«ГУЛЬНЯ Ў ДЖЫН». РАЗМОВА НАПЯРЭДАДНІ ПРЭМ’ЕРЫ

 

17 сакавіка ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная прэм’ерным паказам новых спектакляў, прымеркаваных да Міжнароднага дня тэатра, якое адзначаецца 27 сакавіка. У сустрэчы прымалі ўдзел рэжысёры-пастаноўшчыкі і выканаўцы галоўных роляў.

У першай частцы прэс-канферэнцыі размова ішла пра спектакль «Гульня ў джын» па п’есе Дональда Лі Коўбэрна, прэм’ера якога адбудзецца 20 сакавіка, а 18-й гадзіне. Прыводзім асобныя вытрымкі з выступленняў яго стваральнікаў.

 

Андрэй Жыгур, рэжысёр і мастак-сцэнограф:

– Было вельмі цікава працаваць над гэтым матэрыялам, шукаць, як вырашыць, як павярнуць, якія зрабіць акцэнты. Мне прыемна было знаходзіцца ў атмасферы сапраўднай сатворчасці. Дзякуй за гэта артыстам. Спадзяюся, што прэм’ера выкліча інтарэс з боку гледача…

…У п’есе дастаткова многа тэм, але ключавую для сябе мы вызначылі як тэму лёсу чалавека. Мы спрабавалі адказаць на пытанні: ці магчыма, ці варта з ім змагацца? І пастараліся адказаць, што ў любым выпадку здавацца не трэба…

…Нягледзячы на тое, што ў Коўбэрна дастаткова трагічны фінал, мы здолелі зрабіць яго адкрытым, з намёкам на больш шчаслівы сыход. Гэта было ўжо ў задуме. Я не думаю, што падобны фінал неяк спрашчае змест спектакля – гэта хутчэй звязана з маімі асабістымі перавагамі. У сённяшняй сітуацыі мы і так знаходзімся ў дастаткова драматычным становішчы. Думаю, што праменьчык надзеі тут усё-такі прамільгне.

…У творчай рабоце самае цікавае ў пераадоленні цяжкасцей. І ў большай ступені, калі казаць пра работу рэжысёра і мастака – гэта пошук нейкай унутранай згоды. Ніякіх цяжкасцей з артыстамі і тэхнічнымі службамі (а ў нас задзейнічаны і візуальны рад, і даволі складаная светлавая партытура) не было.

…Чаму менавіта гэтыя акцёры? Яны адпавядалі менавіта тым задумам, якія нарадзіліся ў мяне пасля майго першага спектакля «Метро». Так, я дапускаю, што некаторыя з гэтым выбарам будуць нязгодны. Аўтар прапануе і настойвае, і нават падтрымлівае ў тэксце, што гераіня старэйшая за нашу выканаўцу Анжаліку Баркоўскую. Але тыя акцэнты, якія мне б хацелася расставіць, прадугледжваюць больш маладзейшы ўзрост.

…Я думаю, што агульны накірунак п’есы захаваны. Вельмі многа гучных пастановак «Гульні ў джын» з артыстамі сусветнага ўзроўню. Узяць, напрыклад, пастаноўку тэатра «Современник» з Ліяй Ахеджакавай і Валянцінам Гафтам. Па тэксце той спектакль даслоўна ўзнаўляе п’есу, і ён не надакучвае. Але там вялікая сцэна і таму іншы размах. Наш спектакль ніякі не паўтор, мы хацелі разам з акцёрамі знайсці свой, арыгінальны погляд на гэту п’есу. Мы з нашымі выдатнымі артыстамі прайшлі гэты, свой шлях, нанова…

…Страшна ставіць свой першы спектакль, яшчэ страшней – другі, а як будзе далей – не ведаю. І перад прэм’ерай страшна, бо ты прапануеш спектакль з тваімі думкамі, тваім поглядам на тэатр, тваім густам, стылявымі прыхільнасцямі. А як на ўсё гэта будзе рэагаваць глядач, даведаемся 20 сакавіка, у дзень прэм’еры.

 

Пятро Ламан, артыст, вядучы майстар сцэны, выканаўца ролі Уэлера Марціна:

– Калі рэжысёр прапанаваў мне працаваць над гэтым матэрыялам, мяне жах ахапіў. Таму што п’еса шматслоўная, з вялікімі паўторамі, статычная. Уявіце сабе: сядзяць двое старых і перакідваюцца ў карты. Я нават ледзь не адмовіўся. Але рэжысёр супакоіў мяне. Ходам рэпетыцый ён працаваў вельмі заўзята, падрабязна. Так працаваў толькі Барыс Эрын, калі я яшчэ прыйшоў у тэатр. У выніку ў нас атрымаўся твор, які не мае ніякіх адносін да таго, што напісана, спектакль «з нагоды» п’есы. А калі ўлічыць, што Андрэй з’яўляецца і мастаком спектакля, то атрымаўся сапраўды аўтарскі твор.

...Мне вельмі спадабаўся сам рэпетыцыйны працэс. Нас турбавала, як знайсці дзейсную аснову. Рэжысёр так пабудаваў дзеянне, што вывучыць тэкст асаблівых намаганняў не патрабавалася.

…Мяркую, гэта будзе цікава для любога ўзросту. Таму што рэжысёр выйшаў на агульначалавечыя пытанні: для чаго ты жывеш, што ты здзейсніў у гэтым жыцці, для чаго ты прыходзіў у гэты свет. Нездарма ён казаў пра чалавечы лёс. Ён заўсёды цікавы. Чаму захапляльна слухаць любую біяграфію – знакамітага чалавека ці нават простага? Таму што яна ўнікальная. Калі б у фізіцы Бойль не адкрыў свой закон, яго адкрыў бы Марыёт. А вось калі б Пушкін не стварыў «Яўгена Анегіна», яго б ніхто іншы не напісаў. Так і тут.

Вядома, гледачам больш сталага ўзросту спектакль будзе бліжэй і больш зразумелым. У маладых усё наперадзе, яны жывуць у вечнасці, для іх праблемы канчатковасці жыцця не існуе. Яны жывуць у бясконцасці. Целы і душы ў іх спаяныя. У сталым узросце адчуваеш іншае: душа маладая, а цела не слухаецца. Вось таму і атрымліваецца трагікамедыя.

 

Нагадваем, што наступны пасля прэм’еры паказ спектакля «Гульня ў джын»
адбудзецца 9 красавіка, пачатак у 19:00.
Квіткі можна набыць у касе тэатра (тэлефон 62-63-81)
ці на сайце kvitki.by.

Любіце Коласаўскі тэатр, як ён любіць вас!

Сачыце за афішай!

Добавить комментарий

Plain text

  • HTML-теги не обрабатываются и показываются как обычный текст
  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.
Image CAPTCHA
Enter the characters shown in the image.

             
             

           

X
Укажите ваше имя на сайте Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка