«ІЛЛЯ РЭПІН. ЗДРАЎНЁЎСКІЯ ЗАМАЛЁЎКІ» – УНІКАЛЬНЫЯ НАЧНЫЯ ПРЭМ'ЕРНЫЯ ПАКАЗЫ СПЕКТАКЛЯ Ў ЧАС ПРАВЯДЗЕННЯ XXXII МІЖНАРОДНАГА ФЕСТЫВАЛЮ МАСТАЦТВАЎ «СЛАВЯНСКІ БАЗАР У ВІЦЕБСКУ»

15 і 16 ліпеня на тэрыторыі музея-сядзібы І.Я.Рэпіна «Здраўнёва» адбудуцца начныя прэм’ерныя паказы спектакля «ІЛЛЯ РЭПІН. ЗДРАЎНЁЎСКІЯ ЗАМАЛЁЎКІ» ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Гэта будзе адна з яркіх падзей у час правядзення XXXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Пачатак паказаў – у 21.30.

Віцебск – горад мастакоў. Гэта ведаюць многія. Але не толькі беларускіх мастакоў ці ўраджэнцаў нашых земляў. Своеасаблівым брэндам Віцебска з’яўляецца сядзіба «Здраўнёва». У 1892 годзе гэтыя землі набыў тады ўжо знакаміты расійскі мастак Ілля Яфімавіч Рэпін. Яго імя непасрэдна асацыюецца з рускім жывапісам, у першую чаргу з рэалізмам.
Дзякуючы вялікім творчым намаганням Рэпіна, былая сядзіба Сафіеўка набыла выключны мастацкі выгляд. Ліпавая алея, альтанкі, прыгожая сажалка, горка натуршчыка з французскай назвай «Манблан»... Сядзібны дом з зубчастай вежай, пабудаваны па асабістым плане мастака, і зараз здзіўляе многіх чароўнай вытанчанасцю... Рэпін стаў сапраўдным гаспадаром і пераўтварыў закінутыя землі ў казачны мастацкі куток.

Дзвінскія прасторы сталі месцам натхнення мастака і адпачынку ад пецярбургскай мітусні. У Здраўнёве Рэпін напісаў свае знакамітыя карціны «Асенні букет», «Паляўнічы», «Беларус», «На Заходняй Дзвіне. Узыход сонца», «Месяцовая ноч», «На сонцы», «Хрыстос з чашай», «Багародзіца з дзіцём» і многія іншыя. У 1988 годзе тут быў створаны музей як філіял Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.
Ідэя спектакля, прысвечанага Іллі Рэпіну, належыць артыстцы тэатра Ніне Обухавай. Пастаноўка, сцэнаграфія і касцюмы Андрэя Жыгура. Музычнае афармленне Міхаіла Рудака. Аўтар п’есы – Алесь Замкоўскі.

Спектакль Коласаўскага тэатра, пастаўлены ў форме імерсіўнай вандроўкі па сядзібе Здраўнёва, верне гледачоў у пачатак ХХ стагоддзя. У жанры драматычнага нарыса артысты раскажуць пра Іллю Яфімавіча Рэпіна і яго сям’ю, пра яго пастаянны ўнутры творчы неспакой, пра тое, ці можа мастацтва для геніяльнага мастака быць вышэй за ўсе іншыя жыццёвыя каштоўнасці.
У спектаклі занятыя: Яўген Бераснеў (Ілля Рэпін), Алена Шарэпчанка (Вера Аляксееўна Шаўцова, жонка Рэпіна), Вікторыя Шамардзіна (Вера Рэпіна, дачка Рэпіна), Алёна Чыстабаева (Надзея Рэпіна, дачка Рэпіна), Дзмітрый Каваленка (Юрый Рэпін, сын Рэпіна), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў (Яфім Васільевіч Рэпін, бацька Рэпіна), Юрась Цвірка (Цімафей Бадзейка, аканом), Цімур Жусупаў (Сідар Шавура, селянін), Антон Бараноўскі (Сцяпан Крывенка, лайбоўнік), Дзмітрый Філімоненкаў (Аляксандр Васільевіч Жыркевіч, сябра Рэпіна), Ксенія Камінская і Дар’я Французава (вучаніцы Рэпіна), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Галіна Букаціна, Раіса Грыбовіч, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова (Сялянкі).
Узроставае абмежаванне – 12+.

Ад’езд ад тэатра ў дзень паказу – у 21:00.
Квіткі на начныя паказ спектакля
можна набыць у касе тэатра і ў распаўсюджвальнікаў.
Даведкі па тэлефонах:
62-63-81 (каса),
62-63-96, 62-63-84 (адміністратары).


















Добавить комментарий