добрыя словы пра тэатр, якому было нададзена імя народнага паэта… Яшчэ больш падрабязна і шырока, з глыбокім аналізам спектакляў гаварыў пра тэатр Пятро Глебка. Між іншым, ён, Глебка, прапанаваў мне, маладому тады празаіку, паехаць на прэм’еру спектакля па п’есе Вячаслава Палескага «Калі зацвітаюць сады». Напэўна, гэта быў не лепшы спектакль, але, дзякуючы Глебку, я ўпершыню акунуўся ў тэатральны свет, пазнаў некаторыя яго таямніцы, пазнаёміўся з акцёрамі, аб якіх дагэтуль, калі настаўнічаў на Гомельшчыне, толькі чытаў. Пасля мы з Глебкам яшчэ колькі разоў ездзілі ў Віцебск, і ў прыватнасці на прэм’еру «Святла з Усходу» ў 1957 годзе, напярэдадні 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. У гэтым жа годзе я ўпершыню паспрабаваў свае сілы ў драматургіі  – п’еса «Не верце цішыні» была пастаўлена Тэатрам юнага гледача».

Ужо другі драматычны твор – «Выгнанне блудніцы» – з’явіўся ў 1961 годзе на коласаўскай сцэне. Гэты твор прысвечаны мяшчанскай псіхалогіі і праблеме чысціні ўзаемаадносін у сям’і.

 

Шамякін імкнуўся паказаць жывучасць нахабнасці і крывадушнасці ў асобе настаўніцы музыкі Яўгеніі Любаміраўны, якая ціха і мірна іграе Шапэна і такім жа чынам ціха і мірна разбівае сямейнае жыццё дырэктара школы Леаніда Андрэевіча. Складваецца ўражанне, што пісьменнік адышоў ад маштабнасці тых праблем, якія раней адлюстроўваў, і знарок звузіў межы свайго сюжэту да сямейна-бытавой драмы.

Сям’я – найважнейшая частка грамадства. І для Шамякіна – гэта не пусты гук. Менавіта тут ён шукаў ідэалы чалавечага шчасця. Больш за тое, паводзіны чалавека ў грамадстве ў большасці выпадкаў залежаць ад паразумення ў сям’і. Калі ж у ёй пануюць недавер, непаразуменне, варожасць, то кожны з яе членаў, відаць, усё гэта будзе пераносіць і на грамадства.

Галоўныя героі тут не простыя людзі, а педагогі, тыя, хто дае прыклад паводзін, хто павінен быць заўсёды наперадзе. Але ж Шамякін у свой час быў далёкі ад ідэалізацыі рэчаіснасці (наколькі гэта было магчыма ў савецкай літаратуры), ён імкнуўся ўжо тады паказаць, што жыццё нельга ўкласці ў нейкія межы, яно заўсёды больш складанае, асабліва ва ўзаемаадносінах паміж мужчынам і жанчынай.

Адлюстроўваючы распад сям’і Яснікава, пісьменнік спрабаваў разабрацца, хто ж у тым вінаваты. На першы погляд здаецца, што вінаватыя Яўгенія Любаміраўна і сам дырэктар школы. Але ж удумлівы чытач і глядач заўсёды спытаюцца: чаму ад ідэальнай Галі добры муж ідзе да іншай жанчыны? Магчыма, яе прадказальнасць і станоўчасць, спакой, з якім яна прымае нават абразы, надакучваюць мужчыне і нават раздражняюць яго. А ў выніку ён пачынае шукаць новых адчуванняў, новага прыгожага жыцця. Безумоўна, гэта амаральна, гэта не прыносіць нікому радасці і шчасця, але ж ці заўсёды чалавек здольны рабіць доўгатэрміновы прагноз сваім адносінам, асабліва калі размова ідзе пра сферы інтымнага? Выснова напрошваецца сама сабой: вінаватыя ў гэтай сітуацыі абодва, бо не змаглі зберагчы тое, што было калісьці такім дарагім і прыцягальным, – шчырасць адносін паміж сабой.

Другое важнае пытанне, што закранаецца ў творы, — пытанне фемінізацыі грамадства. Шамякін паказаў моцных жанчын (Галя, Яўгенія, Надзя) і няздольнага справіцца са сваімі пачуццямі Яснікава.

Пры гэтым моцныя жанчыны страчваюць сваю жаноцкасць. Знешне інтэлігентная Яўгенія паказвае кукіш Гаворку і заўсёды думае пра грошы, а не пра агульную справу, не задумваючыся разбівае чужое шчасце. Галя ўвесь час працуе (на ферме і дома), а на сябе ёй не застаецца часу: яна як ідэальная жонка ўвесь час клапоціцца толькі пра мужа, а як ідэальная працаўніца бярэ сабе больш працы, чым іншыя даяркі.

Пры гэтым нідзе не заўважаецца, што Галя думае хоць трошкі пра сябе, акрамя сітуацыі рашучага кроку — з’ехаць з вёскі. Цікавым доказам мужчынскага тыпу паводзін Галі з’яўляецца наступнае. Яна не хоча дараваць Яснікаву здраду, хоць і разумее, што кахае яго. Пры гэтым некаторыя псіхолагі лічаць, што жанчыне надае больш жаноцкасці менавіта ўменне дараваць. Паказальны з пункту гледжання псіхалогіі вобраз Васіля Раманавіча Гаворкі (тут Шамякін выкарыстаў традыцыйны прыём паказальнага «гаворачага» прозвішча). Гэта сапраўдны ва ўсіх адносінах мужчына: ён паэт, любіць пажартаваць, пасмяяцца, яго мова перасыпана афарызмамі, пры гэтым ён усё разумее правільна. Менавіта ён шчыра дбае пра культурны ўзровень вяскоўцаў, запрашаючы на працу ў вёску настаўніцу музыкі, купляе за свае грошы карціны дзеля грамадскіх патрэб. 3 дапамогай вобраза Гаворкі драматург паказаў шэраг сацыяльных праблем: неабходнасць павышэння культурнага ўзроўню жыхароў вёскі, дэмакратызацыі грамадства (адкрытае крытычнае выступленне Гаворкі ў друку супраць пралікаў у працы Яснікава і старшыні калгаса Карнача). Пры гэтым адчуваецца яго шчырая зацікаўленасць зрабіць жыццё ў вёсцы лепшым. На першы погляд, гэта ідэальны чалавек, але ў гэтай ідэальнасці ёсць маленькае «але». Ён, які імкнецца да ўсяго ставіцца неабыякава, бестактоўна і груба ўмешваецца ў сямейныя адносіны Яснікавых, на што зусім не меў ніякіх маральных падстаў.

У спектаклі, які быў пастаўлены галоўным рэжысёрам тэатра Барысам Браганцавым, адкрыта драпежная натура Яўгеніі (Г.Маркіна) выклікала аднадушнае асуджэнне гледача. Яго сімпатыі былі на баку Гаворкі (Ф.Шмакаў), Галі (Я.Яленская), а таксама дзеда Піліпа (народны артыст СССР А.Ільінскі), які актыўна ўдзельнічаў у выкрыцці Яўгеніі. Асабліва запамінаўся спектаклі Гаворка. Акцёр Ф.Шмакаў стварыў вобраз чалавека жыццярадаснага, вясёлага. сціплага, надзеленага пачуццём таварыскасці, нецярпімага да ўсялякіх праяў несправядлівасці несумленнасці. Гаворка – асоба нястомнай энергіі. Ён – чалавек новага часу, выступае як антыпод мяшчанства.

Вельмі актуальны і цікавы для свайго часу быў спектакль «Крыніцы». Ён быў пастаўлены па аднайменным рамане Івана Шамякіна. Інсцэніроўку ў супольнасці з аўтарам стварыў рэжысёр спектакля Юрый Шчарбакоў. Падзеі адбываліся пераважна на вёсцы. У школу прысылаюць новага дырэктара Лемяшэвіча (Ф.Шмакаў). Кароткае знаёмства героя са становішчам спраў у школе і з людзьмі ў калгасе і раёне прымушаюць яго ўступіць у канфлікт з тымі, хто або з эгаістычных памкненняў, або з-за нядбайнасці, інертнасці перашкаджаюць прыходу новага, светлага ў жыцці. Сярод гэтых людзей – завуч школы Арэшкін (А.Мілаванаў), знешне далікатны, інтэлігентны, а па сутнасці прыстасаванец і цынік. Такія тыпы, як цвіль, узнікаюць у затхлым паветры. Таму ён устрывожаны прыходам новага дырэктара. Паступова Лемяшэвіч разглядае непрыгляднае аблічча сакратара райкама партыі Бародкі (народны артыст БССР А.Шэлег). За яго памяркоўнасцю і спакойнай разважлівасцю праглядаліся бяздушнасць і абыякавасць да лёсу людзей. Лемяшэвіч у сваёй барацьбе знаходзіць многіх саюзнікаў, якія падтрымліваюць яго.

 

Рэжысёр Ю.Шчарбакоў і мастак Я.Нікалаеў знайшлі цікавую форму спектакля. Замест сцэнічнага задніка глядач бачыў велізарную кнігу, на якой былі словы: «Іван Шамякін. «Крыніцы». Раман». У спектаклі каля дваццаці карцін. перагортвалася старонка кнігі, і на сцэне разыгрывалася чарговая карціна. Такім чынам стваралася ўражанне, што гледачы разам з артыстамі чытаюць раман.

Сур’ёзным творчым падыходам вылучаўся спектакль «Сэрца на далоні», пастаўлены рэжысёрам Аляксандрам Падабедам. Трагічная гісторыя доктара Савіча, мужнага падпольшчыка, расстралянага немцамі і чыя светлая памяць заплямлена брудным паклёпам Гукана, барацьба доктара Яраша і журналіста Шыковіча не толькі за аднаўленне добрага імя загінулага, але і за справядлівасць у адносінах да жывых – усё гэта станавілася ідэйным цэнтрам спектакля. Суд сучаснага над мінулым, гістарычная асуджанасць «гуканаўшчыны» як сацыяльнай з’явы па-мастацку пераканаўча данеслі народны артыст БССР А.Трус (журналіст Шыковіч), народны артыст СССР А.Ільінскі ( Гукан), Г.Маркіна (Зося Савіч).

 

Асноўны канфлікт спектакля «Снежныя зімы» (рэжысёр С.Казіміроўскі) – у сутыкненні дзвюх пазіцый: высокай, усвядомленай адказнасці перад радзімай (Антанюк) і кар’ерызму, імкнення да ўласнай выгады (Будыка). Дзеянне адбывалася ў 70-я гады, але раз-пораз узнікалі сцэны з ваеннага мінулага, якія дапамагалі выявіць вытокі фарміравання розных характараў. А.Шэлег, выканаўца ролі Будыкі, не спяшаўся выкрыць свайго героя, ён іграў тонка, са шматзначнымі падтэкстамі, і гэта ўзбуйняла канфлікт, рабіла яго больш ёмістым, глыбокім. Будыка нават усёдаравальна пасміхаўся са свайго сябра, якога называў «прынцыповым ідэалістам». Аднак паслядоўнасць Антанюка-Шмакава, з якой ён даказваў, што навуковыя адкрыцці ілжэвучонага не заслугоўваюць дзяржаўнай прэміі, боязь канчатковага выкрыцця знішчалі іранічную ўсмешку Будыкі.

На жаль, гэтай пастаноўкай гісторыя спектакляў Коласаўскага тэатра па творах Шамякіна закончылася. На гэта былі розныя прычыны. Па-першае, аўтар больш актыўна стаў вяртацца да мастацкай прозы, дзе ён адчуваў сябе, відаць, больш упэўнена і звыкла. Па-другое, з’явіліся новыя драматургі, творы якіх больш адпавядалі часу. Хаця пэўны перыяд многія творчыя калектывы ўсё ж звярталіся як да арыгінальных драматычных твораў, так і інсцэніровак паводле прозы народнага пісьменніка і мелі пэўныя здабыткі ў гэтым кірунку.

Спектаклі па творах Івана Шамякіна ставілі перад гледачом сур’ёзныя пытанні маральнага зместу і таму абуджалі лепшыя пачуцці ў гледача, выхоўвалі лепшыя чалавечыя якасці.

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
          

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка