«ДВАНАЦЦАЦЬ МЕСЯЦАЎ» - ДОБРАЯ НАВАГОДНЯЯ КАЗКА Ў КОЛАСАЎСКІМ ТЭАТРЫ

 

Напярэдадні Новага года і калядных святаў коласаўцы па традыцыі радуюць юных гледачоў і іх бацькоў добрай казкай. Сёлета яны змаглі ўбачыць спектакль «Дванаццаць месяцаў». Аўтар п’есы Алесь Замкоўскі, вядучы рэдактар Коласаўскага тэатра, напісаў яе паводле творчасці вядомага дзіцячага пісьменніка, паэта і драматурга Самуіла Маршака, які скарыстаў сюжэт славацкай народнай казкі. У аснове яе ляжыць народнае паданне пра тое, што раз на год усе дванаццаць месяцаў збіраюцца разам.

Добрую навагоднюю казку ўвасобіў на коласаўскай сцэне рэжысёр-пастаноўшчык Андрэй Жыгур, ён жа і аўтар сцэнаграфіі. Касцюмы прыдумала галоўны мастак тэатра Святлана Макаранка. Музыку да спектакля напісаў Міхаіл Рудак. Пластыку і харэаграфію ўвасобіла Дзіяна Юрчанка.

 

Рэжысёр вельмі дакладна раскрыў думку пра тое, што чалавек і прырода павінны жыць у згодзе, у гармоніі, сябраваць паміж сабой. Калі ў чалавека добрае сэрца, то ён не будзе ўмешвацца ў прыроду, шкодзіць ёй. Калі чалавек добры, то прырода ўзнагародзіць яго. Калі ж чалавек злы, то дапамогі ён не дачакаецца. Як кажуць, што аддаеш, то і атрымаеш. Дзяўчынка-падчарка нікому не хацела зла. Знайсці ўзімку падснежнікі – гэта было зусім не яе жаданне. І прырода дапамагла ёй. З мачахай і дачкой браты-месяцы паступілі па-іншаму. З імі здарылася тое, што яны хацелі зрабіць з дзяўчынкай-падчаркай – яны замерзлі ў лесе і толькі добрае сэрца дзяўчыны ўратавала іх.

Цікава назіраць у пралогу, як летнія месяцы, але ўжо ў абліччы звычайных вясковых хлопцаў бегаюць за падчаркай, быццам заляцаюцца да яе. Гэта быццам падрыхтоўвае далейшую іх сустрэчу на паляне, ля вогнішча.

 

У спектаклі большасць вобразаў увасабляюць два выканаўцы. Зрэшты, кожны з іх не мяняе рэжысёрскую зададзенасць малюнку і ідэі спектакля, а праз свой вобраз раскрывае яе. Вельмі сакавітая Мачаха ў выкананні вядучых майстроў сцэны Раісы Грыбовіч і Валянціны Багданавай. Відаць, дзякуючы харэографу яны знайшлі сваю пацешную пластыку, дадаўшы да яе і некаторыя забаўныя танцавальныя рухі.

 

Ролю самаўлюбёнай, абмежаванай, ганарыстай, жорсткай Дачкі Мачахі выканала Вікторыя Шамардзіна. Гэтаму вобразу ўласцівыя кідкія, гратэскавыя фарбы. У тандэме са сваімі сцэнічнымі партнёркамі яны ствараюць цудоўны тандэм.

 

Шэраг адмоўных персанажаў дапаўняюць вобразы дэспатычнай, капрызлівай Прынцэсы, якую сыгралі на розных паказах спектакля Паліна Крашэўская і Алёна Чыстабаева, Старэйшай (Ульяна Ацясава і Наталля Аладка) і Маладой фрэйліны (Алена Шарэпчанка), Генерала (Юрась Цвірка і Міхаіл Асанаў).

 

 

Калі вобразу Старэйшай фрэйліны пэўную адметнасць надае найперш знешняя характарнасць – нямецкі акцэнт і вытанчанасць, то выканаўца ролі Маладой фрэйліны больш працуе на стварэнне характару свайго персанажа, спалучаючы ў ім даволі супярэчлівыя рысы – наравістасць і зашуганасць, языкатасць і пакорлівасць.

 

Сярод станоўчых персанажаў спектакля найперш хочацца вылучыць вобраз Падчаркі. Яго стварылі дзве актрысы – Тамара Краснабаева-Чарняк і Таццяна Рогат. Яны робяць акцэнт на яе ўнутранай прыгажосці, дабрыні, шчырасці, чалавечнасці, сціпласці, працавітасці, якія дазваляюць ёй жыць у гармоніі з прыродай. Пакорлівасць і слабахарактарнасць уласцівыя Бацьку Падчаркі, вобраз якога стварыў вядучы майстар сцэны Пятро Ламан. Іншым разам у яго голасе пачынаюць гучаць ноткі пратэсту, супраціву, але занадта кволыя, каб супрацьстаяць уладарнай жанчыне і яе дачцы, якіх ён, не падумаўшы, прывёў у свой дом.

 

Вельмі пяшчотным, з вялікай, адкрытай душой паўстае ў спектаклі Красавік у выкананні Аляксея Анісені. Знаходзяць цікавыя фарбы для сваіх вобразаў заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка (Студзень), Вячаслаў Грушоў (Снежань), артыст Антон Бараноўскі (Люты).

 

Рэжысёру ўдалося стварыць у сваім сцэнічным творы добры акцёрскі ансамбль. Як сцэнограф Андрэй Жыгур выкарыстоўвае багатую і яскравую вонкавую форму. Мы бачым дзівоснай прыгажосці бялюткі зімовы лес, над якім быццам павісла жоўтая поўня. Ён ахоплівае большую частку сцэнічнай прасторы. У цэнтры - паляна, якая змяняе колер у залежнасці ад змены поры года, пасярод яе ўзнікае вогнішча. Менавіта сцэны ў лесе з’яўляюцца ідэйна-сэнсавым і сюжэтным цэнтрам спектакля. Менавіта праз іх даносіцца думка пра хараство прыроды і неабходнасці жыць у еднасці і гармоніі з ёй. Падчас прэм’ерных спектакляў глядзельная зала апладзіравала менавіта сцэнаграфіі. На першым плане адбываюцца толькі сямейныя сцэны ў доме і эпізоды ў палацы.

 

Пасля кожнага з паказаў спектакля «Дванаццаць месяцаў» гледачоў яшчэ чакае прадстаўленне каля навагодняй ёлкі. …Усе лясныя жыхары чакаюць прыходу Дзеда Мароза (Міхаіл Асанаў, Юрась Цвірка) і Снягуркі (Ксенія Камінская, Дар’я Французава), але Баба Яга (Анжаліка Баркоўская) і Кікімара (Ніна Обухава) вырашылі яго зачараваць, а пазней прывесці на свята і такім чынам стаць гераінямі, ганаровымі гасцямі на навагодняй ёлцы. Але ў іх гэта не атрымліваецца. Самім юным гледачам удаецца з дапамогай кемлівага Зайца, сімвала 2023-га года (Цімур Жусупаў, Дзмітрый Каваленка), Лісіцы-сястрыцы (Паліна Крашэўская, Святлана Сухадолава) і казачніцы Дар’і (Зінаіда Гурбо) зняць чары з Дзеда Мароза.

 

Апрача цікавай інтрыгі, дзецям і іх бацькам будзе прапанавана шмат гульняў, песень, танцаў на навагодняй дыскатэцы, у якой прымуць удзел усе героі навагодняга прадстаўлення. А заўзятарам сэлфі пашчасціць сфатаграфавацца разам з Дзедам Марозам і Снягуркай.

Квіткі на прэм'ерныя паказы спектакля «Дванаццаць месяцаў» і навагодняга прадстаўлення
можна набыць у касе тэатра і на сайце kvitki.by.
Паказы адбудуцца 28, 29 і 30 снежня 2022 года (18:00),
6 студзеня 2023 года (17:00) і 8 студзеня 2023 года (11:00 і 14:00).

Добавить комментарий

Положение
CAPTCHA
Этот вопрос нужен что бы определить что вы не робот и придотвратить рассылку спама.

 

АЦАНІЦЕ РАБОТУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ДРАМАТЫЧНАГА ТЭАТРА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА
НА ПАРТАЛЕ
РЭЙТЫНГАВАЙ АЦЭНКІ ЯКАСЦІ АКАЗАННЯ ПАСЛУГ І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАЦЭДУР
АРГАНІЗАЦЫЯМІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ З ДАПАМОГАЙ QR-КОДА

  

КОЛАСАЎСКІ ТЭАТР У САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

          

ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ

 

           

                    

                    

              

 

 

X