«ДЗЕЦІ. ВЁРСТЫ». АДБЫЛІСЯ ПРЭМ’ЕРНЫЯ ПАКАЗЫ

 

20 і 22 лістапада на камернай сцэне Коласаўскага тэатра адбыліся два прэм’ерныя паказы спектакля «Дзеці. Вёрсты» па матывах твораў Якуба Коласа «На дарозе жыцця» і «На ростанях». Яны былі прысвечаныя 140-годдзю беларускага класіка і дню нараджэння тэатра. На першым з іх прысутнічала галоўны захавальнік фонду Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, праўнучка песняра Васіліна Міцкевіч. Яна зазначыла высокі мастацкі ўзровень новай пастаноўкі і прыгадалі некаторыя факты з жыцця Якуба Коласа, звязаныя з нашым тэатрам.

 

Глядацкая зала ў гэтыя вечары была поўнасцю запоўнена, што сведчыць пра вялікую цікавасць да новага спектакля, ды і ўвогуле да таго літаратурнага матэрыялу, які абралі коласаўцы. Публіка змагла ўбачыць два акцёрскія склады і пры нязменнасці рэжысёрскага малюнка, сцэнаграфічнага і пластычнага рашэння гэта былі вельмі непадобныя паказы, абумоўленыя індывідуальнасцямі выканаўцаў, іх розным дыяпазонам, тэмпераментам, прафесійным досведам.

Над спектаклем працавала запрошаны рэжысёр Інэс Амамі. Жыве яна ў Маскве. Мае акцёрскую адукацыю, вучылася ў Расійскім інстытуце сцэнічных мастацтваў (ЛГІТМІК) у Санкт-Пецярбурзе. Зараз набывае рэжысёрскую адукацыю ў Вышэйшай школе сцэнічных мастацтваў Канстанціна Райкіна. Гэта яе першы вопыт супрацоўніцтва з дзяржаўным тэатрам, да гэтага яна ажыццяўляла пастаноўкі толькі ў прыватных праектах. Сцэнограф спектакля – рэжысёр-пастаноўшчык Коласаўскага тэатра Андрэй Жыгур. Кампазітар – таксама з Расіі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Павел Салдацікаў. Над пластыкай спектакля працаваў артыст Беларускага тэатра «Лялька», харэограф Сяргей Талкач. Ён ужо неаднойчы паспяхова супрацоўнічаў з Коласаўскім тэатрам.

П’есу стварыў малады расійскі драматург Арцём Казюханаў. Яна напісана на аснове двух твораў, вельмі розных нават па жанры. Першы – «На дарозе жыцця» – гэта драматычны абразок, другі – вялікае эпічнае палатно, трылогія «На ростанях». Натуральна, што немагчыма было ўціснуць яе ў адзін спектакль, таму з апошняга твора ўзяты толькі асобныя сюжэтныя лініі і героі – настаўнікі Лабановіч і Саханюк, падлоўчы Баранкевіч і яго сын Чэсь, дочкі пісара Ганна і Марыя. Творы непадобныя не толькі па жанрах, але і па стылі. Калі «На дарозе жыцця» – абсалютна сімвалістычны твор, накшталт купалаўскіх драматычных паэм ранняга перыяду, то «На ростанях» напісаная ў рэалістычным кірунку. Мабыць, складана было і маскоўскаму драматургу, і асабліва рэжысёру арганічна спалучыць іх у адно цэлае. Але аўтарам спектакля гэта ўдалося.

 

На першым паказе цэнтральную ролю Кабеты выконвала вядучы майстар сцэны Святлана Жукоўская. Вобраз атрымаўся вельмі аб’ёмным. Тут прысутнічае і моцная ўнутраная напоўненасць, псіхалагізм, і іронія, сакавіты народны гумар, так уласцівы Коласу, і – бліжэй да фіналу манументальнасць і трагічная ўзвышанасць. Менавіта апошнія якасці работы дазволілі актрысе адысці ад залішняга бытавізму і надаць спектаклю пэўную філасофскую абагульненасць. Увогуле бачыцца, што выканаўца разам з рэжысёрам вельмі дакладна выбудавала ўсю дзейнасную партытуру ролі і сыграла яе як па нотах.

 

Вельмі дастойна выглядалі на прэм’еры і другія цэнтральныя персанажы – Станцыйны даглядчык (вядучы майстар сцэны, уладальнік медаля Францыска Скарыны Генадзь Гайдук) і Васіль, сын Кабеты (артыст Антон Бараноўскі). Першы з іх набывае нейкія абагульненыя, тыпізаваныя рысы чалавека, які шмат што ведае пра людзей і разумее ў жыцці такое, што цяжка нават выказаць у словах, ён – свайго роду дамарослы філосаф, назіральнік.

 

Вельмі тэмпераментна, напоўнена, можна нават сказаць, апантана вядзе сваю ролю яго малады калега Антон Бараноўскі ў ролі Васіля. Калі той штосьці робіць, то напоўніцу. Цалкам аддаецца свайму каханню. Тут ён здольны вытрываць здзекі, прыніжэнне, кухталі аднавяскоўцаў. Цалкам аддаецца вучобе альбо творчасці. Звяртаеш увагу на выдатную энергетыку артыста, які не шкадуе сябе на сцэне.

 

Калі кожны з гэтых выканаўцаў стварае адзін вобраз, што праходзіць праз увесь спектакль, то іншыя – па дзве, а то і па тры ролі (калі ўлічыць эпізоды ці масоўку), прычым абсалютна непадобныя. У першым складзе гэта Цімур Жусупаў, які выходзіць то ў вобразе высакароднага, па-хрысціянску міласэрнага Святара, то выпівохі-настаўніка Саханюка, то пеўніка ў масоўцы. А таксама Міхаіл Асанаў (Круглы, Чэсь), Максім Ратомскі (Лабановіч, Баранкевіч), Ксенія Камінская (Марыя, Дзяўчына), Таццяна Рогат (Ганна, сястра Васіля і Саша, малодшая дачка пісара).

 

 

Кожны выканаўца здолеў знайсці цікавыя фарбы для сваіх вобразаў. У іх персанажаў ёсць цікавыя падрабязнасці, псіхалагічныя дэталі, дзякуючы якім перад намі паўстаюць жывыя, канкрэтныя людзі. Апрача таго, і ў гэтым заслуга як рэжысёра-пастаноўшчыка, так і выканаўцаў, у спектаклі створаны моцны акцёрскі ансамбль.

 

У другім складзе ў ролі Кабеты на сцэну выйшла вядучы майстар сцэны Раіса Грыбовіч. Яе вобраз больш бытавы, жыццёва пазнавальны. Гэта простая вясковая жанчына, якая зазнала шмат гора, прайшла праз мноства выпрабаванняў, якія ў нечым загартавалі яе характар. Актрыса імкнецца не паўтарыць другую выканаўцу: яна больш стрыманая ў праяўленні пачуццяў, эмоцый, робіць акцэнт на моцным валявым характары Кабеты, які, магчыма, і стаў прычынай непаразумення і канфліктаў з сынам. Выканаўца быццам паступова рыхтуе сваю гераіню да таго эмацыйнага выбуху, той вялікай душэўнай драмы, вялікага мацярынскага гора, якое спатыкае Кабету пад час сустрэчы з сынам. Быццам свет у яе вачах перакуліўся, згубіўся нейкі ўнутраны стрыжань, сэнс жыцця. Але пасля жадання скончыць свой жыццёвы шлях узнікае надзея знайсці згубленую дачку. Пачынаецца новая дарога, дакладней, яе пошук.

 

Прыкладна ў гэтым жа кірунку працуе і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка, які ў другім складзе выконвае ролю Даглядчыка. Да свайго вобраза ён ідзе хутчэй праз бытавую манеру выканання. Яго Даглядчык больш зямны, больш рэальны, чым у першым складзе.

 

Васіль у «прачытанні» Дзмітрыя Філімоненкава рамантычны, узнёслы юнак, эмацыйна больш стрыманы, чым першы выканаўца, душэўна тонкі, ён хутчэй нагадвае паэта ці мастака. Асабліва добра ўдаецца артысту фінальны маналог яго героя.

 

Добра ўмеюць пераключацца з аднаго вобраза на другі Дзмітрый Каваленка (Святар, Саханюк, вельмі яскравыя яго жывёлы – сабака Баранкевіча, пеўнік), Яўген Бераснеў (Лабановіч, Баранкевіч і выхады ў масоўцы), Раман Волат (Круглы, Чэсь), Ульяна Ацясава (Марыя, Дзяўчына), Святлана Сухадолава (Саша, Ганна).

 

 

Варта адзначыць вынаходлівую сцэнаграфію Андрэя Жыгура, які выкарыстаў у спектаклі мультымедыйныя сродкі. Відэа на вялікіх экранах нібы павялічвае рухі герояў, узбуйняе іх на фоне беларускіх краявідаў. Гэты прыём моцна «выстрэльвае» ў фінале, калі мноства дзяцей адусюль бягуць у абдымкі Маці-Беларусі.

Наступны паказ спектакля «Дзеці. Вёрсты» адбудзецца 2 снежня, пачатак у 19:00.

Білеты ў касе тэатра (тэл. 62-63-81) і на сайце www.kvitki.by.

Юрый Іваноўскі.
Фота Алеся Замкоўскага і Алісіі Пахомавай.

 

 

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X