ГАСТРОЛІ ЛУГАНСКАГА МУЗЫЧНА-ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА

01.02.2025
21 сакавіка, 19:00, у Коласаўскім тэатры адбудуцца гастролі Луганскага акадэмічнага музычна-драматычнага тэатра імя М.Галубовіча. Госці пакажуць рок-оперу «РАСПЯТАЯ ЮНОСТЬ».

Эмацыйны, музычны аповед-боль імкнецца выказаць вядомую з падручнікаў гісторыі легенду пра дзейнасць падпольнай моладзевай арганізацыі «Маладая гвардыя» вачамі сучаснай моладзі. У гады Вялікай Айчыннай вайны арганізацыя дзейнічала ў горадзе Краснадоне на працягу чатырох месяцаў 1942 года. Каля ста падлеткаў, якія ўваходзілі ў склад арганізацыі, выявілі адзінства супрацьстаяння фашысцкаму рэжыму. Іх дзейнасць была па-здрадніцку раскрытая, большасць маладых людзей перанеслі жорсткія катаванні і былі пакараныя смерцю. Але, пакінуўшы катам сваю кароткую, як імгненне жыццё, яны забралі з сабой у вечнасць светлую надзею на тое, што іх справа не была марнай.

Луганскі тэатр паспрабаваў не канстатаваць усім вядомыя факты, а казаць пра сваё эмацыйнае дачыненне да падзей мовай музыкі, святла, пластыкі і ўявіць падлеткаў-маладагвардзейцаў, якім ужо не адчуць бацькаўскага гонару і радасці мацярынства, як герояў, як пакутнікаў, перад якімі трэба схіліць галаву.
Сціснуты фактаж, накладзены на агрэсіўную мелодыю вайны, светлыя колеры надзеі, наяўнасць няўхільнага фатуму, спалучэнне фатальнага стылю выканання, лірычнага сола, сімвалічнай эстэтыкі – уся гэтая яркая форма разлічана на камунікаванне з моладдзю сучаснымі невербальнымі спосабамі.

Аўтар лібрэта – вядомы паэт, заслужаны работнік культуры Украіны Уладзімір Зайцаў. Аўтар музыкі – вядомы кампазітар, народны артыст Луганскай народнай рэспублікі, заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны Юрый Дзерскі.
Мастацкі кіраўнік пастаноўкі – народны артыст Украіны і Луганскай народнай рэспублікі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Міхал Галубовіч. Рэжысёр-пастаноўшчык – народны артыст Луганскай народнай рэспублікі, заслужаны артыст Украіны Анатоль Яворскі. Сцэнаграфія і касцюмы – народны мастак Луганскай народнай рэспублікі, заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны Віктар Гарбулін. Хормайстар Ірына Юсупава. Харэаграфія – заслужаны дзеяч мастацтваў Луганскай народнай рэспублікі Вольга Тарасенка.
Спектакль з'яўляецца залатым прызёрам XV Міжнароднага тэатральнага форуму «Залаты Віцязь» (2017).
Спектакль ідзе на рускай мове. Узроставае абмежаванне - 12+.
Квіткі - у касе тэатра. Тэлефон 62-63-81.
Рэжым працы касы:
аўторак-пятніца - з 12.30 да 19.30
субота-нядзеля - з 12.30 да 18.30
Выходны - панядзелак.


















Добавить комментарий